Развальваемся ў прамым сэнсе

Падавалася, колькі грошай мы ўклалі ў мадэрнізацыю нашых прадпрыемстваў! З такой фінансавай напампоўкай яны павінны працаваць і працаваць!

7b9913.jpg

Але замест гэтага яны развальваюцца, іншым часам — літаральна. Міжволі ўзнікае пытанне: можа, мы нешта робім не так? Альбо не з тымі?

Некаторыя сферы працуюць даволі паспяхова. Мадэрнізаваная беларуская «малочка», напрыклад, зазнае крызіс перавытворчасці. Прынамсі, так лі­чаць расіяне. У мінулым нумары мы пісалі пра іх прэтэнзіі. І чарговы раз пераконваемся: яны маюць не санітарныя, а эканамічныя і палітычныя падставы.

Калі б беларускае малако сапраўды было шкодным — яго трэба было б забараніць адразу. Але «Рассельгаснагляд» перанёс дату забароны з 26 лютага на 6 сакавіка. Бліжэй да 6 сакавіка стала вядома, што забарона на «санітарна небяспечныя» прадукты пераносіцца ў чарговы раз — на 15 сакавіка. Потым, напэўна, яна будзе адкладзена яшчэ і яшчэ.

Гэта азначае, што з нашым малаком, насамрэч, усё добра. Мы ж не паверым, што «Рассельгаснагляд» свядома труціць свой народ, адкладаючы забарону на ўвоз небяспечнай прадукцыі? А значыць, відавочна, што гэта — лабісцкія дзеянні расійскага ведамства, скіраваныя на тое, каб «падгадзіць» беларускай малочцы.

Такія дзеянні ў сучасным свеце не толькі небяспечныя, але і амаль бессэнсоўныя. Асабліва ва ўмовах адсутнасці мяжы Расіі і Беларусі. Ужо былі часы, калі расіяне са Смаленску затаварліся якаснымі беларускімі прадуктамі ў суседнім Віцебску. І калі «Рассельгаснагляд» зноў забароніць беларускае малако — сітуацыя будзе паўтарацца.

Кіраўнік «Рассельгаснагляду» Сяргей Данкверт вырашыў зноў палохаць нас. У інтэрв'ю тэлеканалу «Расія 24» ён паведаміў, што пасля 1 ліпеня 2018 года з беларускімі пастаўкамі ў Расію зноў могуць быць праблемы. Па яго словах, з 1 ліпеня ў Расіі пачнуць дзейнічаць электронныя ветсертыфікаты. «А беларуская прадукцыя як будзе заяз­джаць? Па папяровых? А ў нас іх ужо нікуды не запішаш, у нас яны павінны быць у электронным выглядзе. Мы не будзем на мяжы папраўляць і ўносіць папяровыя сертыфікаты ў электронным выглядзе, у нас на гэта людзей няма», — сказаў кіраўнік расійскі чыноўнік і дадаў, што без электронных сертыфікатаў прадукцыю будуць заварочваць.

Што ж, можна параіць Сяргею Аляксеевічу азнаёміцца з дэкрэтам Аляксандра Рыгоравіча «Аб развіцці лічбавай эканомікі». У выніку яго рэалізацыі мы не толькі электронныя сертыфікаты зробім — мы нашу смятану будзем за біткоіны прадаваць. У Данкверта ёсць біткоіны?

З іншымі інвестпраектамі — не так аптымістычна. Новы завод беленай цэлюлозы каля Светлагорска можа ператварыцца ў даўгабуд. З аднаго боку, гэта і да лепшага — у лістападзе мінулага года жыхары навакольных вёсак скардзіліся на смурод ад выкідаў з прадпрыемства. 25 снежня нават прайшоў стыхійны мітынг супраць завода. У выніку Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя правяло экалагічную экспертызу і прыпыніла працы яшчэ 17 студзеня.

Па словах Алены Маслюковай з праваабарончага цэнтру «Вясна», праца на заводзе не адновіцца, пакуль там не выправяць усе непаладкі. «А непаладак там столькі, што ў нас уражанне, што ён зусім працаваць не будзе», — сказала Маслюкова.

У прэс-службе канцэрна «Беллеспаперапрам» сказалі, што непаладкі на заводзе пакуль не выпраўляюць, бо ўся кампанія «САМС» — генеральны падрадчык з Кітаю — з'ехала на святкаванне кітайскага Новага года! «Цяпер мы чакаем іх вяртання. Спадзяюся, калі яны вернуцца, адновяць працы», — сказала прэс-сакратара канцэрна Ружэна Навіцкая.

Кітайскі Новы год прыпаў на 16 лютага. Зараз ужо сакавік. Мажліва, кітайцы разлічвалі, што будаваць завод у Беларусі яны будуць паводле сваіх стандартаў якасці. Маўляў, кітайцаў паўтара мільярды, іх не шкада, можна і патруціць. Але з беларусамі тое не спрацавала, і вяртацца падрадчыкі нават не збіраюцца.

Жыхарам — шчасце, але колькі грошай мы страцілі на памылковую будоўлю?

Нядаўна мы таксама мадэрнізавалі наш флагман — БМЗ. Увечары 5 сакавіка там адбыўся пажар у кабельным тунэлі. Агонь пашкодзіў 30600 пагонных метраў ізаляцыі электракабеляў, з-за гэтага часова прыпынілі працу тры цэхі завода: электрасталеплавільны цэх №1, сортапракатны цэх №1 і коправы цэх.

Усё б нічога, але як адкаментавалі здарэнне і спыненне вытворчасці на самім БМЗ? Не паверыце — у стылі «так яно і павінна быць»!

Пажар на Беларускім металургічным заводзе ў Жлобіне адбыўся акурат напярэдадні планавага прыпынення металургічнай вытворчасці, сказалі БелТА ў прэс-службе БМЗ. Маўляў, усё роўна з 7 па 14 сакавіка планавалася прыпыненне вытворчасці ў рамках праекта «Павелічэнне прадукцыйнасці ўчастка пазапечнай апрацоўкі сталі». «Гэтая акалічнасць мінімізуе вытворчыя страты БМЗ, бо фактычна мы былі гатовыя да прыпынення сталеплавільных печаў», — кажуць на БМЗ.

Пэўныя праблемы ўзніклі і ў іншага «флагмана беларускай эканомікі» — наваполацкага нафтаперапрацоўчага прадпрыемства «Нафтан». Але вырашаюць яны іх вельмі слушным чынам — пазбаўляюцца ад «няпрофільных актываў». «Нафтан» выставіў на таргі пансіянат «Салтыкоўка» ў падмаскоўнай Балашысе.

Пансіянат размешчаны ўсяго ў пяці кіламетрах ад маскоўскай кальцавой. Тэрыторыя пансіяната — больш за дзевяць тысяч квадратных метраў, на якіх размешчаны вялікі трохпавярховы дом прыёмаў з ліфтам, гасцявы дом з саўнай, басейнам, більярдавай залай і 14 спальнямі, вялікая закрытая альтанка з мангалам, пляцоўка для адпачынку з міні-сажалкай, адкрытая паркоўка на дзесяць аўтамабіляў, газавая кацельня, будынак для персаналу і аховы.

Зараз зямельны ўчастак, на якім размешчаны пансіянат, знаходзіцца ў бязвыплатным карыстанні пасольства Беларусі ў Расіі. Але пасля продажу пансіяната гэты дагавор будзе скасаваны. Стартавы кошт «Салтыкоўкі» — 280,2 мільёна расійскіх рублёў (4,96 мільёна долараў).

Я ўвогуле здзіўляюся, што такія пансіянаты яшчэ існуюць. Якое можа быць аздараўленне ў пяці кіламетрах ад маскоўскай кальцавой? Лепш за тыя грошы перапрафіляваць у санаторыі тры піянерскія лагеры. Усё роўна масквічы ездзяць адпачываць да нас.

Але тэндэнцыя ўсё ж заўважная. І не вельмі радасная.