Чаму нават расійскія інвестары не давяраюць Беларусі?
Сярод краін СНД, у якія інвестуе Расія, Беларусь знаходзіцца толькі на трэцім месцы пасля Казахстана і Узбекістана. Буйныя расійскія кампаніі і зусім ігнаруюць Беларусь. Чаму так адбываецца, высвятляла выданне «Беларусы і рынак».

Праблемы інвестыцый у Беларусь з краін ЕАЭС і СНД прааналізаваў навукова-даследчы эканамічны інстытут Міністэрства эканомікі.
«Прыток інвестыцый з названых краін пакуль не адпавядае інтэнсіўнасці нашага супрацоўніцтва ў гандлёвай і іншых сферах», — гаворыцца ў яго дакладзе.
Агульны аб'ём расійскіх інвестыцый у эканоміку Беларусі ў 2023 годзе склаў 5,1 мільярда долараў. Нягледзячы на тое, што ён вырас на траціну да ўзроўню папярэдняга года, якасныя характарыстыкі гэтых інвестыцый, як падкрэсліў у красавіку гэтага года прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка, пакідаюць жадаць лепшага.
Доля ўдзелу расійскіх інвестараў у капітале — толькі 2% ад усяго аб'ёму прамых інвестыцый з Расіі. А ў структуры прамых замежных інвестыцый (ПЗІ) нарошчваецца доля даўгавых інструментаў і зніжаецца доля рэінвеставання. Расійскія інвестары хочуць працаваць перш за ўсё ў высока маржынальных галінах.
Эканамісты з НДЭІ назвалі некалькі прычын, якія спараджаюць праблему малога аб'ёму і дрэннай якасці расійскіх інвестыцый.
Глядзіце таксама

Расіяне хочуць укладвацца толькі ў сыравіну і інфраструктуру
Ключавымі інвестарамі на прасторы ЕАЭС з'яўляюцца буйныя вертыкальна інтэграваныя расійскія кампаніі: «Газпром», «Лукойл», «НОВАТЭК», «ОК РУСАЛ», Група НМЛК, «Раснафта» і іншыя. Большая частка з іх нацэлена на рэалізацыю інфраструктурных або сыравінных праектаў, якія даюць хуткую аддачу. Спецыялізацыя Беларусі — апрацоўчая прамысловасць, інвестыцыі ў яе не даюць супастаўнай даходнасці.
Таму кіраўніцтва Беларусі просіць Расію ўлічваць не толькі аддачу ад інвестыцый, але і памятаць пра тэхналагічны суверэнітэт і імпартазамяшчэнне. У гэтым плане наша краіна разлічвае на расійскія дзяржкарпарацыі.
Глядзіце таксама

Мала льгот
Прэферэнцыі і льготы для інвестараў у Беларусі саступаюць тым, якія ужываюцца у Расіі, тое ж — з дзяржпадтрымкай інвестыцыйных праектаў. Сярод механізмаў і інструментаў дзяржаўнай падтрымкі ў Расіі лічацца:
- пагадненне аб абароне і заахвочванні капіталаўкладанняў (СЗПК);
- інвеставанне сродкаў Фонду нацыянальнага дабрабыту;
- фабрыка праектнага фінансавання;
- праграма 1704;
- пазыкі фонду развіцця прамысловасці і многія іншыя.
- Усе яны фінансуюцца з бюджэту. Беларусь не валодае аналагічнымі бюджэтнымі рэсурсамі для падтрымкі інвестараў, падкрэсліваюць у НДЭІ.
Глядзіце таксама

Няразвітая інфраструктура
У Беларусі недастаткова энергетычнай і транспартнай інфраструктуры для рэалізацыі інвестыцыйных праектаў. Маюцца складанасці з фінансаваннем будаўніцтва такіх аб'ектаў. Гэта істотна падаражае інвестыцыйныя праекты і падаўжае тэрміны акупнасці інвестыцый.
Вузкі рынак
Ёмістасць беларускага рынку саступае рынкам Расіі, Казахстана, Узбекістана і іншых краін. «Гэта робіць немагчымым без наяўнасці экспарту прадукцыі забяспечыць акупнасць некаторых праектаў, напрыклад, у буйнатанажнай хіміі, металургіі, транспартным машынабудаванні і іншых», — лічаць эксперты Мінэканомікі. А запускаць арыентаваныя на экспарт вытворчасці інвестарам перашкаджаюць санкцыі.
Некаторыя інвестары лічаць немагчымай прыбытковую працу ў Беларусі і «не рашаюцца ажыццяўляць праекты ў нашай краіне з мэтай вытворчасці прадукцыі для экспарту ў трэція краіны ў сувязі з наяўнасцю санкцыйных абмежаванняў», — гаворыцца ў дакладзе.
Глядзіце таксама

Мала прапануем
Адсутнічае партфель дэталёва прапрацаваных праектных прапаноў, якія ўключаюць тэхніка-эканамічнае абаснаванне (ТЭА) і прывязаных да патрэбаў нацыянальнай эканомікі Беларусі, краін ЕАЭС і сусветнага рынку.
Інвестары не давяраюць Беларусі
У пераліку праблем спецыялісты Мінэканомікі забыліся згадаць яшчэ адну, якую расійскі прэм'ер-міністр Міхаіл Мішусцін лічыць ключавой. На красавіцкай сустрэчы з беларускім калегам Раманам Галоўчанкам у адказ на скаргі апошняга з нагоды інвестыцый Мішусцін нагадаў пра нежаданне ўрада Беларусі разлічвацца з расійскімі інвестарамі па аблігацыях.
«Вялікая колькасць расіян — прамыслоўцаў, прадпрымальнікаў — гатова інвеставаць, але тут важна, каб запазычанасць была пагашаная для размяшчэння новых беларускіх аблігацый на фінансавым рынку Расіі...> Менавіта гэта, мне здаецца, з'яўляецца стрымліваючым фактарам», — заявіў у адказ на словы Галоўчанкі расійскі прэм'ер.
Глядзіце таксама
