Вольга Івашына: На Дзяніса ціснулі намёкамі, што я не буду чакаць яго 15 гадоў

Палітзняволены журналіст «Новага Часу» Дзяніс Івашын ужо другі дзень народзінаў сустракае за кратамі. Сёння, 6 чэрвеня, Дзянісу спаўняецца 43 гады. Мы папрасілі яго блізкіх расказаць, як змяніў Дзяніса час зняволення.  

Фота з фэйсбука Вольгі Івашынай

Фота з фэйсбука Вольгі Івашынай

— Маці Дзяніса Людміла Івашына-Добіна лічыць, што Дзяніс за час зняволення стаўся больш мужным і нават жорсткім. Ні з тым, ні з іншым я пагадзіцца не магу, — адзначае Вольга Івашына, жонка палітвязня. — Дзяніс і да ўвязнення быў дастаткова мужным, магчыма, дадалося болей самастойнасці праз вымушаныя побытавыя складанасці перабывання ў замкнёнай прасторы з не залежнымі ад яго людзьмі, некаторыя з якіх яшчэ і патрабуюць выканання нейкіх правілаў. А вось жорсткасці ў ім не дадалося ні на грам. Сапраўды, у першыя месяцы палону Дзяніс, як і кожны, мяркуючы па сабе і ў спадзеве на наяўнасць адэкватнасці з таго боку, спрабаваў убачыць у саманазваных ворагах штосьці падобнае на чалавечнасць. Аднак, даволі хутка ўсвядоміўшы ступень іх маральна-этычнага падзення, падступнасці й нахабнай самаўпэўненасці, ён палічыў, што адзіны слушны крок у дадзеным выпадку — закрыцца ад небяспекі і самазахавацца да Перамогі.
Напачатку Дзяніс вельмі хваляваўся, не ведаючы, якой будзе мая рэакцыя на арышт і магчымы тэрмін зняволення, тым больш, калі на гарызонце замаячыў тэрмін з паралельнай рэчаіснасці ў 15 гадоў (па ч. 1 арт. 356 КК (здрада дзяржаве) — НЧ). А тыя, хто з яго спрабавалі выбіць «прызнанне» ў іх выдумках, яшчэ і псіхалагічна ціснулі намёкамі пра тое, што я яго столькі чакаць не буду, кіну й забудуся на яго імя. Дарэмныя былі запалохванні, канешне, таму ўрэшце Дзяніс цалкам супакоіўся і павярнуўся да свайго заўсёднага рацыянальнага аптымізму.
Як я раней ужо казала, за кратамі Дзяніс перажыў сапраўднае навяртанне, непасрэдна сустрэў Госпада, што мяне бязмерна цешыць. Цяпер гэтая моцная вера дапамагае яму трываць цяжкое выпрабаванне, нават нягледзячы на бесперапынныя перашкоды ў малітвах, выкарыстанні рэлігійных атрыбутаў (ружанец у яго забіралі двойчы, малітоўнік перадалі толькі пасля нагадвання пра канстытуцыйныя правы, а Евангелле па-беларуску, замоўленае для яго праз інтэрнэт, не прынялі ў турме), у сустрэчах са святаром (ніводнага разу на яго шматлікія заявы не было станоўчага адказу).
Да палону Дзяніс быў вельмі актыўным, заўсёды нечым зацята занятым, таму цяпер яму, відавочна, не хапае гэтай рухавасці за кратамі. Але ён стараецца не марнаваць час, самаадукуецца, шмат чытае, аналізуе інфармацыю, робіць прагнозы на прышласць. Не забываецца і на фізічную актыўнасць, каб падтрымліваць сваё здароўе. За час зняволення ён яшчэ болей схуднеў, але сцвярджае, што яму так нават лепей.
Дзяніс яшчэ да ўвязнення быў досыць загартаваным фізічна падчас Рэвалюцыі Годнасці, таму ў вязніцы ён хіба толькі замацаваў набытыя навыкі, яшчэ лепей навучыўся арганізоўваць побыт у спартанскіх умовах. А вось што дакладна адбылося за гэты час, дык гэта пераацэнка і пераасэнсаванне каштоўнасцяў, змена прыярытэтаў.
Дзяніс па-ранейшаму ёсць самаахвярным патрыётам Беларусі, але цяпер гэтая ахвярнасць для яго праглядаецца праз прызму ўласнае сям'і і яе дабрабыту ва ўсіх сэнсах.
Сам Дзяніс сцвярджае, што за гэты год і за ўвесь час палону ён па-сапраўднаму загартаваўся, пашырыў свой жыццёвы досвед (у турме Дзяніс сустрэў прыкладна 80 абсалютна розных, далёкіх ад звычайных для яго колаў стасункаў чалавек) — так бы мовіць, падвысіў свой экспірыенс. Апроч таго, Дзяніс загартаваўся духоўна, упэўнены ў Перамозе, аптымістычна глядзіць у прышласць. У яго значна павялічылася духоўная практыка, ён стаўся бліжэй да Бога, стаўся практыкуючым вернікам. Што асабліва прыемна для мяне, Дзяніс кажа, што кахае мяне яшчэ мацней, што мая каштоўнасць для яго яшчэ больш узрасла. Ён гатовы ахвяраваць сабою дзеля краіны, таму што Беларусь павінна быць вольнай ад цемрашальства, бесчалавечнасці. Гэта яго свядомы выбар, і Дзяніс будзе верным яму да канца, з Божай дапамогай. Пераконваецца ў сваіх аналітычных высновах, працягвае аналітычную дзейнасць, беручы звесткі з усіх дасяжных для яго крыніцаў.
А мы яму зычым да Дня народзінаў і наогул, канешне, хутчэйшага вызвалення, каб прачнуўся ў адзін цудоўны дзень свабодным у вольнай краіне! Хай застаецца самім сабой, не губляе веры і аптымізму! А сямейнага дабрабыту мы з ім даможамся разам!
«Новы Час» далучаецца да віншаванняў свайму калегу, спадзяемся як мага хутчэй сустрэцца на волі!Павіншуйце Дзяніса Івашына: Турма № 1. 230023, г. Гродна, вул. Кірава, 1. Івашыну Дзянісу Яўгенавічу.