З голаду не памром: Расія паабяцала «забяспечыць Беларусь прадуктамі»

На ўчарашняй (18 сакавіка) сустрэчы з беларускім калегам расійскі прэм'ер-міністр Міхаіл Мішусцін паабяцаў Беларусі харчовыя пастаўкі.

jajua.jpg


Разлікі за энерганосьбіты, увоз харчавання ў Беларусь і наступствы санкцый абмеркавалі 18 сакавіка прэм'ер-міністры Беларусі і Расіі Раман Галоўчанка і Міхаіл Мішусцін, паведамляе «БелТА».
Мішусцін праінфармаваў беларускага прэмʼера аб прынятых рашэннях па нераспаўсюджанні на Беларусь уведзеных у Расіі абмежаванняў па вывазе тавараў, сыравіны, тэхналагічнага абсталявання, лекаў, медыцынскіх вырабаў, у рамках прымаемых контрсанкцый.
Пры гэтым у самой Расіі ў гарадах 18 сакавіка ўтвараліся чэргі па муку і цукар.
«Акрамя таго, дасягнута дамоўленасць аб тым, што ў рамках узгодненых балансаў будзе пры неабходнасці забяспечана пастаўка ў Беларусь усіх харчовых тавараў крытычнага імпарту, у тым ліку пшаніцы цвёрдых гатункаў, грэчкі, алею пад поўную патрэбнасць рынку», — паабяцаў Мішусцін.
Кіраўнікі ўрадаў таксама адзначылі, што бакі знаходзяцца ў завяршальнай стадыі перамоў па пытанні цэнаўтварэння і разлікаў за энерганосьбіты па прынцыпе ўзаемнай падтрымкі.
Разам з тым эксперты сцвярджаюць якраз адваротнае — што менавіта Беларусь будзе карміць Расію: прагноз на тое, што туды будзе масава вывозіцца беларуская прадукцыя, а ўчора, да прыкладу, Рассельганагляд адмяніў забарону на ўвоз прадукцыі шасці беларускіх прадпрыемстваў, сярод якіх — ААТ «1-я мінская птушкафабрыка», ААТ «Птушкафабрыка Гарадок» і ААТ «Мінскі мясакамбінат».