Беларусь можа застацца без транзіту газу на доўгі час
Беларусь ужо са студзеня 2022 года можа застацца без транзіту газу газаправодзе «Ямал-Еўропа», па які праходзіць праз тэрыторыю краіны, з-за намераў Расіі задзейнічаць газаправод «Паўночны паток» для паставак газу ў Еўропу.
У аўторак на платформах GSA Platform і Regional Booking Platform адбылася чарговая серыя аўкцыёнаў на браніраванне магутнасцяў трубаправодаў. На першы, другі і трэці квартал 2022 года «Газпром» адмовіўся ад магутнасцяў трубы «Ямал-Еўропа», якая можа штогод пампаваць у Германію 33 млрд кубаметраў з Заходняй Сібіры праз Беларусь і Польшчу, піша АФН.
Газаправод, запушчаны ў 1997 годзе, дэ-факта спынены з канца мінулага тыдня: газ прапампоўваецца рэверсам у Польшчу замест нармальнага напрамку з усходу на Захад, а Берлін, Масква і «Газпром» захоўваюць маўчанне, прымушаючы трэйдараў нервавацца.
Доўгатэрміновы кантракт з Польшчай на транзіт газу скончыўся год таму. «Газпром» адразу ж забраніраваў магутнасці на 12 месяцаў наперад — да верасня 2021 года. Калі скончыліся і гэтыя дамоўленасці, расійская кампанія «ўзяла» толькі траціну даступнага аб'ёму на кастрычнік, і столькі ж — на лістапад.
На думку экспертаў, «Газпром», верагодна, ставіць на тое, што Nord Stream 2 запрацуе даволі хутка, а калі гэта адбудзецца, украінскі транзітны маршрут і «Ямал-Еўропа» будуць выкарыстоўвацца як баланс — гэта значыць, толькі ў моманты, калі іншыя трубы ўжо занятыя.
Эксперты дапускаюць, што «Газпром» выкарыстоўвае газ з трубы «Ямал-Еўропа», каб напоўніць «Паўночны паток-2». Але калі NS2 ухваляць не хутка, то толькі тады «Газпром» запітае дадатковыя магутнасці на беларуска-польскім маршруце.