AliExpress як выратаванне ад дэфіцыту? Добрая спроба, Карл!
Еўразійская эканамічная камісія па факце прызнала дзейнасць санкцый, накладзеных на Беларусь і Расію за вайну ва Украіне, і пагрозу ўзнікнення дэфіцыту тавараў. Яна спрабуе прадухіліць гэты дэфіцыт за кошт Кітаю. Але ці атрымаецца?
Савет ЕЭК павысіў ліміт бяспошліннага ўвозу тавараў для асабістага карыстання, якія перавозяцца перавозчыкамі і ў паштовых адпраўленнях, да 1000 еўра. Абмежаванне павышана да 1 кастрычніка 2022 года.
Калі кошт пасылкі будзе перавышаць 1000 еўра або яе вага складзе больш за 31 кг, то трэба будзе плаціць пошліну ў памеры 15%, але не менш за 2 еўра за кілаграм.
У ЕЭК адзначылі, што рашэнне аб павелічэнні ліміту накіравана на падтрымку грамадзян, якія замаўляюць тавары для асабістага карыстання праз Інтэрнэт, і дапаможа пазбегнуць дэфіцыту.
Ці дапаможа? Давайце разбірацца.
Канешне, гэта даволі добрая навіна. Павышэнне ліміту павінна азначаць, што жыхары краін ЕАЭС (у тым ліку і Беларусі) змогуць заказваць у замежных крамах тавары на больш вялікую суму. Да гэтага ліміт складаў 200 еўра. Але рашэнне Савету ЕЭК не з’яўляецца «бясспрэчным», і ў кожнай краіны ёсць свае ліміты на бяспошлінны ўвоз тавараў. Напрыклад, у Беларусі яны цяпер нібыта адпаведныя ранейшаму ліміту бяспошліннага ўвозу тавараў ад ЕЭК — 200 еўра на месяц і 31 кілаграм. Тым не менш, у нас існавалі і «айчынныя» абмежаванні: так, кожная асобная пасылка не павінна была перавышаць норму ў 22 еўра і 10 кілаграмаў вагі. То-бок, калі вы замовілі на AliExpress смартфон коштам у 180 еўра, вам усё роўна трэба было заплаціць мытную пошліну.
Ці будуць адмененыя гэтыя абмежаванні ў Беларусі, згодна рашэнню ЕЭК? Не факт. Раней Сінявокая іншым разам адмаўлялася выконваць агульныя ў Еўразійскім эканамічным саюзе рашэнні. Год таму ЕЭК прызнала парушэннем беларускія асартыментныя пералікі тавараў, згодна з якімі ў крамах абавязкова павінен быў прысутнічаць беларускі тавар: маўляў, гэта парушае прынцып канкурэнцыі. У адказ айчыннае Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю зазначыла, што гэтыя пералікі, нібыта, былі ўведзеныя да рашэння ЕЭК, не з’яўляюцца абавязковымі, не вызначаюць квоту беларускіх тавараў і гэтак далей. Карацей, знайшло тысячу і адну «адмазку», каб гэтае рашэнне не выконваць.
Ведаючы наш МАРГ, нашую ўладу, квоты на знаццё валюты ў банках і дэфіцыт той самай валюты, можна амаль са стоадсоткавай верагоднасцю прагназаваць, што «айчынныя абмежаванні» на 22 еўра і 10 кілаграмаў за адну пасылку застануцца. То-бок, беларусам па-ранейшаму можна будзе замовіць у тым жа AliExpress толькі абмежаваны пералік тавараў.
Больш за тое: цяпер існуе праблема з тым, як расплаціцца за замову. Усе ведаюць, што Visa і Mastercard увялі абмежаванні на выкарыстанне картак Расіі і Беларусі. Цяпер імі можна разлічыцца толькі ўнутры краіны, і гэтае абмежаванне, на жаль, тычыцца і інтэрнэт-плацяжоў. Пакуль што афіцыйныя крыніцы заяўляюць, што AliExpress будзе праводзіць аплату па картах, выпушчаных у Расіі і Беларусі, да канца тэрміну іх дзеянняў, але гэтая аплата можа быць не беспраблемнай. Асабліва ўлічваючы рызыку інфляцыі.
Яшчэ адна праблема — тэрміны дастаўкі аплачанага тавару. Яны значна ўзраслі ў перыяд пандэміі COVID-19; а цяпер, калі фактычна над Беларуссю і часткай Расіі «закрытае неба», і могуць узнікнуць праблемы з мытнямі іншых краін…
Напэўна, шмат хто заўважыў, што ў «кавідны» перыяд частка тавараў з Кітая ў Беларусь ішла не праз звыклую Літву ці Латвію, а праз Казахстан і Расію. Цяпер лагістыка ўскладніцца яшчэ больш.
Ёсць і яшчэ некалькі праблем, пра якія пішуць на розных інтэрнэт-пляцоўках. Гэта турбулентнасць курса долара: бо ўсе цэны на тавары прывязаныя да яго, а цяпер курсы беларускага і расійскага рублёў вельмі нестабільныя. А таму многія прадаўцы могуць адмяняць заказ пасля аплаты. І праблема з тым, што частка тавараў закрытая для дастаўкі. Мноства кампаній адмовіліся ад дастаўкі сваёй прадукцыі ў Расію і Беларусь.
Такім чынам, наўрад ці варта спадзявацца, што AliExpress і іншыя замежныя буйныя маркет-плэйсы стануць «выратавальным кругам» для грамадзян у перыяд дэфіцыту. Гэта будзе даражэй (у параўнанні з тым, што раньш было), марудна і не асабліва надзейна. І не факт, што гэтаму «пазбаўленню ад дэфіцыту» не перашкодзяць «нацыянальныя абмежаванні».
Але спроба, безумоўна, добрая.
P.S. У часе падрыхтоўкі гэтага матэрыялу Дзяржаўны мытны камітэт Беларусі заявіў, што ў Беларусі не было ніякіх зменаў па лімітах на пасылкі з-за мяжы. Яны па-ранейшаму складаюць 22 еўра і 10 кг на адно адпраўленне.
Пра што мы і казалі...