Бездапаможнасць сістэмы

Падаецца, Рыгоравіч пачаў кампанію па пераабранні сябе, любага, на чарговы тэрмін кіраўніка Сінявокай. Зразумела, яго нязменная сяброўка спадарыня Ярмошына намалюе яму столькі, колькі ён захоча. Але ў сучасных варунках гэтыя лічбы «элегантнай перамогі» трэба нечым пацвердзіць. То-бок, зрабіць нешта такое, каб можна было сказаць: «Вось менавіта з-за гэтага народ і падтрымаў нашага лідара!»

depositphotos_15356165_l_2015.jpg

Атрымліваецца пакуль не вельмі добра. Найперш, кіраўнік Беларусі паспрабаваў перацягнуць на сябе імідж «адзінага барацьбіта за незалежнасць Беларусі». Ён шмат кажа пра тое, што незалежнасць і суверэнітэт — гэта святое, гэта нікому не аддадзім, і гэтак далей. Але такім заклінанням шмат хто веры не дае. Таму што, па-першае, усе памятаюць, хто стварыў праект «Саюзнай дзяржавы» ды хто і з якой нагоды ў Крамлі пабіў келіх, як «чалавек не то неп’юшчы, не то мала п’юшчы».

У той жа час, як гэта звычайна бывае, свінню Аляксандру Рыгоравічу падклала Міністэрства ўнутраных спраў. Штрафы за «маршы ў абарону незалежнасці» агулам перасягнулі па суме 60 тысяч долараў. Мажліва, гэта звязана з тым, што кіраўнік Беларусі папросту прыраўнаваў, і сапраўды жадае застацца адзіным барацьбітом за незалежнасць. Аднак карныя дзеянні судоў выглядаюць на тое, што нельга несанкцыянавана выступаць нават у падтрымку дзеянняў існага кіраўніка дзяржавы. І звычайныя людзі перажываюць нейкі «разрыў шаблону»: з аднаго боку, выступы за незалежнасць караюцца, з іншага — гарант выступае за тую ж незалежнасць. Значыць, хтосьці хлусіць.

Да таго ж Рыгоравіч сам сабе псуе малюнак, кажучы, што мы штогод стаім «на каленях, просячы нафту ў Расіі». Неяк не вяжацца з іміджам «ненахіляемага».

Зноў пачаўся розыгрыш традыцыйнай карты. Кіраўнік краіны чарговым разам спрабуе стаць «галоўным антыкарупцыянерам». У мінулую пятніцу сілавікі разгарнулі самалёт Мінск—Мюнхен проста ў паветры, каб зняць з борту дырэктара Гарадзейскага цукровага камбіната Міхаіла Крыштаповіча і дырэктара Слуцкага цукрарафінаднага завода Мікалая Прудніка. З працоўнага месца знік дырэктар Жабінкаўскага цукровага завода Віктар Міронаў, а таксама Зміцер Ягораў, які ўзначальвае завод у Скідзелі. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, па «цукровай справе» ўжо затрыманыя 11 чалавек. Паводле тых жа неафіцыйных звесткак, па справе праходзіць і кіраўнік Беларускай цукровай кампаніі Дзмітрый Кірылаў.

Гэта выклікала шквал каментараў. Напрыклад, эканаміст Леанід Заіка падлічыў, што мы купляем цукар-сырэц па 25 цэнтаў за кілаграм, а прадаём насельніцтву гатовы цукар па 75 цэнтаў. Прычым, Расіі той жа цукар штурхаем па 50 цэнтаў. Атрымліваецца, што на цукры можна «наварыць» звышпрыбытак. Нават калі з улікам вытворчасці, сабекошт цукру атрымліваецца 40 цэнтаў, то рэнтабельнасць яго (з улікам кошту для беларусаў) вельмі вялікая.

Можа быць, Аляксандр Рыгоравіч плануе разгарнуць гэтую справу якраз пад выбары — у ліпені-жніўні, калі людзі масава вараць варэнне, скінуць кошты на цукар, забяспечыўшы сваю папулярнасць?

Але гэта вельмі танны прыём, які наўрад ці дасць чаканы вынік. Народ ужо задаецца пытаннем: да чаго прывяла маштабная «справа медыкаў» мінулага года? Можа, кошты на лекі знізіліся? Ці бальніцы раптам напоўніліся сучасным медыцынскім абсталяваннем? Альбо заробак у дактароў значна вырас?

Нічога гэтага не адбылося — апроч таго, што за краты пасадзілі з дзясятак чалавек. То-бок, перавялі іх з адной катэгорыі бюджэтнікаў у іншую, бо месцы зняволення фінансуюцца з бюджэту таксама, як і медыцына. Большых вынікаў проста няма.

Можна смела прарочыць, што «цукровая справа» скончыцца гэтак жа. Проста таму, што дырэктары цукровых заводаў да кошту цукру, насамрэч, ніякага дачынення не маюць. «Цукар белы крышталічны» — гэта пункт шосты ў пераліку сацыяльна значных тавараў, кошты на якія рэгулююцца ўказам кіраўніка дзяржавы яшчэ ад 2011 года. А таму ў «завоблачных» коштах на цукар вінаваты той, хто стварыў і падпісаў гэты ўказ. Адпаведна, у межах «цукровай справы» кіраўнік Беларусі павінен арыштаваць сам сабе. Ці дачакаемся?

Ну і, канешне ж, напярэдадні пасяўной наш кіраўнік чарговым разам заклапаціўся станам сельгаспрадпрыемстваў — цяпер на прыкладзе Віцебскай вобласці. Пазыкі прадпрыемстваў Віцебшчыны перавысілі паўтара мільярда (!!!) долараў! А таму Лукашэнка заявіў: «Размовы пра спісанне даўгоў быць не можа!» І ў той жа час: «Гаворка можа ісці толькі пра нейкую атвору, каб маглі свежага паветра глынуць».

А «атвора», аказваецца — гэта назапашванне пазыкаў. «Ці пакідайце гэтыя даўгі ў калгасах і саўгасах (мы іх адтэрмінуем, і банкі будуць на іх у перыяд адтэрміноўкі нармальна глядзець, а не каэфіцыенты лічыць), ці мы перададзім гэтыя даўгі галаўному прадпрыемству, ці акумулюем у агенцтве (сярод прапаноў — стварыць арганізацыю па кіраванні даўгамі)», — сказаў Лукашэнка.

То-бок, аддаваць даўгі насамрэч ніхто не збіраецца. Больш за тое, Румас прапанаваў Лукашэнку правесці «тэхнічную расчыстку» балансаў прадпрыемстваў, каб у іх на балансах не лічылася даўгоў. Гэта аўтаматычна паляпшае каэфіцыенты плацежаздольнасці прадпрыемстваў, яны стануць больш прывабнымі пазычальнікамі.

Больш прывабнымі пазычальнікамі! Напэўна, для таго, каб яны зноў набралі пазыкаў? Добрая рэформа, здымаю капялюш.

Але самая цікавая прапанова — па падтрымцы маладых спецыялістаў у сельгаспрадпрыемствах. Падавалася б, што тут складанага: зарабіў — атрымай. Не зарабіў — не атрымаеш. Але Лукашэнка пачаў казаць пра фонд падтрымкі маладых спецыялістаў, які павінен фарміравацца вельмі дзіўна. «Багатых людзей нямала. Папрасіце ў іх крыху, хай дадуць вам у гэты фонд, разумеючы, што нам трэба сялян ратаваць. А вы з гэтых фондаў будзеце падтрымліваць спецыялістаў. Ці яшчэ нейкі варыянт знайдзіце», — сказаў Лукашэнка.

То-бок, сяляне павінны не зарабляць, а хадзіць з працягнутай рукой па «багатых людзях»? А можа быць, адразу іх адправіць пабірацца ў электрычкі і на вакзалы?

Будзем шчырымі: такімі захадамі ўзняць АПК не атрымаецца. Але іншага рэцэпту, акрамя як «забраць у багатых і падзяліць паміж беднымі» ў сённяшняй улады, падаецца, няма.