Больш за 60% флагманаў Беларусі зваліліся ў фінансавую яму
Чыноўнікі апублікавалі першыя фінансавыя вынікі 2021 года. Буйныя і сярэднія прадпрыемствы краіны паказалі сумныя вынікі.
Адзін з галоўных паказчыкаў эфектыўнасці працы бізнесу без ўвязкі з пазыковай нагрузкай і курсавымі розніцамі — гэта рэнтабельнасць продажаў. Рэнтабельнасць продажаў адлюстроўвае суадносіны прыбытку ад рэалізацыі прадукцыі і выручкі. Як правіла, чым вышэй рэнтабельнасць, тым вышэй эфектыўнасць дзейнасці прадпрыемства. Дакладна і адваротнае: ніжэй рэнтабельнасць — ніжэй эфект ад продажу прадукцыі, тлумачаць banki24.by.
У бюлетэнях дзяржорганаў кампаніі з рэнтабельнасцю ніжэй за нуль (стратныя) і з рэнтабельнасцю 0-5% звычайна адносяць да нізкаэфектыўных. Гэтыя прадпрыемствы — першыя кандыдаты на вылет з галіны ў выпадку зацяжнога крызісу.
Фінансавая статыстыка выходзіць з большым лагам, чым вытворчыя паказчыкі. Сёння самымі актуальнымі звесткамі з’яўляецца інфармацыя за студзень 2021 года. У студзені 2021-га каля 61,3% буйных і сярэдніх прадпрыемстваў рэальнага сектара былі альбо стратныя, альбо мелі рэнтабельнасць 0-5%. У гэтай катэгорыі кампаній нерэнтабельнымі з’яўляліся 29,9%, а нізкапрыбытковымі — 31,3%.
Па Мінску доля нізкаэфектыўных прадпрыемстваў дасягнула 56%, прычым удзельная вага стратных склала 32%.
Зрэшты, на фоне вынікаў кампаній у абласцях нават гэта нядрэнны вынік. Сярод абласцей у найгоршым становішчы знаходзілася Магілёўская. У гэтым рэгіёне доля стратных флагманаў склала 32%, а ўдзельная вага нізкаэфектыўных — аж 71,2%. Цікава, што паралельна ў Магілёўскай вобласці назіраюцца самыя нізкія заробкі і самая высокая працоўная нагрузка ў краіне.
Найлепшай у ліку абласцей стала Гродзенская, дзе знайшлося 25,8% стратных флагманаў і 55,7% нізкаэфектыўных. У Брэсцкай вобласці гэтыя паказчыкі склалі 28,6% і 58%, у Віцебскай — 31,4% і 66,2%, у Гомельскай — 25,3% і 65,4%, у Мінскай — 32,4% і 61,3%.
У сельскай гаспадарцы доля стратных валаўтваральных прадпрыемстваў дасягнула 24,4%, уразлівых — 59,3%, у прамысловасці — 28,7% і 56,3%, у будаўніцтве — 35,1% і 66,3%, у аптовым гандлі — 33,3% і 74,6%, у раздробным гандлі — 43,3% і 88%, на транспарце — 36,9% і 72,2%.
Традыцыйна для апошніх месяцаў у цяжкім становішчы знаходзяцца гасцініцы і рэстараны. Доля стратных кампаній сярод флагманаў склала 50%, а ўразлівых — 88,6%. Гэтая галіна насычана прыватным бізнесам і атрымала вельмі мала падтрымкі ад дзяржавы падчас вострай фазы каронакрызісу 2020 года.