Амаль кожны пяты рубель аграрыі не маглі вярнуць у тэрмін крэдыторам

Сельская гаспадарка Беларусі паказала рэкордныя даўгі.

309_251_7540_45_y3108805_m_700x700.jpg

Пятля пазык з новай сілай зацягваецца на шыі аграрыяў. 2021 год стартаваў з сумных максімумаў, паведамляе banki24.by.

Да 1 лютага буйныя і сярэднія прадпрыемствы сельскай гаспадаркі назапасілі сумарныя даўгі ў памеры 15,089 млрд. рублёў. Гэтае значэнне стала новым рэкордам па памеры запазычанасцей аграрыяў. Ранейшы рэкорд быў усталяваны 1 верасня 2020 года.

Нягледзячы на дзяржпадтрымку ў выглядзе спісання або спрашчэння ўмоў па крэдытах і пазыках, сумарныя запазычанасці сельскай гаспадаркі раслі ўсю мінулую пяцігодку. У 2016 годзе сукупныя абавязацельствы аграрыяў павялічыліся на 4,7%, у 2017-м — на 3,3%, у 2018 — на 6,8%, у 2019 — на 9,2%, у 2020 — на 5,4%.

У цэлым за 2016–2020 гады даўгі сельскай гаспадаркі падняліся на 32,9%. У пераліку на грошы прырост доўгу склаў 3,690 млрд. рублёў.

У 2021 годзе рост запазычанасці працягнуўся: усяго за месяц сумарныя абавязацельствы вяскоўцаў выраслі на 1,2%.

Для сельскай гаспадаркі характэрная высокая доля пратэрміноўкі ў сумарных даўгах. На 1 лютага яна склала 19,1%. Гэта значыць, што амаль кожны пяты рубель аграрыі не маглі вярнуць у тэрмін крэдыторам.

Сумарная запазычанасць сельскай гаспадаркі на парадак перавышае яе прыбыткі. На апошнюю справаздачную дату гэта перавышэнне склала 13,9 разу. Такая сітуацыя з запазычанасцямі моцна ўскладняе разлікі аграрыяў з астатнімі галінамі эканомікі і паміж сабой.

Сукупная пратэрміноўка па даўгах сельскай гаспадаркі склала 2,879 млрд. рублёў. З пачатку года яна вырасла на 2%.

Увогуле, сельская гаспадарка — галіна-даўжнік у эканоміцы. І, дарэчы, памер гэтага чыстага доўгу расце — за 2016-2020 гг. на 28% (або на 2,892 млрд. рублёў). З прыбытковасцю ў галіны таксама не ўсё ладна. Рэнтабельнасць без дзяржпадтрымкі ў 2021 годзе склала 2,3%, а колькасць стратных кампаній-флагманаў — 38,6%.