Палітзняволенага лекара Аляксандра Цялегу будуць судзіць па новай крымінальнай справе за каментары
Пра новы суд над палітвязнем паведамляюць праваабаронцы. Нагодай для новага палітычнага пераследу зноў сталі каментары ў сеціве.
Аляксандр Цялега — лекар-неўролаг. Працаваў у расійскім Нарыльску, а вясной мінулага года прыехаў у родны Барысаў у
адпачынак, дзе і быў затрыманы.
У выніку яго асудзілі да чатырох гадоў калоніі за 32 каментары ў дачыненні да чыноўнікаў, сілавікоў і
суддзяў. Аляксандр растлумачыў, што ён валанцёрыў пад Акрэсціна, таму яго
перапаўнялі эмоцыі, і ён так шмат каментаваў. Адбываць тэрмін Цялегу накіравалі
ў бабруйскую калонію, дзе на яго аказваўся ціск.
Цяпер праваабаронцам стала вядома, што 1 лістапада над
палітвязнем адбудзецца новы працэс у судзе Пухавіцкага раёна. Яго будуць зноў
судзіць за старыя каментары паводле арт. 369 («Абраза прадстаўніка ўлады») і ч. 1
арт. 366 («Пагроза гвалтам у адносінах да службовай асобы»). Справу прызначана
разглядаць суддзя Вольга Бабук.
️Цяпер лекара зноў можна падтрымаць грашовымі пераводамі і пасылкамі, а таксама лістамі: Следчая турма № 8, 222163, Жодзіна, Савецкая, 22А, Аляксандр Анатольевіч Цялега.