«Ціснулі каленам, пакуль не памёр». Паліцыянты ў Махачкале забілі «ветэрана СВА»

Сёння ў сацсетках з'явілася шок-відэа, на якім супрацоўнікі паліцыі Махачкалы здзекуюцца над затрыманым удзельнікам так званай «спецыяльнай ваеннай аперацыі». Увесь час ён быў закаваны ў кайданкі і не мог аказваць супраціву. Яму відавочна было дрэнна. Аднак сілавікі не проста здзекаваліся з яго, яны нават не паспрабавалі зразумець, што яму патрэбная медыцынская дапамога.

Скрыншот з тэлеграм-канала Baza

Скрыншот з тэлеграм-канала Baza

Затрыманы памёр прама ў пакоі для допытаў. СК РФ па Дагестану распачаў справу.

Відэа катаванняў апублікаваў тэлеграм-канал Baza. Інцыдэнт адбыўся яшчэ 9 ліпеня. У той дзень 48-гадовы ўдзельнік вайны Ахмед Джабраілаў, узброіўшыся нажом і ў вельмі «узбуджаным стане», «хаваўся, бегаў», залез на дах дома. Пазней яго маці распавяла, што сын на некалькі хвілін пазнаў яе, але потым пачаў пытацца, якое ў яе званне і хто яна.

А да гэтага ён, са слоў маці, сказаў: «Мама, я доўга жыць не буду».

Паколькі «буйнага» «ветэрана» ніяк не маглі ўціхамірыць, выклікалі супрацоўнікаў паліцыі. Яны прыехалі, размаўлялі з ім, закавалі ў кайданкі і павезлі ў аддзяленне. А, прыкладна, праз гадзіну яго бацькам паведамілі, што ён памёр прама ў пакоі для допытаў нібыта ад спынення сэрца.

Тады рэгіянальны СК РФ распачаў крымінальную справу па факце смерці Джабраілава. Бацькі загінулага распавядалі пра дзеянні сілавікоў, якія нават «самі выклікалі на месца хуткую». «Спрабавалі яго ўгаварыць, прынеслі ваду піць. Ён валяўся, яго ўздымалі. Ніякай фізічнай сілы да яго паліцыя не ўжывала. Руку на яго ніхто не падняў. Навошта такое казаць, яны як мае дзеці», — плакала ў следчага забітая горам маці.


Глядзіце таксама

Але сёння ў сетцы з'явіўся відэазапіс, на якім выразна відаць, як шасцёра супрацоўнікаў паліцыі падвяргаюць здзекаванням закутага ў кайданкі Джабраілава прама ў пакоі для допытаў. Яго штурхалі, білі, уставалі на ногі, заціскалі каленам грудную клетку, білі электрашокерам.

Відэазапіс без гуку, але на кадрах відаць, што людзі ў пагонах пастаянна нешта кажуць Джабраілаву. Ён некалькі разоў тузануў нагамі і перастаў дыхаць. Толькі тады паліцэйскія выклікалі брыгаду медыкаў, але яны ўжо нічым не змаглі дапамагчы, канстатаваўшы смерць.

Пасля апублікавання гэтых кадраў стала зразумела, чаму следчы задаваў маці Ахмеда пытанне пра «фізічнае ўздзеянне». Праўда, адбылося яно не на вачах у бацькоў, а пазней.

Эксперты ўстановяць прычыну, якая прывяла да смяротнага зыходу. Адзначаецца, што нават калі ў мужчыны на нейкі момант памутніўся розум, гэта не падстава так здзекавацца.

У каментарах да видэа шмат абурэння дзеяннямі сілавікоў, піша bloknot.ru.

«Якое дно!», «Спачатку забілі, а потым хуткую выклікалі!», «Ціснулі каленам, пакуль не памёр» — такіх і аналагічных каментароў у сацсетках маса. І ўсе, хто дагледзеў гэтыя шакавальныя кадры да канца, упэўненыя: менавіта супрацоўнікі паліцыі «забілі мужыка».