Грузія. Усе на барацьбу з клапамі!

Грузінская апазіцыя звярнулася да ўладаў з прапановай абвясціць надзвычайнае становішча і ўсеагульную мабілізацыю на барацьбу з мармуровымі клапамі.

Фота David Lance via Wikimedia Commons

Фота David Lance via Wikimedia Commons

Гэты шкоднік у мінулым годзе знішчыў у заходняй частцы краіны большую частку ўраджаю фундуку і кукурузы, што паставіла многіх сялян на мяжу галечы.

На­дзеі мясцовага насельніцтва на зіму не спраўдзілася — мармуровы клоп (Halyomorpha halys) выжыў, і з надыходам вясны падае такія прыкметы жыцця, што леташнія страты могуць падацца фермерам кветачкамі.

Апазіцыя заклікае падключыць да барацьбы з клапамі нават войска. Улада, у сваю чаргу, сцвярджае, што пытанне палітызаванае. Міністр сельскай гаспадаркі і аховы навакольнага асяроддзя Грузіі заклікаў насельніцтва не панікаваць.

Трэба дадаць, што ў асяроддзі апазіцыі папулярная ідэя выставіць пазоў да Расіі за клапоў. Ёсць версія, што клоп трапіў у Грузію з Сочы, дзе падчас будаўніцтва алімпійскіх аб’ектаў была знішчана частка лесу, які пачалі аднаўляць пасля Алімпіяды–2014. Расліны для гэтага былі завезеныя з-за мяжы, адкуль у Расію трапіў і нязваны небяспечны госць, які хутка пашырыў арэал пражывання на ўвесь Каўказ.

Паводле грузінскай прэсы