Спажывецкія цэны ў 2013 годзе выраслі на 16,5%
На 16,5% выраслі ў Беларусі спажывецкія цэны ў 2013 годзе, паведамляе Белстат. Гэта больш за першапачатковы (10–12%) і скарэктаваны (15–16%) прагноз эканамічных улад краіны. У снежні зафіксаваны максімальны за мінулы год, за выключэннем студзеня, месячны ўзровень інфляцыі — 2,4%.
У студзені спажывецкія цэны павялічыліся на 3%, у лютым — на 1,2%, у сакавіку — на 1,1%, у красавіку — на 0,5%, у маі — на 0,7%, у чэрвені — на 0,3%, у ліпені — на 1%, у жніўні — на 0,1%, у верасні — на 1,7%, у кастрычніку — на 1,9%, у лістападзе — на 1,6%.
Харчовыя тавары падаражэлі за год на 13,4% (у снежні — на 2,2%), нехарчовыя — на 7,6% (0,8%), платныя паслугі — на 39,1% (4,9%).
Сярод харчовых тавараў лідары па выніках года: бульба (рост цаны на 91,1%), пшанічная мука (52,6%), яйкі (28,6%), макаронныя вырабы (26,8%), агародніна (22,3%), алкагольныя напоі (20,8%), а таксама
ўключаныя ў гэту групу тытунёвыя вырабы (59%).
Лідары сярод нехарчовых тавараў: бензін (26,5%), медыкаменты (12,1%), веласіпеды і матацыклы (10,6%), сінтэтычныя мыйныя сродкі (8,3%), будматэрыялы (7,6%).
Сярод платных паслуг больш прыкметна падаражэлі энергазабеспячэнне (у 2,14 разу), паслугі дашкольных устаноў (на 91,4%), гарадскога пасажырскага транспарту (на 88,4%), чыгуначнага транспарту
міжрэгіянальных зносін (на 83%).
Па выніках 2011 і 2012 гадоў Беларусь была першай па росце цэн на тэрыторыі былога СССР (108,7% і 21,8%).
Дзмітрый Уласаў, БелаПАН