Амерыканцы падлічылі: беларусы жывуць добра
Арэнда кватэры — удвая таннейшая, чым у Нью-Ёрку, а ежа каштуе ў тры з паловай разы менш.
Гэта, а таксама прыгожую прыроду і замкі адзначае пра нашую краіну амерыканскае выданне «GOBankingRates» у сваім рэйтынгу найтаннейшых у свеце месцаў для жыцця.
Беларусь на 27-м месцы
Наша краіна ў гэтым спісе найтаннейшых у свеце месцаў для жыцця займае 27-е месца.
У доларавым эквіваленце мы плацім за свае жыццёвыя патрэбы больш, чым украінцы, малдаване ці палякі, але менш, чым пераважная баольшасць са 115-ці краін, пералічаных у рэйтынгу.
Сапраўды, доларавыя кошты ў Беларусі ў выніку шэрагу дэвальвацыяў знізіліся. Так, за апошнія чатыры гады курс рубля абясцэніўся адносна долара больш як удвая. А кошты ў рублях, калі верыць афіцыйнай статыстыцы, выраслі за гэты час усяго на 60 %. Атрымліваецца, што для амерыканца, які выдаткоўвае ў нашай краіне долары, жыццё ў Беларусі стала таннейшым амаль на чвэрць, у параўнанні з пачаткам 2014-га.
У саміх беларусаў, паводле Белстату, доларавыя заробкі ўпалі таксама крыху менш, чым на чвэрць. Таму можна зрабіць выснову, што наш жыццёвы ўзровень цяпер такі самы, як і чатыры гады таму.
Але, насамрэч, сярэдні паказнік дасягнуты коштам большага расслаення. То бок, айцішнікі, фінансісты ды шэраг іншых высокааплочваемых прафесіяў зарабляюць цяпер больш. А вось доларавы заробак рабочых і службоўцаў, паводле таго ж Белстату, абрынуўся на траціну.
«Жыць можа стаў той, хто атрымлівае вялікі заробак, хто блізкі да ўлады. А так — калі браць насельніцтва жыццёвы ўзровень знізіўся», — упэўнены прафесар эканомікі Леанід Заіка.
А што суседзі?
За гэты ж перыяд доларавы заробак украінцаў, на фоне ваеннай і эканамічнай атакі з боку Расіі, зменшыўся на траціну, хоць і кошты там зменшыліся больш, чым у Беларусі. А вось у еўрапейскіх суседзяў — стабільны рост. Сярэдні заробак палякаў за 4 гады вырас на 8 %, а літоўскі, за гэты ж час, у еўра — падскочыў ажно на траціну.
Паказнікам узроўню жыцця могуць быць абнародаваныя напярэдадні звесткі Белстату. Напрыклад, якую долю свайго прыбытку людзі трацяць на ежу. У Беларусі — больш за 40 %. Гэта, як і ва Украіне — на ўзроўні Пакістану ці Перу, але значна горш, чым у Малайзіі, Інданезіі ды бальшыні краінаў Лацінскай Амерыкі.