Жыхары Краснадара перакрылі дарогу — так яны пратэстуюць супраць адключэння электраэнергіі

Калапс на поўдні Расіі праз анамальную спякоту працягваецца ўжо некалькі дзён.

Фота з тэлеграм-канала Baza

Фота з тэлеграм-канала Baza

Жыхары Расінскага мікрараёна ў Краснадары перакрылі дарогу, пратэстуючы супраць масавых адключэнняў электрычнасці і водазабеспячэння. Пра гэта паведамляюць рэгіянальныя СМІ.

Людзі скандуюць «Дайце святло!» і просяць уладу звярнуць увагу на тое, што ўжо некалькі сутак шматкватэрныя дамы застаюцца без электрычнасці. На месца прыехала паліцыя. Жыхары скардзяцца, што ў некаторых дамах няма святла па 12-15 гадзін у суткі, а тэмпература паветра пры гэтым дасягае +40.

«З-за безвыходнасці сем’і купляюць газавыя балоны і пліты, што можа прывесці да трагедыі ў шматкватэрным доме! Дамы заселеныя маладымі сем'ямі з маленькімі дзецьмі, пажылымі людзьмі і ёсць інваліды. Людзі з каляскамі не могуць спусціцца або падняцца. Ліфты захрасаюць з людзьмі і дзецьмі, яны потым сядзяць больш за гадзіну ў задусе і цемры, пакуль не прыедуць мантажнікі», — цытуе іх «Асцярожна, навіны».

Людзі скардзяцца, што аб планавых працах кіруючая кампанія іх не папярэджвала. Краснадарэнерга на званкі не адказвае, аварыйная служба не выязджае, піша тэлеграм-канал Baza.


Мэр Краснадара Яўген Навумаў прыйшоў да пратэстоўцаў і заявіў, што адключэнні звязаныя з Растоўскай АЭС, святло адключаюць на загад Мінэнэрга, бо «электрападстанцыі не вытрымліваюць».

«Я адсюль не паеду, пакуль не дадуць электразабеспячэнне. Зараз сядзем з кіруючай кампаніяй, будзем разам з вамі. Хочаце — можаце прыкаваць мяне кайданкамі да слупа», — заявіў чыноўнік.

Праз нейкі час тэлеграм-канал «Астра» і іншыя крыніцы паведамілі, што на месца прытэсты прыбыла падіцыя. Некалькіх удзельнікаў акцыі затрымалі.

Перабоі з электрычнасцю ў Краснадарскім краі ўлады пацвердзілі яшчэ 8 ліпеня і звязалі іх з анамальнай спякотай. Там пачаліся веерныя адключэнні, каб знізіць спажыванне.

Напярэдадні на падобную акцыю пратэсту да будынка энергазабеспячальнай арганізацыі таксама выйшлі жыхары Батайска ў Растоўскай вобласці, адзначае 7x7.

Учора ў частцы рэгіёнаў на поўдні Расіі зноў часова абмежавалі падачу электрычнасці. Абмежаванні ўведзеныя ў Растоўскай вобласці, у анесіраваным Крыме, Стаўрапальскім і Краснадарскім краях, а таксама ў Дагестане, паведамілі ўлады рэгіёнаў у сваіх тэлеграм-каналах.