Вясны ў сваім жыцці нявольніка не дачакаўся…

Барыс Мікуліч — адзін з найменш прачытаных беларускіх творцаў, адзін з самых адораных — і не раскрытых, не ўвасобленых у тэкстах. Ён — адзін з самых стыльных, рытмічных празаікаў. Барыс Мікуліч пражыў 42 гады, з якіх 15 — самых вызначальных — прайшлі ў няволі.

к

к


Барыс Міхайлавіч Мікуліч нарадзіўся яшчэ ў «старым» стылі — 6 жніўня 1912 года — і ўвайшоў у літаратуру падлеткам: са жніўня 1927-га ўжо друкаваўся ў часопісе «Маладняк». Апублікаваў сем кніг, сотні рэцэнзій, артыкулаў, нарысаў, агля́даў. Прыехаў з Бабруйска (на той час акруговага) у сталіцу, заваяваў літаратурны і дзявочы Менск і ў 24 гады быў арыштаваны, беспадстаўна абвінавачаны ў «шпіянажы на карысць Польшчы», «у выданні контррэвалюцыйнай літаратуры» ды кінуты ў турму. Вярхоўны суд вынес маладому літаратару вырак: 10 гадоў ГУЛАГу.
І былі турмы, этапы, рабская праца ў Новасібірскай вобласці, у Краснаярскім краі. А пасля вызвалення ў 1946 годзе — забарона жыць у сталіцах савецкіх рэспублік…
Барыс Мікуліч — адзін з найменш прачытаных беларускіх творцаў, адзін з самых адораных — і не раскрытых, не ўвасобленых у тэкстах. Ён — адзін з самых стыльных, рытмічных празаікаў. Празаікаў, які б мог яшчэ задоўга да Уладзіміра Караткевіча ўвекавечыць у гістарычным рамане постаць Кастуся Каліноўскага. У часы, калі Максім Багдановіч быў «буржуазным», Барыс Мікуліч пісаў пра яго раман, а першакрынічныя звесткі атрымліваў ад Змітрака Бядулі, з якім побач жыў і з сям’ёй якога сябраваў…

Барыс Мікуліч, Васіль Вітка, Яўхім Кохан. Слуцк, 1929 г.

Барыс Мікуліч, Васіль Вітка, Яўхім Кохан. Слуцк, 1929 г.

Умець, але не мець магчымасці зрабіць — гэта горш за катаргу ГУЛАГу. Гэта — катарга душэўная. Пасля вайны ў літаратуру прыходзяць дзясяткі маладых, а яму — «вызваленаму» — не дазваляюць друкавацца. Барыс Мікуліч перапісваецца з даўно знаёмымі Лыньковым і Броўкам, дасылае ім свае рукапісы, чакае адказу — і атрымлівае: «Рэч вартая, але ж за Вамі цягнецца “шлейф”»…
Пісьменнік апантана дамагаецца рэабілітацыі. Аднак і «апраўданага» яго не друкуюць.
За няпоўныя чатыры гады адноснай свабоды Барыс Мікуліч піша аповесці «Цяжкая гадзіна», «Развітанне», «Палеская аповесць», «Вецер на світанні», першую кнігу рамана пра часы Напалеонаўскай вайны «Адвечнае». Гэтая проза — лепшае з напісанага беларускімі аўтарамі ў першыя пасляваенныя гады.
У той жа час (з 1946 па 1949-ы) Барыс Мікуліч стварае адметную кнігу-дзённік — «Аповесць для сябе», якая з’яўляецца найбольш вартасным і адметным ягоным творам. Гэта — і аўтарская споведзь, і ягоныя думкі пра чалавечы лёс у таталітарнай дзяржаве, і трапныя (сучасныя!) характарыстыкі многіх пісьменнікаў ды тагачаснага грамадска-літаратурнага жыцця, кранальныя самарэфлексіі ды каларытныя ўспаміны пра Змітрака Бядулю, Янку Купалу, Барыса Пастэрнака, Міхася Лынькова.
«Я сведка і поўнага агалення чалавечай душы і ператварэння цывілізаванага чалавека ў «голага звера», сведка дзіўных эвалюцый — і ў адзін, і ў другі бок. Яркіх індывідуальнасцяў, па сутнасці, атрымалася мала, але для мастака было б цікава з асобных рысаў, што належаць розным асобінам, стварыць адзін ці некалькі тыпаў — яны маглі б прынесці славу і Гогалю, і Салтыкову-Шчадрыну, і Дастаеўскаму», — прызнаваўся ён.
Прысуды Барыса Мікуліча прайшлі «праверку часам»: «Што ўбачыў, пачуў і зразумеў я ў Менску і якім ён быў восенню 1930 года? Толькі што прайшла «чыстка» літ. шэрагаў… Так мне ніколі і не ўдалося бачыць і чуць легендарных Дубоўку і Пушчу, але іхняя абаяльнасць адчувалася вельмі моцна. Пачаўся бой па ўсім фронце. І як бывае ў азарце, усё створанае раптам было аб’яўлена крамолай. Паспрабавалі закрэсліць усё мінулае, у тым ліку і Багдановіча, і Цётку, і Багушэвіча. Царавалі Канакоцін, Бэндэ і К… БелАПП — гэта была не толькі арганізацыя, гэта была паласа, «перыяд», вельмі шкодны. Не дзіва было тут закружыцца!».
Характарыстыкі Барыса Мікуліча афарыстычныя і трапныя: «Купала быў поўнай супрацьлегласцю Якубу Коласу, педантычнаму, сухаватаму, дзелавітаму атрутна-пранікнёнаму. Было нешта ў натуры Купалы ад разгульнай польскай шляхты, у той час як Колас — настаўнік, які выбіўся з нізоў, але з тыповай мужыцкай кемлівасцю і хітраватасцю. Купала здзяйсняў тысячы безразважлівасцяў. Колас узвешваў усё, а раз зрабіўшы ацэнку ці выказаўшы думку, — ніколі іх не мяняў і ахоўваў ад «рэвізіі». Купала — само натхненне, маса экспромтаў, усё ў парываннях; Колас — у карпатлівай працы, у «выседжванні», у стараннай прадуманасці, дэталізацыі і, я б сказаў прама, у абачлівасці, асцярожнасці».
Засталіся ў запісах Барыса Мікуліча і прарочыя інтанацыі — у дачыненні да беларускай культуры і сябе. «І так, стаўлю кропку. “Аповесць для сябе”? Не! Я хачу, каб гэты “канспект” аповесці быў для ўсіх, каб яны любілі жыццё і цанілі жыццё і каб не расставаліся з марай!.. Бывайце, мае адзінокія гадзі́ны, пакуты, сумненні. Я пачынаю новае жыццё ці… КАНЕЦ».
Канец быў недалёка: праз тры гады пасля вызвалення Барыса Мікуліча зноў арыштавалі і выслалі ў далёкі Краснаярскі край, у пасёлак Машукоўка — на вечнае пасяленне... Следчы перад этапам будзе здзеквацца: «Сколько заплатил за то, что с тебя сняли судимость?»
«Машуковак такіх — цьма, — пісаў Мікуліч у сваіх лістах. — Урад павінен ведаць, што калі б ліквідавалі гэтыя Машукоўкі, у краіне б наступіла вясна».
Вясны ў сваім жыцці нявольніка Барыс Мікуліч не дачакаўся…
У высылцы ён ажаніўся, нарадзіў сына — і ў 42 гады 17 чэрвеня 1954 года адышоў у нябыт. Адышоў — яшчэ на доўгія дзесяцігоддзі.
«Прыгодніцкі» не толькі лёс пісьменніка, але — і ягоных твораў. Дзённік Барыса Мікуліча — «Аповесць для сябе» — дзіўным чынам вызваліў са спратаў КДБ калега-пісьменнік Сяргей Грахоўскі, — з нечаканай дапамогай тагачаснага начальніка беларускай Школы КДБ. У 1970 годзе «Аповесць для сябе» збіраўся апублікаваць макаёнкаўскі «Нёман». Было расчытана і перадрукавана блізу ста машынапісных старонак, якія неўзабаве «супрацоўнікі ў штацкім» канфіскавалі разам з рукапісам. Публікацыі — творчага ўваскрашэння — Барыса Мікуліча не адбылося. Толькі ў 1987-м «Нёман» апублікаваў першую частку «Аповесці для сябе», другую ж — больш чым праз год.
…Ягонае цела засталося на абшарах краснаярскай тайгі.
«Мне часта з суровай і заветнай сібірскай далечы чуецца пранікнёны голас Барыса Мікуліча, — прызнаваўся ў пасляслоўі да публікацыі «Аповесці для сябе» Сяргей Грахоўскі. — Там пад крышталёвым саркафагам у вечнай мерзлаце — яго адзінокая магіла і жыве добрая памяць удзячных яму людзей».

barys_mikulicz_1.jpg


Памяць пра беларускага творцу і добрага чалавека і да сёння жыве ў Краснаярскім краі. Школьнікі Машукоўкі, сярод якіх нямала нашчадкаў колішніх сталінскіх зэкаў, даглядаюць магілу Барыса Мікуліча, збіраюць звесткі пра яго ў школьны краязнаўчы музей, вялі перапіску з Саюзам беларускіх пісьменнікаў, членам якога Барыс Мікуліч быў ад самага заснавання — з 1934 года. Мясцовыя газеты друкуюць матэрыялы пра яго. А настаўнік Машукоўскай школы Міхаіл Захарцоў на пачатку 2000-х даслаў у Саюз беларускіх пісьменнікаў шмат невядомых у Беларусі звестак пра выгнанніцкі перыяд у жыцці пісьменніка. Сярод іншага — успаміны сястры Марыі Міхайлаўны Мікуліч і жонкі Марыі Іванаўны Смеляковай (Глушковай), з якой лёс звёў празаіка ў Машукоўцы. Вось як аб тым згадвала сама Марыя Іванаўна:
«...Этап зняволеных у ботах, а сярод іх — інтэлігентны чалавек у чаравіках, у лёгкім паліто ды капелюшы. А вакол — гразь, гразь... Праз некалькі дзён ён зайшоў у школу, дзе я працавала настаўніцай, і папрасіў паперы, каб пісаць...»
Марыя Іванаўна сама была ссыльнай. Яе бацькоў раскулачылі ды вывезлі з Беларусі ў Сібір. Першы муж дзеля партыйнай кар’еры кінуў яе з малым сынам. У гэты ж час Марыю Іванаўну перавялі ў іншую школу, за сто сорак кіламетраў, а дарогі туды не існавала — дабрацца можна было толькі пешшу.
«Сяджу я з маленькім сынам на ганку і пла́чу, — успамінала яна. — І тут падышоў да мяне Барыс Міхайлавіч. Даведаўся і сказаў: я даўно кахаю Вас, але не сказаў бы аб тым, калі б не ваш развод... Цяпер я пайду і скажу, што жаніўся. Вам дадуць куток у бараку...
Так мы сталі мужам і жонкай, хоць нас ніхто не рэгістраваў, такі быў час...

Барыс Мікуліч з жонкай Марыяй  і прыёмным сынам Яўгенам. 1953 год

Барыс Мікуліч з жонкай Марыяй і прыёмным сынам Яўгенам. 1953 год

Барыс пачаў будаваць свой дом, першы з ссыльных... Ведаючы пра нездароўе свайго таварыша, пасля працы ўсе ссыльныя ішлі да нашай будоўлі, і кожны хацеў хоць нечым дапамагчы... Неўзабаве перайшлі ў новае жытло. Мы былі шчаслівыя, але здароўе Барыса Міхайлавіча (у яго была язва страўніка, набытая ў канскіх лагерах) стала псавацца. Давялося рабіць аперацыю. Аперыраваў яго адзін з ссыльных дактароў Наймушчанка з Ленінграда. Праз слабое сэрца аперацыю рабілі без наркозу. Чатыры з гакам гадзіны доўжыліся пакуты. Вы́разалі язву і палову страўніка. Ад болю Барыс працёр руку аб кант стала... Дома я карміла яго з лыжкі, пакуль не распрацаваўся страўнік.
Трэба было неяк жыць, і я ўладкавалася на шклозавод. Барыс шмат працаваў па хаце. Увесь час нешта пісаў, затым рваў і зноў пісаў... Ён марыў сустрэцца са сваёй любай радзімай. А як шмат і добра расказваў мне пра Беларусь! Казаў: “Я столькі перажыў, Маша! Адзінае, чаго хачу цяпер — рэабілітацыі”. Я паказаў бы табе маю Беларусь...
Рабіў накіды свайго новага рамана... Збіраўся расказаць пра перажытае, пра знявагі і прыніжэнні, перажытыя за гады выгнання...».
42 гады пражыў Барыс Мікуліч, з якіх 15 — самых вызначальных — прайшлі ў няволі... Апошнія — ва ўжо згаданай Машукоўцы Матыгінскага раёна, размешчанай на поўначы Краснаярскага краю ля аднаго з ніжніх прытокаў Ангары. Тэрыторыя раёна — 19 тысячаў квадратных кіламетраў. Да Краснаярска — 522 кіламетры...Машукоўка была адроджаная ў 20-я гады мінулага стагоддзя з дапамогай ссыльных паязджан, якія напачатку мусілі капаць там зямлянкі. Да прыходу «рускіх» у мясцовасці жылі плямёны эвенкаў (тунгусаў). А падчас «сталінскага раю» сярод тысячаў ссыльных жылі тут і вядомыя пісьменнікі, геолагі, настаўнікі, партыйцы. Жылі і паміралі...
«Вечарам (16 чэрвеня 1954 г. А.П.) ён доўга чытаў кнігу, — пакінула свае згадкі пра апошнія гадзіны жыцця Барыса Мікуліча яго жонка Марыя Іванаўна. — Цяпер ужо і не памятаю, якую. Кладучыся спаць, спытала: “Ну і што там у канцы?”. Ён адказаў: “Яна памерла”. А раніцай, збіраючыся на працу (быў дыспетчарам у канторы леспрамгасу. — А.П.), сказаў: “Бачыў жахлівы сон”. Апавядаць не стаў, ведаючы мой турботлівы характар.
Напрыканцы вёскі ў маленькай хатцы — дыспетчарскай — ён выпісваў пуцёўкі, выпускаў машыны на лінію. Кажуць, пры запаўненні чарговай пуцёўкі ён бяссільна схіліў галаву на стол. Калі вакольныя апамяталіся, ён быў ужо мёртвым».
У апошні шлях пісьменніка праводзіла ўся вёска. Мясцовы шпалазавод спыніў працу. Адзін з выступоўцаў-таварышаў сказаў над магілаю Мікуліча: «Спі спакойна, наш любімы Барыс Міхайлавіч. Прыйдзе час, калі твой прах з гонарам прывязуць на радзіму».
Праз тры месяцы пасля пахавання прыйшла навіна аб рэабілітацыі выгнанца-пісьменніка. А вось ці рэабілітаваны ён у нацыянальнай памяці? Ці могуць быць сведкамі таго нешматлікія выдадзеныя кнігі Мікуліча (запланаваны да выхаду яшчэ ў 1992 годзе трохтомнік так і не выйшаў)?
Застаюцца спадзяванні, што ягоны прах — як і парэшткі знішчаных на этапах Сібіры выдатных паэтаў Уладзіміра Жылкі, Уладзіміра Хадыкі ды дзясяткаў іншых класікаў нашай літаратуры — вернецца ўрэшце на Беларусь, дзе знойдзе свой супакой у нацыянальным Пантэоне.
Бо ўсе яны пісалі і жылі — усё ж — не для сябе…
…З аднаго боку Машукоўскіх могілак — густы лес, з другога — узлётна-пасадачная паласа. І амаль заўсёды там пануе цішыня. Толькі раз на дзень прылятае туды нястомны АН-2 — даставіць ці забраць пасажыраў і пошту.