Балотная эканоміка
За савецкім часам, яшчэ ў далёкую дакампутарную эпоху, таксама былі праграмісты. Гэта тыя, што спецыялізаваліся на напісанні «праграмных дакументаў». Праграм было шмат, эпахальных і лёсавызначальных: пабудовы камунізму, харчовая, асушэння балот, антыалкагольная…
Калі да ўлады трапіў Лукашэнка, ён загадаў распрацаваць праграму па вываду эканомікі Беларусі з крызісу. Праграму хуценька прынялі, прызначылі адказных за асобныя яе раздзелы — і дружна не выканалі. За выключэннем Станіслава Багданкевіча, якому было загадана збіць інфляцыю з тысяч да нейкіх 20–30 працэнтаў за год. Тагачасны галоўны банкір краіны гэта зрабіў, і быў пакараны адстаўкай.
Чаму? Бо Багданкевіч для выратавання грашова-фінансавай сістэмы забараніў друкаваць пустыя грошы, распачаў «зачыстку» грашовых каналаў, каб у іх траплялі толькі заробленыя рублі.
А яшчэ ёсць прагнозы. Не ў сэнсе прагнозу надвор’я, а прагноз-дырэктыва, абавязковая для выкананне ўсімі падначаленымі. Але прагнозныя ўстаноўкі таксама не выконваліся. З цягам часу выканаўцы перасталі рэагаваць і на прагнозы, і на заданні. Не так даўно Лукашэнка адчуў, што эканоміка (а гэта перш-наперш яго чыноўнікі, адміністратары, спецыялісты) пачала працаваць не так, як гэта належыць, а так, як атрымліваецца. Нешта зробяць, нешта прададуць, нейкую капейчыну атрымаюць і не спяшаюцца выконваць грашовыя абавязкі перад вярхоўнай уладай.
А чым займалася ўлада? Ёсць свежы адказ Міхаіла Мясніковіча. «Вынікі мінулага года і чатырох месяцаў бягучага, — сказаў ён, — сведчаць, што традыцыйная мадэль развіцця прамысловага комплексу выкарыстала сябе». Інакш кажучы, эканоміка загразла, як танк у балоце. Ці не свядома яго туды загналі?
Падаецца, што ні адмыслоўцы, ні міністэрскае начальства, ні дырэктары не ведаюць, што рабіць, і не спяшаюцца з прапановамі. Бо да гэтага часу большасць прапаноў нікога не цікавілі. Перш-наперш Лукашэнку, які ўзяў на сябе адказнасць за эканоміку, узяў пад кантроль кожны інвестыцыйны праект, прысвоіў сабе права распараджацца ўсімі дзяржаўнымі грашыма, якія рознымі спосабамі траплялі да яго.
За 20 гадоў розныя людзі і інстытуты па-рознаму называлі «беларускую мадэль». Прыкладам, цешыліся «рынкавым сацыялізмам». Маўляў, пры такіх падыходах калгаснікі пачнуць працаваць болей і лепей, чым заходнія фермеры, але з гэтага атрымаўся пшык. І вельмі дарагі. Заканамерны вынік. Бо мадэль так званага «рынкавага сацыялізму» патрабуе звесці дзяржаўны ўдзел у эканоміцы амаль да нуля, а ўсе вытворчыя сродкі, у крайнім выпадку нават працоўныя месцы, аб’яўляюцца маёмасцю работніка, які мае права нават перадаваць яго сваім нашчадкам.
Зразумела, што на такіх умовах кіраваць эканомікай Лукашэнка не ўмеў і не хацеў. Яму без розніцы «ізмы»: што сацыялізм, што капіталізм, на практыцы яму патрэбна адно — зліць усе прадпрыемствы ў адзіны трэст, з мноства дробных калгасаў і саўгасаў зрабіць адзін, як лічылася, асабліва буйнатаварны саўгас, з ім на чале. Выключна яму аднаму падпарадкаваны.
Пасля «рынкавага сацыялізму» перайшлі да «сацыяльнай дзяржавы», а далей яшчэ горай — да «ручнога кіравання». Гэта сталася заяўкай на абсалютную ўладу кіраўніка краіны, паўнамоцтвы якога выходзяць далёка за рамкі прэзідэнцкай пасады.
Канцэнтрацыя ўлады ў эканоміцы стала магчымай, калі Лукашэнка прысвоіў сабе абсалютную палітычную ўладу над беларусамі. І яны яму падпарадкоўваюцца. Але яму не падпарадкоўваюцца працэсы, вытворчыя адносіны паміж людзьмі, якія не дазваляюць ім працаваць так, як яны маглі б.
Калі кажуць, што такая мадэль перажыла сябе, то маюць на ўвазе, што наступіў час выцягнуць гэту стрэмку, якая тармозіць рух эканомікі. Якраз тое, пра што і казаў Мясніковіч, калі перакласці сэнс яго слоў з бюракратычнай мовы на чалавечую.