Чым закончыцца «цукровая справа»?
Мяркуючы па ўсім, хутка лясне ў нас і цукровая вытворчасць. І ўладам трэба паказаць перад выбарамі народу вінаватых...
Старшыня Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук распавявёў «Радыё Рацыя», чаму ў яго з’явілася шмат пытанняў да «цукровай справы».
Нагадаем, што да гэтага часу ні КДБ, ні Следчы камітэт не зрабілі ніякіх афіцыйных заяў з гэтай нагоды.
Аляксандр Ярашук адзначыў:
— Пакуль у справе шмат незразумелага, але, мяркую, сілавікі будуць вымушаны нейкім чынам абгрунтаваць затрыманні. Магчыма, будуць абвінавачванні ў злоўжываннях службовым становішчам, карупцыі, хабарніцтве… У любым выпадку, сілавікі паспрабуюць захаваць твар і будуць нейкім чынам абгрунтоўваць свае дзеянні. Але, як мне падаецца, у гэтай сітуацыі здалі нервы ў беларускага кіраўніка, бо вярнуць самалёт з Польшчы ў Беларусь і кінуць дырэктараў усіх прадпрыемстваў за краты — гэта абсалютна непрадказальнае і эмацыйнае рашэнне.
— З чым гэта, на ваш погляд, насамрэч звязана?
— У краіне цяжкае эканамічнае становішча на многіх прадпрыемствах, уключаючы і некаторыя цукровыя заводы. Але найперш вінаватыя ў гэтым становішчы выключна беларускія ўлады з іх палітыкай. Гэта яны давялі краіну да такога стану, рэгулюючы цэны.
Да гэтага часу кошты на сельскагаспадарчую прадукцыю (на тыя ж цукровыя буракі) рэгулююцца, яны не рынкавыя. І цукровыя камбінаты вымушаны гэтыя буракі купляць па той цане, якую дыктуе дзяржава.
У той жа Расіі ў гэтай галіне даўно ўжо рынкавыя адносіны, і там зусім іншая матывацыя ў людзей. Суадносна, і эфектыўнасць больш высокая. Дарэчы, расійскі рынак — гэта адзін з самых галоўных для беларускіх цукровых заводаў. І каб там канкурыраваць, мы прадаем цукар у Расію ў два разы ніжэй за сабекошт.
Магчыма, нейкая віна кіраўнікоў прадпрыемстваў за тое, што ёсць дэбіторская запазычанасць маецца, але ўсё гэта ў канчатковым выглядзе рэгулюецца дзяржавай. Але ж яе кіраўніцтва ніколі не скажа: “Мы тут таксама вінаваты”. Так што, мяркуючы па ўсім, хутка лясне ў нас і цукровая вытворчасць. І ўладам трэба паказаць перад выбарамі народу вінаватых.
Кастусь Заблоцкі,
Беларускае Радыё Рацыя