Вольная птушка ў хмарным небе беларускай паэзіі: Яўгенія Янішчыц
Сёння дзень народзінаў Яўгеніі Янішчыц — адной з самых вядомых, самых лірычных беларускіх паэтак. На яе долю выпала так шмат, што аднойчы гэтая карыятыда проста стамілася распраўляць плечы.
Яўгенія Янішчыц нарадзілася ў вёсцы Рудка Пінскага раёна ў простай сялянскай сям’і. Атрымала педагагічную адукацыю: скончыла аддзяленне беларускай мовы і літаратуры БДУ. Працавала загадчыцай бібліятэкі ЦК ЛКСМБ. Некаторы час жыла ў Чэхаславакіі, пасля вярнулася на Радзіму, займалася творчай працай. З 1976 года яна была літкансультанткай «Сельскай газеты», а з 1983 года загадвала аддзелам паэзіі часопіса «Маладосць». Займалася яна і грамадскай дзейнасцю, у 1981 годзе ўдзельнічала ў якасці дэлегата ў рабоце XXXVI сесіі Генеральнай асамблеі ААН.
Друкавацца Яўгенія Янішчыц пачала ў пінскай раённай газеце яшчэ вучаніцай Парэцкай сярэдняй школы. Свае вершы будучая паэтка падпісвала псеўданімамі Ж. Заметкіна, Е. Іосіфава, а першы паэтычны зборнік убачыў свет у 1970-м, падчас вучобы аўтаркі на філфаку. Яшчэ студэнткай яна ўвайшла ў Саюз пісьменнікаў. Ёй прадракалі вялікую будучыню ў літаратуры Ніл Гілевіч і Генадзь Бураўкін, але... «Палеская ластаўка», як яе называлі класікі, пакінула за сваё імгненнае жыццё вялікую паэтычную спадчыну для Беларусі і стала адным з сімвалаў Палесся. Паэтка актыўна стварала. Друкавалася ў вядучых беларускіх літаратурных выданнях і па-за межамі краіны. Адзін за адным выходзілі яе зборнікі вершаў: «Снежныя грамніцы» (1970), «Дзень вечаровы» (1974), «Ясельда» (1978), «На беразе пляча» (1980), «Пара любові і жалю» (1983), «Каліна зімы» (1987). За кнігу «Пара любові і жалю» яна атрымала Дзяржаўную прэмію БССР імя Янкі Купалы. А ў 1988 годзе, перад самай смерцю паэткі, свет пабачыў зборнік выбраных твораў «У шуме жытняга святла».
Яўгенія Янішчыц не толькі сама стварала паэзію, але і дапамагала іншым увайсці ў свет слова. Напрыклад, Сяргей Чыгрын, які яшчэ юнаком ліставаўся з вядомай паэткай, так згадвае момант, калі нарэшце, пасля доўгіх спроб, рэдагавання і выспявання тэкстаў, Янішчыц апублікавала яго творы: «Не прайшло і месяца, як у "Сельскай газеце" з’явілася падборка маіх вершаў з фотаздымкам і ўступным словам Яўгеніі Янішчыц. Я не буду хваліцца тымі цёплымі радкамі, якія пра мяне напісала паэтка. Скажу толькі, што да сённяшніх дзён я ведаю іх на памяць. І газету тую берагу, як самую дарагую рэч. І калі чытаю-перачытваю яе, слёзы самыя з’яўляюцца на вейках: ці то ад радасці, ці то ад суму, ці то ад болю».
«Палескую ластаўку» заўсёды згадваюць так — з вялікім жалем і вялікай любоўю. Ва ўспамінах яе сяброў і знаёмых часта можна прачытаць, якой датклівай яна была, як ранілі яе самыя звычайныя рэчы. Напрыклад, Васіль Дранько-Майсюк на старонках «Свабоды» прыводзіць такія цытаты з архіваў: «Аляксей Дудараў згадваў: "Яна вельмі балюча ўсё ўспрымала, нават дробязі. Магла плакаць з прычыны, што нейкі пісьменьнік не павітаўся". Маці Марыя Андрэеўна дадавала: "Жэня вельмі ранімая. Магла з-за "двойкі" праплакаць цэлы дзень"».
На яе долю выпала шмат выпрабаванняў — такіх, якія не кожнаму пад сілу вынесці: аварыя, пасля якой паэтка была прыкутая да ложка; развод з каханым чалавекам, без якога жыццё губляла фарбы; хвароба адзінага сына, якога Янішчыц расціла адна; час, які быў ёй занадта цесны... Яна трывала, наколькі хапала сіл. Але часам бывае так, што сілы заканчваюцца. «Заўчаснай смерцю» называюць выбар паэткі паставіць апошнюю кропку ва ўласным вершы.
«Часам даводзіцца чуць ці чытаць і такую версію: не самагубства, а трагічная неасцярожнасць, няшчасны выпадак. Маўляў, Янішчыц вывешвала за акно сушыцца вымытую бялізну – і праз няўважлівасць… — піша Андрэй Хадановіч на «Будзьме». — Я тады згадваю самы магічны эпізод у самым магічным рамане Маркеса "Сто гадоў адзіноты". Вецер падхоплівае просціны, якія трымае ў руках юная гераіня, Рэмедыяс Прыўкрасная, і яна — разам з просцінамі — проста ўзносіцца ў неба. Нават быў сабраўся працытаваць колькі радочкаў, а потым падумаў, што з паэткай — якая зведала не толькі доўгія гады самоты, але і тое, на што былі няздольныя героі Маркеса, бо ўмела кахаць, — з паэткай усё было крыху не так.
Яна проста намацала нагамі сваю колішнюю палескую кладку. Тую самую, якой праспявала оду ў кнізе "На беразе пляча". З якой некалі ўляцела проста ў беларускую паэзію. Кладку, што, паводле ейных слоў, не раз уздымала яе да нябёс. Магчыма, па ёй ішла — ды што там "ішла", бегла! — не саракагадовая жанчына, а юная дзяўчынка. Прыгожая і простая, як рыфма "аблачынка". Лёгкая, як матылькі Нерваля, Багдановіча і Барадуліна. Непрыручаная птушка на беразе пляча… Так, я ведаю, што Нерваля там найхутчэй не было. Кладкі таксама не было. Але дзяўчынка магла па ёй бегчы. Проста "да нябёс", бо аднойчы гэты цуд з ёй ужо здараўся. Бо немагчыма — нізка. Бо інакш — немагчыма».
Мова
Чую тваю жаўруковую музыку
Ў скошаных травах мурожных,
Мова! Як сонца маё
беларускае,
Ты свецішся словам кожным.
Цябе і заворвалі, і закопвалі.
I ўсё ж нашы продкі праз гора
Данеслі да нас цябе,
родную, цёплую,
Жывую і непаўторную.
I калі ты мяне толькі паклічаш,
Памру за цябе без енку.
Нашу я любоў да цябе
вялікую
У сэрцы сваім маленькім.
Ноччу
Чацвёртая.
На вуліцы мароз.
А на акне успыхваюць ляўкоі.
Чаму шкадней
ад самых першых слёз
Дзіця маё святлеецца ў пакоі?
Мы з ім, як на ляшчыне спарышы,
Мне ёсць каля каго ў мароз сагрэцца.
І не гадзіннік цінькае ў цішы,
А трапяткое сынавае сэрца.
Якая я
Не адыходзь! Цябе так многа
Між зор, між сноў, між лугаўя.
Над горкай памяццю былога
Якая я, якая я?
Застынь, каб мне хоць раз вярнуцца
Да вуснаў, нібы ручая.
Між дзікіх ягад і настурцый —
Якая я, якая я?
Хоць прашумі вясёлым ліўнем! —
Хай след падкажа каляя.
Паміж няшчасных і шчаслівых —
Якая я, якая я?
Ні ў поля вольнага, ні ў гаю,
Ні ў зор, ні ў сноў, ні ў лугаўя,
Я ў аднаго цябе спытаю,
Якая я.
* * *
Ты пакліч мяне. Пазаві.
Там заблудзімся ў хмельных травах.
Пачынаецца ўсё з любві,
Нават самая простая ява.
І тады душой не крыві
На дарозе жыцця шырокай.
Пачынаецца ўсё з любві —
Першы поспех і першыя крокі.
Прыручаюцца салаўі,
І змяняюцца краявіды
Пачынаецца ўсё з любві —
Нават ненавісць і агіда...
Ты пакліч мяне. Пазаві.
Сто дарог за маімі плячыма.
Пачынаецца ўсё з любві.
А інакш і жыць немагчыма.