Беларускія ўлады хочуць расчысціць дарогу экспарту і абмежаваць імпарт
Цэнтральнай тэмай паседжання Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы, які адбыўся на гэтым тыдні ў Маскве, стала пытанне зняцця бар'ераў у беларуска-расійскім гандлі. Каб вырашыць праблему,
урады дзвюх краін распрацавалі сумесны план дзеянняў.
Разам з тым, эксперты мяркуюць, што пратэкцыянізм, які ўласцівы дзяржавам Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС), не дазволіць ліквідаваць усе бар'еры ва ўзаемным гандлі і новыя падставы для гандлёвых войнаў будуць з'яўляцца.
Новыя перашкоды на шляху свабоднага гандлю
Нягледзячы на пачатак функцыянавання ЕАЭС, у які ўваходзяць, акрамя Беларусі і Расіі, яшчэ Казахстан і Арменія, перашкод для свабоднага перамяшчэння тавараў пакуль шмат.
Па дадзеных Еўразійскай эканамічнай камісіі (ЕЭК), на пачатак 2015 года ў ЕАЭС налічвалася каля 30 перашкод на шляху свабоднага перамяшчэння "адчувальных груп тавараў".
У прыватнасці, выключэнні з рэжыму свабоднага руху тавараў на сённяшні дзень захоўваюцца па энерганосьбітах, алкагольнай, тытунёвай прадукцыі, лекавых прэпаратах, рыбе.
Афіцыйныя асобы Беларусі і Расіі заяўляюць сёння аб неабходнасці ліквідацыі гандлёвых бар'ераў, каб забяспечыць свабоднае перамяшчэнне тавараў унутры ЕАЭС. "Усе гэтыя бар'еры трэба здымаць", — заявіў на гэтым тыдні ў Маскве Аляксандр Лукашэнка, прымаючы ўдзел у пасяджэнні Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы.
Разам з тым, пакуль гандлёвыя бар'еры захоўваюцца і нават з'яўляюцца новыя абмежаванні доступу тавараў на рынкі ЕАЭС.
Да ліку існуючых у Беларусі перашкод для свабоднага перамяшчэння тавараў ЕЭК, у прыватнасці, адносяць дзеючы тут інстытут спецімпарцёраў.
На думку ЕЭК, наяўнасць такога інстытута, які выяўляецца ў прадастаўленні дзяржавай выключнага права на імпарт прадукцыі вузкаму колу прадпрыемстваў, "прыводзіць да бар'ераў пры пастаўках прадукцыі з Казахстана і Расіі".
Інстытут спецімпарцёраў захаваўся ў Беларусі на алкагольным і тытунёвым рынках. Пры гэтым паказальна, што на названых рынках падакцызных тавараў з'яўляюцца новыя абмежаванні. Калі раней дзяржава абмяжоўвала колькасць імпарцёраў алкагольнай і тытунёвай прадукцыі, то цяпер вызначае і аптавікоў, якія змогуць працаваць на рынку падакцызных тавараў.
Так, у лютым быў прыняты ўказ прэзідэнта № 92, згодна з якім займацца аптовым гандлем тытунёвай і алкагольнай прадукцыяй могуць толькі яе вытворцы, заказчыкі такой прадукцыі, дзяржаўныя прадпрыемствы і арганізацыі з дзярждоляў. Прыватныя кампаніі і індывідуальныя прадпрыемствы з другога паўгоддзя 2015 года пазбаўляюцца ў Беларусі права займацца аптовым гандлем тытунёвымі вырабамі і алкагольнай прадукцыяй.
Удзельнікі рынку патлумачылі гэта рашэнне імкненнем дзяржавы "максімальна канцэнтраваць абарот падакцызных тавараў вакол дзяржаўных структур". На думку галіновых экспертаў, дзяржава ідзе на гэтую ахоўную меру, каб не дапусціць некантралюемага ўвозу імпартных тавараў у будучыні, калі інстытут спецімпарцёраў прыйдзецца ліквідаваць (у сувязі з выкананнем еўразійскіх абавязацельстваў).
Некантралюемы імпарт падакцызных тавараў можа паставіць мясцовых вытворцаў у складанае эканамічнае становішча, і дзяржава, мабыць, хоча прадухіліць такое развіццё падзей.
"Таму нават у выпадку бачнай лібералізацыі напэўна будзе захоўвацца жаданне дзяржавы пакідаць пад кантролем прыбытковыя сектары эканомікі — алкагольны і тытунёвы рынак", — так пракаментаваў сітуацыю эксперт, знаёмы з сітуацыяй на рынку падакцызных тавараў.
Дарэчы, сёння дзяржаўнае рэгуляванне вяртаецца нават на тыя сегменты рынку, на якіх афіцыйна адбылася лібералізацыя. У прыватнасці, размова ідзе пра рыбную прадукцыю.
Так, з пачатку года па ўказе прэзідэнта адменены інстытут спецімпарцёраў на пастаўкі рыбнай прадукцыі ў краіну. Аднак ужо ў канцы студзеня Беларусь узмацніла ветэрынарны кантроль у дачыненні да многіх тавараў, якія паступаюць у Беларусь з Расіі, у тым ліку і рыбнай прадукцыі. У выніку яе пастаўшчыкі з РФ зараз павінны атрымліваць у Беларусі дазвол (сертыфікат) на ўвоз такіх тавараў.
Эксперты: пратэкцыянізм жывучы
Аналітыкі лічаць, што Беларусь узмацніла ветэрынарны кантроль, рэагуючы на дзеянні Рассельгаснагляду, які ўводзіў цягам апошніх месяцаў розныя забароны на пастаўкі беларускай мясной і малочнай прадукцыі на расійскі рынак.
"Сертыфікацыя рыбнай і іншай прадукцыі, якая паступае з Расіі, — гэта мера Беларусі ў адказ на прэтэнзіі, якія прад'яўляе Рассельгаснагляд. Дзякуючы ўзмацненню ветэрынарнага кантролю ў беларускага боку з'явіўся інструмент для кіравання імпартам з Расіі", —лічыць эканамічны аглядальнік Таццяна Манёнак, якаяіз 1990- х вывучала гандлёвыя бар'еры, што ўзнікаюць на беларускім рынку.
Афіцыйны Мінск сёння прапануе Маскве зняць гандлёвыя бар'еры ва ўзаемным гандлі. Прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў заявіў на гэтым тыдні, што беларускія прадпрыемствы зацікаўленыя ў вольным доступе на расійскі рынак, які несувымерна больш ўнутранага.
"Адно з актуальных пытанняў сёння для Беларусі — павелічэнне золатавалютных рэзерваў, у тым ліку за кошт нарошчвання экспарту. У той жа час беларускі экспарт, па дадзеных за чацвёрты квартал 2014-га і студзень 2015 года, сур'ёзна асеў на ўсходнім кірунку. Таму Беларусь сёння асабліва зацікаўленая ў фарміраванні спрыяльных умоў для доступу беларускіх тавараў на расійскі рынак ", — тлумачыць эканаміст Антон Балточка.
Адначасова, лічыць эксперт, Беларусь будзе прыкладаць усялякія намаганні для таго, каб абмежаваць імпарт.
"Пралангацыі на 2015 год 361-га ўказу, які фактычна прымушае імпарцёраў выплачваць ПДВ двойчы, толькі пацвярджае, што робіцца ўсё для скарачэння імпарту. Мяркуючы па ўсім, адзін з асноўных трэндаў гэтага года будзе выяўляцца ў татальным абмежаванні імпарту", - лічыць Балточка.
Беларускія эканамісты канстатуюць, што меры па абмежаванні імпарту супярэчаць заявам беларускіх уладаў аб неабходнасці ліквідаваць гандлёвыя бар'еры ў ЕАЭС.
"Існуючы ў Беларусі парадак абароны ўнутранага рынку супярэчыць тым дэкларацыям, якія мы чуем на міждзяржаўным узроўні. Адзін са слупоў беларускай эканамічнай палітыкі - пратэкцыянізм, абарона айчынных, пераважна дзяржаўных арганізацый. Таму чакаць зняцця бар'ераў і забеспячэння бесперашкоднага доступу тавараў на беларускі рынак не даводзіцца" , - перакананы кіраўнік Навуковага даследчага цэнтра Мізэса Яраслаў Раманчук.
У выніку, на думку аналітыкаў-міжнароднікаў, глеба для гандлёвых войнаў у ЕАЭС будзе захоўвацца.
"У краінах, якія аб'ядноўвае Еўразійскі эканамічны саюз, бачная схільнасць урадаў да абароны ўнутранага рынку за кошт выкарыстання адміністрацыйных мер. Таму цалкам дакладна можна сказаць, што паміж дзяржавамі ЕАЭС будуць узнікаць гандлёвыя спрэчкі", — мяркуе дырэктар па даследаваннях "Ліберальнага клуба" (Мінск ) Яўген Прэйгерман.
Ён звярнуў увагу на тое, што чыноўнікі краін ЕАЭС не з'яўляюцца перакананымі прыхільнікамі рынкавай мадэлі эканомікі, прадпрыемствы на тэрыторыі саюза прывыклі працаваць пад апекай дзяржавы. І таму, робіць выснову эксперт, меры па абароне ўнутранага рынку будуць захоўвацца.
"Рэальны сектар Беларусі зацікаўлены ў захаванні ахоўных мер і абмежаванні імпарту. Многія беларускія прадпрыемствы прывыклі працаваць у такіх умовах, ім так прасцей", - рэзюмаваў
Прэйгерман.
Дзмітрый Заяц, БелаПАН.