Беларусь крута мяняе структуру гандлю. Вынікі пабачым увосень
Падобна на тое, што абяцаная ўрадам пераарыентацыя таварных патокаў пачалася. На гэта паказваюць свежыя дадзеныя аб экспарце і імпарце.
Па выніках красавіка экспарт тавараў з Беларусі асеў у доларавым эквіваленце на 22,4%, а імпарт — на 26,3% (да 2021 года). Скарачэнне гандлю ў пераліку на долары пачалося яшчэ ў сакавіку: тады было -22,1% і -27,1% адпаведна. Часткова спад у сакавіку-красавіку тлумачыцца санкцыямі, збольшага — скокамі курсу долара ў адносінах да беларускага рубля і часткова — практычна поўным абнуленнем гандлю з Украінай, пішуць banki24.by.
Але важна тое, што тэмпы зніжэння імпарту абодва месяцы апярэджвалі тэмпы скарачэння экспарту. Гэта забяспечыла РБ паляпшэнне сальда знешняга гандлю ў параўнанні з 2021 годам. За сакавік-2022 памер сальда на карысць Беларусі павялічыўся на 277,2 млн USD, за красавік-2022 — на 206,4 млн USD.
У цэлым сальда гандлю пакуль застаецца адмоўным, але аб'ём гэтага «мінусу» істотна скараціўся. Гэта дазваляе збалансаваць плацяжы па экспарце-імпарце. У сакавіку 2022-га на кожных 100 USD імпарту прыходзілася па 93,3 USD экспарту, у красавіку — 95,9 USD. У мінулым годзе гэтыя паказчыкі былі горш — 87,3 USD і 91,1 USD адпаведна па месяцах.
У структуры знешняга гандлю адбываецца нарошчванне долі Расіі. Па месяцах удзельная вага мянялася так: студзень — 48,6%, люты — 54,2%, сакавік — 58,1%, красавік — 63,4%. Па выніках красавіка-2022 доля РФ у беларускім экспарце склала 60,3% у імпарце — 66,3%. Паколькі гандаль з расійцамі вядзецца ў асноўным за расійскія рублі, свой унёсак у прырост унесла ўмацаванне RUB у адносінах да долара.
Гандлем з Расіяй тлумачыцца амаль усё паляпшэнне сальда гандлю са знешнім светам. У сакавіку яно палепшылася для Беларусі на 217,9 млн USD, у красавіку — на 421,6 млн USD. Цікава, што ў красавіку пасля сакавіцкага перапынку вырас экспарт на расійскім кірунку — на 16,2% да красавіка-2021. Мабыць, гэта наступствы пераарыентацыі таварных патокаў з рынкаў краін Еўрасаюза і Украіны.
Затое ў гандлі з краінамі СНД, акрамя РФ, зваротныя тэндэнцыі. Абароты знешняй гандлю з гэтым рэгіенам у сакавіку аселі на 78,2%, у красавіку — на 77,2%. Доля групы «СНД мінус РФ» у гандлі Беларусі ў студзені складала 13,5%, у лютым — 11,6%, а ў сакавіку ўпала да 3,2%, у красавіку — да 3,5%. Прычыны зразумелыя: замарожванне гандлю з Украінай, якая раней была другім гандлёвым партнёрам Беларусі пасля Расіі.
Рыкашэтам ідзе дынаміка гандлю з Малдовай, бо зручная лагістыка паставак была праз Украіну. Малдаване экспартавалі ў нашу краіну прадукты харчавання і алкаголь (віна і брэндзі).
Гандаль з Еўрасаюзам у красавіку склаў цалкам прыстойныя аб'ёмы: 498 млн USD экспарту і 306 млн USD імпарту. Мяркуючы па ўсім, гэта дзеянне «старых» кантрактаў з еўрапейцамі. Вясновыя санкцыі ЕС дазваляюць увозіць санкцыйную прадукцыю да пачатку чэрвеня. У сувязі з гэтым па выніках траўня магчымае нават ажыўленне гандлю з аб'яднанай Еўропай. Бізнесы па абодва бакі мяжы імкнуцца стварыць буйныя таварныя запасы перад апусканнем санкцыйнай заслоны.
У летнія месяцы гандаль з ЕС хутчэй за ўсё, прасядзе пад прыгнётам санкцый. Гэта дасць імпульс яшчэ большаму павелічэнню долі Расіі ў таварным абароце РБ — аж да 2/3. Таксама РФ засталася па сутнасці адзіным нармальным транзітным акном для беларускіх тавараў. На гэтую краіну зараз замкнёныя наземныя і марскія пастаўкі ў Кітай і іншыя краіны Азіі.