Цэнтрабанк РФ павысіў ключавую стаўку. Гэта можа ўдарыць па беларускім экспарце
Мала што добрага можна сказаць пра расійскія ўлады, але расійскія ўлады прынамсі думаюць пра сваю фінансавую стабільнасць. У адрозненне ад беларускіх. Расійскі Цэнтрабанк у пятніцу павысіў ключавую стаўку адразу да 18 адсоткаў. І гэта не вельмі добрая навіна для беларускага экспарту.
![_finansy___ekanomika___hroszy__fota_novy_czas__1__logo.jpg _finansy___ekanomika___hroszy__fota_novy_czas__1__logo.jpg](/img/v1/images/_finansy___ekanomika___hroszy__fota_novy_czas__1__logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1718703951&w=528)
Умовы пагаршаюцца
Што гэта можа здарыцца, Цэнтрабанк папярэдзіў яшчэ ў чэрвені, піша planbmedia.io. Расійская эканоміка перагрэтая, а інфляцыя ў Расіі застаецца значна вышэйшай за чаканні. Настолькі, што Цэнтрабанку прыйшлося перагледзець свае прагнозы.
Цяпер запаволенне інфляцыі да 4-4,5 працэнтаў Цэнтрабанк чакае толькі ў 2025 годзе. На гэты год прагноз па інфляцыі быў павышаны да 6,5-7 працэнтаў. І нават гэта не дакладна. Паводле стану на 22 ліпеня гадавая інфляцыя ў Расіі вырасла да 9 адсоткаў.
«Грашова-крэдытныя ўмовы працягваюць ўзмацняцца», — гаворыцца ў заяве ЦБ.
Таму ЦБ не збіраецца спыняцца. Паводле яго прагнозу, сёлета сярэдні ўзровень стаўкі можа скласці 19,4 працэнта. Гэта значыць, наперадзе новыя павышэнні. І гэта дрэнныя навіны для беларускіх экспарцёраў.
Усё, як у нас
Мэта павышэння стаўкі — астуджэнне расійскай эканомікі, якая, на думку расійскіх фінансістаў, занадта моцна разагналася. Напампаваная бюджэтнымі субсідыямі расійская эканоміка расце як не ў сябе.
Але гэта не такі рост, якому трэба радавацца. Расійская эканоміка не вырабляе больш тавараў для жыцця. Расійская эканоміка вырабляе прылады смерці. А ліхаманкавы спажывецкі попыт забяспечваюць ваенныя выплаты і рост заробкаў, звязаны з дэфіцытам на рынку працы.
«У гэтых умовах рост унутранага попыту не прыводзіць да суразмернага пашырэння прапановы тавараў і паслуг, а ў большай ступені павялічвае выдаткі кампаній і, як следства, узмацняе інфляцыйны ціск», — гаворыцца ў заяве расійскага рэгулятара.
Увогуле ўсё дакладна, як у нас. Беларуская эканоміка таксама расце за кошт расійскіх вайсковых выдаткаў. Заробкі ў Беларусі таксама павялічваюцца праз недахоп працоўнай сілы. Праўда, у Расіі працоўнай сілы не стае праз тое, што ўсе сышлі на фронт, а з Беларусі людзі бягуць самі. Але вынік ад гэтага не мяняецца.
Толькі, у адрозьненьне ад расійскіх уладаў, беларускія ўлады лічаць эканамічны рост сваім вялікім жыцьцёвым посьпехам. Хоць, паводле ацэнкі экспертаў BEROC, перагрэў эканомікі ў Беларусі дасягнуў ужо 3,5 адсотка. А інфляцыю ў краіне на ўзроўні крыху ніжэй за 6 працэнтаў падтрымлівае толькі дзяржаўнае рэгуляванне цэн, якое па дарозе забівае фінансы беларускіх прадпрыемстваў.
Але нічога з гэтым рабіць беларускія чыноўнікі не збіраюцца. Таму што нельга сур'ёзна ўспрымаць у якасці меры па астуджэнні попыту павышэнне Нацбанкам на палову працэнтнага пункта стаўкі па крэдыце овернайт. Беларускім чыноўнікам думаць аб фінансавай стабільнасці няма калі. Яны занятыя тым, што ганарацца сваімі дасягненнямі.
Глядзіце таксама
![Не хапае 180 мільярдаў: Дзе Беларусі знайсці грошы для развіцця? Дзе браць грошы на развіццё? У дзяржавы сродкаў няма, а прыватнікі не хочуць укладвацца](/img/v1/images/zanoczy_marsz_fota_dzmitryja_dzmitryeva__11__logo__1__1.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1721727253&w=660)
Усё ўжо прыдумалі за нас
Праўда, можа так атрымацца, што не будзе ні фінансавай стабільнасці, ні росту. Але падвышэнне стаўкі расійскім Цэнтрабанкам можа прытармазіць не толькі расійскую эканоміку. Гэта павышэнне можа яшчэ пашкодзіць беларускаму экспарту ў Расію.
Павышэнне стаўкі азначае, што крэдыты ў Расіі стануць даражэйшымі. Падаражэнне крэдытаў вядзе да запаволення тэмпаў эканамічнага і зніжэння спажывецкага попыту. Чым ніжэй тэмпы росту і спажывецкі попыт, тым менш запыт на імпарт. Гэта значыць, беларускаму экспарту ў Расію будуць перашкаджаць не толькі злыя канкурэнты з Кітая і Турцыі. Яму будзе замінаць яшчэ і астуджэнне расійскай эканомікі.
Пры ўсіх поспехах беларускага імпартазамяшчэння разлічваць беларускім таварам акрамя расійскага рынку асабліва няма на што. На долю Расіі па-ранейшаму прыпадае 60-65 працэнтаў беларускага экспарту.
Так што, улічваючы канкурэнцыю, любое зніжэнне попыту на расійскім рынку можа падарваць росквіт беларускага знешняга гандлю. А разам з ім і поспехі ў росце беларускай эканомікі.
Беларускія ўлады не хацелі астуджаць эканоміку, якая
разагналася, самі, дык за іх гэта можа зрабіць стаўка Цэнтрабанка Расіі. І
такім спосабам, які беларускай эканоміцы
наўрад ці спадабаецца.