«Акно магчымасцей» беларускай эканомікі: прадпрыемствы, якія працуюць на вайну

Каля сотні прадпрыемстваў у Беларусі абслугоўваюць расійскі ВПК. Цяпер зброю вырабляюць нават тыя, ад каго гэтага быццам і не чакалася.

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Напрыканцы чэрвеня 2024 года ЕС увёў новыя санкцыі ў дачыненні да Расіі і Беларусі. Пад іх, у тым ліку, трапілі «Беларускае оптыка-механічнае аб'яднанне» («БелОМА») і прадпрыемствы, якія ўваходзяць у склад гэтага холдынгу. «БелОМА» — вытворца і пастаўшчык прыцэлаў для войска РФ. Гэта не адзіны завод Беларусі, які трапіў пад заходнія санкцыі праз спрыянне расійскай агрэсіі ва Украіне. У лютым 2024 года ў санкцыйныя спісы былі ўключаны ААТ «Пеленг», 566-ты завод па рамонце радыёэлектроннага ўзбраення, Аршанскі авіярамонтны завод. 

Але беларускіх прадпрыемстваў, якія абслугоўваюць ваенныя заказы Расіі, як паведамляюць беларускія дзяржСМІ, значна больш. Аршанскі «Легмаш», які раней вырабляў абсталяванне для лёгкай прамысловасці, цяпер выпускае кампаненты для расійскай РСЗА «Град». ААТ «Станкагомель» — станкі для прадпрыемстваў расійскага ВПК. Вытворца тэкстылю «Магатэкс» падпісаў пагадненне з чачэнскай кампаніяй «Эрзу» аб пашыве вайсковай формы.

Некаторыя беларускія заводы, што знаходзіліся на мяжы банкруцтва, на фоне заказаў з РФ асвойваюць новыя магутнасці. Больш падрабязна — у матэрыяле «Deutsche Welle».

На расійскую «абаронку» працуюць нават беларускія зняволеныя?

«Вялікая доля ўсяго таго, што зарабляе РБ, — гэта грошы, якія атрыманыя за продаж таго ці іншага абсталявання, вузлоў, механізмаў, узбраення ў Расію», — мяркуе прадстаўнік аб'яднання былых беларускіх сілавікоў «Belpol» Уладзімір Жыгар. «Belpol» выпусціў некалькі расследаванняў, прысвечаных таму, як беларуская прамысловасць і бізнэс зарабляюць на вайне.

У траўні 2024-га выйшла расследаванне пад назвай «Збройны барон», у якім падрабязна расказвалася пра вытворчасць у Беларусі прыцэлаў для танкаў, БТР, гранатамётаў. «Можна сказаць, у вытворчасці аднаго віду прыцэлаў удзельнічае, паводле ўдакладненых ужо даных, больш за 37 кампаній. Калі ж казаць наогул пра вытворчасць чаго-небудзь для Расіі, то цяпер, напэўна, ужо гэта больш за 250 кампаній, вялікіх і малых», — адзначае Жыгар. 


Глядзіце таксама

Суразмоўца падкрэслівае, што гаворка ідзе не толькі пра буйныя прадпрыемствы накшталт «Пеленга» (праектна-канструктарскае прадпрыемства оптыка-электроннай прамысловасці) або ММЗ (Мінскага маторнага завода), але і пра невялікія майстэрні або нават папраўчыя калоніі. Так, паводле даных «Belpol», для вытворчасці танкавых панарамных прыцэлаў выкарыстоўваецца праца зняволеных калоніі №9 (Горкі, Магілёўская вобласць).

Следчыя: «Амкадор» выпускае беспілотнікі

Для абыходу заходніх санкцый і закупкі неабходных камплектуючых, паводле звестак следчых, ствараюцца кампаніі-пракладкі, як беларуска-кітайская кампанія «Shenzhen 5G Hi-Tech Innovation Co. Limited», якая трапіла пад заходнія санкцыі,  або ТАА «Лабараторыя адытыўных тэхналогій», якая займаецца навуковымі даследаваннямі і распрацоўкамі. Паводле звестак «Belpol», праз гэтыя фірмы вырабляліся закупкі некаторых дэталяў для вытворчасці прыцэлаў у Беларусі.

Яшчэ адно расследаванне «Belpol» было прысвечана холдынгу «Амкадор», беларускай машынабудаўнічай кампаніі, якая знаходзіцца пад заходнімі санкцыямі і таксама, паводле звестак ініцыятывы, прыцягваецца да выканання абароннай замовы Расіі. «Мы паказалі канкрэтна, што адно з даччыных прадпрыемстваў, якое ўваходзіць у сістэму кіравання "Амкадор", вырабляе ў інтарэсах войска Расіі сістэму навядзення артылерыйскага агню "Вартавы" і ўдарныя беспілотнікі "Свіслач СВТ". Натуральна, Лукашэнка разумее важнасць гэтага ўзбраення, ён разумее, што гэта цяпер вельмі выгадна», — звяртае ўвагу Уладзімір Жыгар.


Глядзіце таксама

Прадстаўнік «Belpol» таксама кажа, што на прадпрыемствах, уцягнутых у ваенную вытворчасць для РФ, адкрываюцца новыя магутнасці, з'яўляюцца вакансіі і растуць заробкі. «На тым жа "Пеленгу" цяпер заробак ад 4,5 да 9,5 тысяч рублёў (блізу 1300-2700 еўра. — Заўв. рэд.), — прыводзіць прыклад суразмоўца. — Гэтыя прадпрыемствы, натуральна, пачынаюць квітнець, уводзіць новыя магутнасці, уключаюць дадатковыя цэхі, дадатковыя гадзіны, ледзь не ў тры змены людзі працуюць».

Суразмоўца таксама адзначае, што разгалінаваная «з пункту гледжання кампаній-пракладак сетка беларускіх прадпрыемстваў» не дазваляе дакладна ацаніць выгады, якія атрымлівае ад абароннага дзяржзаказу РФ рэжым Лукашэнкі, аднак, паводле яго слоў, толькі на пастаўцы прыцэлаў ён зарабляе «сотні мільёнаў долараў».

Беларускія НПЗ падсілкоўваюць расійскія аэрадромы

У супольнасці беларускіх чыгуначнікаў паведамілі DW, што БЧ цяпер выкарыстоўваецца беларускімі прадпрыемствамі для пастаўкі ў РФ невялікіх партый розных кампанентаў узбраенняў, а таксама авіяпаліва з Мазырскага і Наваполацкага НПЗ. 

Суразмоўцы адзначаюць, што за апошнія два месяцы гэтыя прадпрыемствы выканалі гадавыя аб'ёмы паставак авіяпаліва ў Расію — больш за 40 тысяч тон. Асабліва выраслі пастаўкі з Мазыра. 

Беларускае паліва, паводле звестак супольнасці, «падсілкоўвае» як грамадзянскія аэрапорты, так і вайсковыя базы.

Эканаміст: «Расія — заказчык апошняй надзеі»

З пачаткам поўнамаштабнай вайны эканамічная залежнасць Беларусі ад Расіі стала практычна абсалютнай, мяркуе эканаміст Яраслаў Раманчук. Ён называе Расію «крэдыторам, заказчыкам і інвестарам апошняй надзеі» для Беларусі.


Глядзіце таксама

Эканаміст адзначае рост расійскай эканомікі, а, адпаведна, і беларускай: «Адсюль мы бачым тэмпы росту, хоць я ім і не веру. Сёлета мы маем 5,2% росту ВУП, мы маем устойлівы бюджэт. ВУП Беларусі два гады таму быў 72 млрд. долараў, сёлета — дзесьці 71 млрд. Санкцыі, якія былі ўведзеныя, не аказалі, па сутнасці справы, на рэжым Лукашэнкі істотнага ўплыву».

Гаворачы пра ўцягнутасць і выгаду ад заказаў для расійскага ВПК, эканаміст адзначае, што далёка не ўсім з больш чым тысячы беларускіх прамысловых прадпрыемстваў удалося стаць часткай гэтага «інвестыцыйнага праекта». Паводле яго ацэнак, гаворка можа ісці пра прыкладна сотню буйных вытворчасцей, якія могуць працаваць для «абаронкі», выпускаць камплектуючыя або тавары падвойнага прызначэння і атрымліваць выгаду. «Астатнія па-ранейшаму застаюцца "пастаяннымі просьбітамі бюджэтнай дапамогі"», — кажа Раманчук.