Амаль палова арганізацый Беларусі — нізкарэнтабельныя і нерэнтабельныя
Амаль 50% прадпрыемстваў Беларусі з'яўляюцца нізкарэнтабельнымі (з рэнтабельнасцю продажу да 5%) або нерэнтабельнымі. Аб гэтым сведчаць звесткі афіцыйнай статыстыкі за студзень—лістапад 2013 года.
Так, з 8 224 арганізацый, вынікі дзейнасці якіх улічвае афіцыйная статыстыка, 3 140 прадпрыемстваў з'яўляліся ў студзені—лістападзе нізкарэнтабельнымі (мелі рэнтабельнасць
продажу да 5%), а больш за тысячу юрыдычных асоб былі нерэнтабельнымі.
Высокая ўдзельная вага (вышэй за 30–40%) нерэнтабельных арганізацый зафіксавана ў рыбалоўстве, тэкстыльнай і швейнай вытворчасці. У той жа час доля нізкарэнтабельных арганізацый высокая ў
сельскай гаспадарцы і прамысловасці — 43,6% і 35,3% адпаведна.
Трэба адзначыць, што сярэдняя рэнтабельнасць продажу беларускіх прадпрыемстваў у студзені—лістападзе 2013 года ў параўнанні з аналагічным перыядам пазамінулага знізілася — да 7%
(супраць 10% за студзень—лістапад 2012-га).
На думку Міністэрства эканомікі, да зніжэння эфектыўнасці працы прадпрыемстваў прывяло памяншэнне тэмпаў вытворчасці, "рост пастаянных затрат з-за адсутнасці эфекту маштабу, а таксама незбалансаванасць у аплаце працы".
У 2013 годзе, як адзначалі спецыялісты Міністэрства эканомікі ў штомесячных аглядах, назіраўся рост долі затрат прадпрыемстваў на аплату працы, што было абумоўлена апераджальнымі тэмпамі росту
зарплат над тэмпамі прадукцыйнасці працы.
У агульным аб'ёме расходаў прадпрыемстваў доля затрат на аплату працы ў студзені—верасні склала 12,3% (супраць 9,6% за аналагічны перыяд мінулага года).
Дзмітрый Заяц, БелаПАН