Нашаніўцаў-палітвязняў Ягора Марціновіча і Андрэя Скурко накіравалі ў калоніі
Палітвязняў Ягора Марціновіча і Андрэя Скурко накіравалі ў розныя калоніі — у Магілёў і Бабруйск.
20 траўня Мінгарсуд пакінуў прысуды Ягору Марціновічу і Андрэю Скурко без зменаў. Сёння стала вядома, што Марціновіча накіравалі ў бабруйскую калонію № 2, а Скурко — у магілёўскую калонію № 15, паведамляюць праваабаронцы.
Нагадаем, 15 сакавіка суд Заводскага раёна Мінска прысудзіў галоўнаму рэдактару «Н*шай нівы» і кіраўніку аддзелу маркетынгу і рэкламы па два з паловай гады калоніі.
Іх абвінавацілі ў «нанясенні маёмаснай шкоды без прыкмет крадзяжу, учыненае групай асоб па папярэдняй змове, у буйным памеры» (ч. 2 арт. 216 КК). За кратамі іх утрымліваюць ужо амаль 10 месяцаў. Першапачаткова шкоду ім налічылі ў памеры 3500 рублёў. Потым гэтая сума вырасла да 10 тысяч.
Палітвязні пагасілі шкоду да суда, «Мінскводаканал» і «Мінскэнерга» адклікалі іскі.