Звышгасцінныя
Толькі кіраўнік краіны дбае пра гасцей, якія прыедуць на Чэмпіянат свету па хакеі ў 2014-м. Падавалася б, клапаціцца яму няма чаго — у адсутнасці талерантнасці і гасціннасці беларусаў яшчэ ніхто не папракаў. Але, каб на лепшыя нацыянальныя рысы мы ўсё ж не забыліся, была падпісаная і адпаведная паперка.
Указ пра тое, што 2014-ы год абвяшчаецца Годам гасціннасці, прэзідэнт падпісаў 27 снежня 2013 года. А вы думалі, што будзе год сіняга драўлянага каня…
Чаму гасціннасці? «У мэтах развіцця турызму, стварэння сучаснай турыстычнай інфраструктуры, якая ўлічвае геаграфічнае становішча, прыродныя, гістарычныя і культурныя багацці Беларусі, выхавання ў грамадзян патрыятычнага гонару і павагі да Бацькаўшчыны», — тлумачыцца ў афіцыйным каментары да дакумента.
Уяўляю, які вэрхал гэты ўказ унёс у асяроддзе беларускага чыноўніцтва. Бо зазвычай, калі год аб’яўляецца годам чагосьці, чыноўнікі адразу пачынаюць страчыць планы, каб потым бадзёра рапартаваць пра іх выкананне. 2013-ы быў годам эканоміі і беражлівасці. Тут усё зразумела: зэканомлена столькі і столькі кілават-гадзінаў, умоўнага паліва і гэтак далей. З 2012-м годам кнігі таксама нармальна: столькі газетаў выпісана, столькі кніжак набыта (дай Божа, каб было і прачытана), столькі чалавек запісаліся ў бібліятэку. А ў чым вымяраецца гасціннасць?
Падаецца, дзеля выканання планаў у год гасціннасці чыноўнікі павінны будуць самі сустракаць замежнікаў з хлебам-соллю, самі вадзіць экскурсіі і ледзьве не класці гасцей да сябе ў ложак. А як жа інакш вымяраецца гасціннасць? Так і бачыцца ў справаздачах: «У N-скім гарвыканкаме праз ложкі супрацоўнікаў прайшло — N-ццаць тысячаў турыстаў». Гэта ўжо не краіна, а нейкі бардэль атрымліваецца.
Аднак ёсць і тыя, хто дзеля гасціннасці здольны пакінуць у «сінявокай» даражэнькіх госцейкаў назаўжды. Мікалай Ладуцька, мэр Мінска, паставіў задачу: сярэдняя загрузка нумарнога фонду камунальных гасцініц Мінска па выніках 2014 павінна скласці 60–65%.
«Галіна гасцінічных паслуг павінна прыносіць сур’ёзныя прыбыткі. Мы павінны іх пастаянна павялічваць, гэта комплексная, агульная задача многіх службаў горада. Неабходна не толькі своечасова запусціць гатэлі, якія будуюцца, але і забяспечыць іх нармальную загрузку. Сярэдняя загрузка камунальных гасцініц па выніках 2014 павінна скласці 60–65 %», — заявіў мэр.
То бок, гасцініцы павінны быць загружаныя больш, чым напалову не толькі падчас Чэмпіянату свету па хакеі, але і ў астатні перыяд. А як забяспечыць такую загрузку, калі акрамя расіян, якія едуць да нас пагуляць у казіно, больш няма кліентаў? Гэта што, «усіх запускаць, нікога не выпускаць»? Вось дзе знойдуцца «беларускія Сноўдэны», — той жыў у аэрапорце, а ў нас больш камфортныя ўмовы.
Але больш за ўсіх парадаваў начальнік дзяржустановы «Упраўленне бытавога і гасцінічнага абслугоўвання насельніцтва Мінгарвыканкама» Андрэй Новікаў. «Улічваючы двухразовы рост аб’ёму прапаноў на рынку гасцінічных паслуг у 2014 годзе і абвяшчэнне гэтага года Годам гасціннасці, неабходна разгледзець фармаванне канцэптуальнага плана развіцця галіны гасцінічных паслуг. Пры гэтым неабходна перагледзець праграму культурных мерапрыемстваў, актывізаваць працу камунальных турыстычных кампаній», — паведаміў ён на тым жа пасяджэнні з Ладуцькам.
Во як! Аказваецца, дагэтуль мы шалёнымі тэмпамі будавалі гасцініцы, не маючы ніякага плана развіцця гасцінічных паслуг. І яшчэ здзіўляліся, што новыя гасцінічныя комплексы раз-пораз улазяць на месцы гістарычнай забудовы, дзеля іх руйнуюцца помнікі архітэктуры, паркі і скверы. А пасля ЧМ па хакеі будзем азірацца па баках: каму столькі гасцініц патрэбна, як іх запоўніць хаця б на 65%? То бок, як у бразільскім серыяле: спачатку ствараем сабе невыносныя праблемы, потым пасыпаем галаву попелам, а потым гераічна іх спрабуем вырашыць.
Хіба не хапае нам іншых праблем? Хапае, і з горкай. Пра гэта кажа ўказ кіраўніка дзяржавы, які быў падпісаны літаральна за гадзіны да новага года, і якім зацвярджаецца прагноз сацыяльна-эканамічнага развіцця і асноўныя напрамкі грашова-крэдытнай палітыкі Беларусі на 2014 год.
Мабыць, упершыню ў гісторыі Беларусі прагноз такі песімістычны, але больш рэалістычны. Упершыню запланаваны нізкі рост ВУП — усяго на 3,3%. Рост прадукцыйнасці працы (па ВУП) прагназуецца на ўзроўні 6,9%, экспарту тавараў і паслуг — на 8,6%. Сальда знешняга гандлю таварамі і паслугамі чакаецца станоўчым на ўзроўні 0,1% да ВУП.
Праўда, улады звыкла разлічваюць прыцягнуць 4,5 мільярда долараў простых замежных інвестыцыяў, але гэта ў іх ніколі не атрымлівалася. Хутчэй, гэтая лічба намаляваная для замежных крэдыторскіх фондаў. Затое колькасць жытла, якое плануецца пабудаваць з дзяржпадтрымкай, не тое што знізілася — абрынулася: ад 6 мільёнаў квадратных метраў да 2,5 мільёна квадратных метраў.
Не запланаванае істотнае падвышэнне даходаў насельніцтва — толькі на 3%. У прынцыпе, гэта нармальна суадносіцца з ВУП: калі той падымецца на 3%, то і даходы павінны быць не вышэй.
Урад і Нацбанк вераць, што ў 2014 годзе змогуць знізіць стаўку рэфінансавання да 14–16% гадавых, стрымаць рост патрабаванняў банкаў да эканомікі ўзроўнем не вышэй за 16–19% і нават нарасціць золатавалютныя рэзервы на 0,2–0,5 мільярда долараў.
Але гэта толькі прагнозы. На 2013 год былі, канешне, больш аптымістычныя прагнозы, але з чым мы да яго прыйшлі? Рост эканомікі па выніках 2013 года будзе меншым за 1%, што ўжо мяжуе з рэцэсіяй, адмоўнае сальда знешняга гандлю пераваліць за 1 мільярд долараў, а сальда гандлю таварамі падбярэцца да адзнакі ў мінус 6 мільярдаў долараў. 2013-ы скончыўся са стаўкай рэфінансавання 23,5% гадавых, а рост патрабаванняў банкаў да эканомікі пераваліў за адзнаку ў 30%.
І што ж мы робім? А нічога не застаецца, як перапісваць прагноз. Ізноў падкінулі працу Аляксандру Рыгоравічу, які сваім указам зацвердзіў дэфіцыт рэспубліканскага бюджэту на 2013 года ў памеры 3,5 трыльёна рублёў. Хаця раней урад планаваў 2013-ы з бездэфіцытным выкананнем бюджэту.
Што спраўдзіцца з прагнозных паказчыкаў у 2014-м? Пажывем — пабачым.