Беларуская мара аб інвестыцыях
Толькі вельмі прагны і нячысты на руку інвестар можа
прыйсці ў краіну, у якой не забяспечаныя правы ўласнасці, дзе ўлада дзейнічае па
прынцыпу: захацеў — даў, захацеў — забраў.
Калі правесці кантэнт-даследаванне на тэму «пра што часцей за ўсё разважала беларускае кіраўніцтва ў апошнія 15 гадоў», то дзве тэмы будуць лідзіраваць з вялікім адрывам — захаванне стабільнасці і прыцягненне інвестыцый. Жаданне «прыцягнуць інвестыцыі» становіцца ледзь не нейкай чыноўніцкай рэлігіяй і прапісваецца ў якасці ўніверсальных лекаў для эканомікі.
Вось толькі гэтых самых інвестыцый усё няма. То бок яны як бы ёсць, але да крыўднага малыя. Пры гэтым ураду на кожны год даводзяць «план па прыцягненні замежных інвестыцый» з абсалютна абстрактнымі лічбамі — ні разу яго не атрымлівалася выканаць хаця б на 5 працэнтаў.
Больш таго, пры зносінах з чыноўнікамі сярэдняга і нізкага ўзроўню звычайна высвятляецца, што само інвеставанне яны разумеюць так: хтосьці прыйдзе і грошай дасць, а мы гэтымі грашыма распараджацца будзем. Зразумела, што пры такім падыходзе інвестыцыі — як замежныя, так і ўнутраныя — застаюцца недасяжным святым Граалем. Можа, клімат не той?
Ці патрэбныя нам інвестыцыі?
Пытанне на самай справе вельмі сур’ёзнае. З аднаго боку, інвестыцыі часта ўспрымаюцца як «лёгкія грошы». Якія даюць «за прыгожыя вочы», і якія, у адрозненне ад крэдыту, аддаваць потым не трэба — галоўнае, на іх што-небудзь пабудаваць. З іншага боку, інвестыцыі ўспрымаюцца як падступная прылада, пры дапамозе якой гэткія ж падступныя «буржуі» жадаюць загрэбці сабе ўсю ўласнасць Сінявокай.
Былы прэзідэнт Нацыянальнай акадэміі навук, былы спікер Савета Рэспублікі Аляксандр Вайтовіч узгадвае эпізод, сведкам якога ён быў у 2001 годзе, падчас другога Усебеларускага народнага сходу. Тагачасны прэм’ер-міністр Уладзімір Ярмошын у сваім выступе сказаў, што трэба праводзіць палітыку па прыцягненні прамых замежных інвестыцый у эканоміку. Пра тое ж самае гаварыў і сам Вайтовіч. Але рэакцыя Лукашэнкі на два згаданыя выступы была дзіўнай. У заключным слове кіраўнік дзяржавы сказаў прыкладна наступнае: «Вось тут былы прэзідэнт Акадэміі навук пра замежныя інвестыцыі казаў. Дык вось, не заваявалі нас падчас вайны, а гэтымі інвестыцыямі заваююць».
Вядома, стаўленне ўлады да інвестараў нібыта памянялася — але толькі на словах. Сама псіхалогія засталася ранейшай: хай прыйдуць і грошай дадуць, а мы самі ведаем, што з імі рабіць. За ўсе 22 гады кіравання Лукашэнкі не было зроблена таго, што трэба для прыцягнення інвестыцый. А менавіта: не была забяспечаная недатыкальнасць прыватнай уласнасці, не была праведзеная прыватызацыя, не адбылася зямельная рэформа і не створаны рынак зямлі.
Хоць і гэта, вядома, не ўсё. Ёсць яшчэ некалькі фактараў, пра якія варта сказаць асобна.
Непрапісаныя «правілы гульні»
Аляксандр Лукашэнка мноства разоў паўтараў: «Хай інвестар, які жадае ўкласціся ў нашу эканоміку, прыйдзе асабіста да мяне — і я ўсе яго пытанні вырашу». Аднак менавіта рэжым «ручнога кіравання» эканомікай, адсутнасць нармальных практык вырашэння канфліктаў, адсутнасць выразна акрэсленых правіл паводзінаў на рынку — і інвестарам, і прадпрымальнікам, і дзяржавай, і чыноўнікам, — гэта тое, што замінае прыходу інвестыцый.
«Правілы гульні» быццам бы і ёсць, але яны вельмі слаба вызначаны. Таму ж інвестару, каб падладзіцца пад тое, чаго па вялікім рахунку няма, трэба ўвесь час адгадваць. Ніхто не можа адразу выразна сказаць: вось тут чырвоныя сцяжкі, сюды не хадзі, туды не хадзі, гэта ўзгадні з райвыканкамам, гэта — з падатковай, а гэта — са мной, усё ў кантракце — падпісвай.
Неабароненасць уласніка
Толькі вельмі прагны і нячысты на руку інвестар можа прыйсці ў краіну, у якой не забяспечаныя правы ўласнасці, дзе ўлада дзейнічае па прынцыпу: захацеў — даў, захацеў — забраў. Таму што такі фундатар будзе імкнуцца не працаваць па правілах, а «дамовіцца з кім трэба», потым хутка атрымаць звышпрыбытак, выціснуўшы рэсурсы, і вывесці грошы. Усё. Хто ў выніку вінаваты, што «не склалася»? Ды дзяржава вінавата.
Па прыклады далёка хадзіць не трэба — досыць паглядзець на гісторыю мінскага «Мотавела». У 1999 годзе яго прыватызавалі, стварыўшы ААТ «Мотавела». У 2005-м прадпрыемства першы раз нацыяналізуецца і перадаецца Мінгарвыканкаму. У 2007-м завод «Мотавела» прададзены за 15,6 мільярда беларускіх рублёў аўстрыйскай фірме «ATEC Holding Gmbl». Фірма абавязалася і аплаціць кошт акцый, і пагасіць запазычанасць «Мотавела» перад бюджэтам. Але ўлетку 2015 года прадпрыемства ў другі раз нацыяналізуюць, а інвестара Аляксандра Мураўёва адпраўляюць у турму.
Вядома, можна спрачацца аб тым, наколькі (не)эфектыўна кіравалася новымі ўласнікамі «Мотавела». Але здаровая эканоміка тым і адрозніваецца, што дрэнны ўласнік карае сябе сам — праз банкруцтва. А проста забраць уласнасць таму, што ён ёю «дрэнна кіраваў» або «так трэба» — у здаровай эканоміцы такое немагчыма.
Прыклад «Мотавела» далёка не адзінкавы. Успомніце: кастрычнік 2012-га — нацыяналізацыя «Камунаркі» і «Спартака», лета 2013-га — нацыяналізацыя «Баранавічыдрэў», кастрычнік 2012-га — нацыяналізавана ААТ «Барысаўдрэў», красавік 2013-га — нацыяналізавана ААТ «Чырвоны харчавік», сакавік 2013-га — тое ж самае з ААТ «Луч», 2005 год — «Мінскі падшыпнікавы завод», 2011 год — «Керамін», 2013 год — «Дываны Брэста», 2006 год — «Белсолад»… І гэта толькі самыя прыкметныя з нацыяналізаваных прадпрыемстваў.
Чыноўнікі
Ведаеце, чым адрозніваюцца беларускія чыноўнікі ад любых іншых? Сваім катэгарычным нежаданнем прымаць рашэнні. Яны ветліва сустрэнуць любога інвестара, распавядуць яму пра цудоўныя перспектывы, смачна накормяць і падпішуць любыя пратаколы аб намерах і мемарандумы аб паразуменні. Але як толькі дойдзе да пэўнага рашэння — скажам, перадаць інвестару пустуючы і напаўразбураны свінарнік у Ганцавічах, — беларускі чыноўнік нічога падпісваць не будзе.
Але і адмаўляць не стане. Ён перадасць рашэнне пытання вышэйстаячаму службоўцу. Той — яшчэ больш вышэйстаячаму, і так да ўзроўню асабіста прэзідэнта. Таму што беларускі чыноўнік ведае: сёння ён аддасць гэты свінарнік інвестару, а заўтра да яго прыйдзе КДК і спытае: «Чаму аддаў за капейкі? Які хабар атрымаў?» І не давядзеш потым, што хабару не было, што той свінарнік і дарма нікому не патрэбен быў… Ды і наогул, чыста беларускі падыход — абы чаго не выйшла — найболей ярка выяўляецца менавіта ў адносінах з інвестарамі.
Што зараз рабіць?
Усё павінна быць своечасова. Сёння Беларусі ўжо не варта рабіць стаўку ні на інвестыцыі, ні на маштабную прыватызацыю. Прыватызаваць ужо па сутнасці няма чаго — за два дзясяткі гадоў кансервацыі ў стане позняга сацыялізму нашы прадпрыемствы ў большасці перасталі быць цікавымі для інвестараў. Сёння больш рацыянальна накіраваць высілкі на рынкавыя рэформы, на рэструктурызацыю прадпрыемстваў. Варта даць больш волі кіраўнікам і самастойнасці суб’ектам гаспадарання — толькі тады стане магчыма выратаванне беларускай эканомікі па «метаду Мюнхаузена» — гэта значыць выцягваннем самога сябе з дрыгвы за валасы.
Такога меркавання прытрымліваецца, у прыватнасці, Даніэль Круціна — партнёр міжнароднай кансалтынгавай кампаніі «Civitta». Падчас абмеркавання незалежнымі экспертамі перспектыў развіцця бізнесу ў Беларусі ён сказаў: «Я думаю, той час, калі ў Беларусь можна было прыцягнуць замежных інвестараў праз прыватызацыю ў дзяржкампаніях, у прынцыпе мінуў і ўжо не вернецца — у бліжэйшыя 10–15 гадоў мінімум. Таму што той бізнес, які жадаў лакалізавацца, ён у прынцыпе ўжо лакалізаваўся».
Па ягоным меркаванні, цяпер рэгіён з’яўляецца малапрывабным для інвестараў. Чыннікі — сыравінная залежнасць Беларусі ад Расіі, нярынкавасць эканомікі, нізкі тэхналагічны ўзровень і іншыя фактары. «Ставіць на інвестыцыі, на прыцягненне іх у вялікім маштабе не варта. На мой погляд, Беларусі трэба ставіць у асноўным на мабілізацыю ўнутраных сіл, на рэарганізацыю прадпрыемстваў, на дыверсіфікаванне экспартных рынкаў», — лічыць Даніэль Круціна.
Па-за межамі інфаграфікі засталіся Турцыя, Іран, ЗША, Германія. А таксама прымежныя фундатары: Эстонія, Латвія і Літва, для якіх Беларусь патэнцыйна цікавая як блізкая тэрыторыя, за чый кошт можна пашырыць лакальны балтыйскі рынак. Прыкметны і аб’ём польскіх інвестыцый: палякаў у свой час зацікавілі вольныя эканамічныя зоны ў прымежных Брэсце і Гродна, калі яны зразумелі, што, літаральна не адыходзячы ад польскай мяжы, ёсць магчымасць інвеставаць у вытворчасць на палегчаных падатковых умовах.