Як карэта беларускага росквіту паволі ператвараецца ў гарбуз
У расійскай эканоміцы — стагнацыя. А рост беларускага экспарту на далёкай дузе выглядае пераканаўча, толькі калі лічыць яго ў працэнтах, у параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года. А калі ў грошах — то ён наогул ніякіх не выглядае, разважае аўтар тэлеграм-канала «Лісты да дачкі».
Буду я сёння пра сумнае. Учора нехта быў вельмі незадаволены. Таму што ён з усімі пра ўсё дамовіўся. Вырашаў усе пытанні на ўсіх рынках. Стратэгічна павырашаў і тактычна.
І цяпер міністрам засталося зрабіць зусім дробязь — трэба пайсці на гэтыя рынкі і што-небудзь на гэтых рынках прадаць. А яно не прадаецца.
А ўсё чаму? Таму што сёй-той пра ўсё дамовіўся, а міністры ў яго не ўмеюць працаваць. І ёсць чаму засмучацца! Не таму, вядома, што міністры не ўмеюць працаваць. Якіх міністраў ты сам сабе падабраў — так яны табе і працуюць.
А рынкі сапраўды не радуюць. І больш за ўсё не радуе расійскія рынак, які наша ўсё. Таму што ў расійскага рынку няма ніякага разумення тонкасці геапалітычнага моманту і сваёй важнасці для беларускай стабільнасці. На расійскі рынак пускаюць каго-заўгодна, а беларускі экспарт праз гэта пакутуе.
Беларускія ўлады хацелі, каб сёлета экспарт у Расію вырас на 7 працэнтаў, а ён замест гэтага наадварот упаў. Беларускіх аўтобусаў, якія літаральна гараць на працы, туды сёлета прадалі ў паўтара раза менш, чым год таму. І грузавікоў менш, і трактароў, і халадзільнікаў.
І далей лепш не стане. Таму што расійскі Цэнтрабанк падняў стаўку да 18 працэнтаў і сказаў, што час эканамічных цудаў скончыўся. Што ніякіх цудаў далей не будзе, а будзе толькі адна суцэльная стагнацыя. Калі не сказаць яшчэ больн жорстка.
А стагнацыя — гэта такі стан эканомікі, калі ёй трэба значна менш імпартных трактароў, грузавікоў і халадзільнікаў, чым раней. Было б свае куды падзець.
Гэта значыць, беларускім трактарам і аўтобусам трэба шукаць сабе іншыя рынкі збыту. А дзе ты іх зараз знойдзеш? Іншыя рынкі збыту — гэта для беларускага экспарту апошнім часам адно суцэльнае расчараванне. Таму што ў Кітаі, які наша другое ўсё пасля расійскага рынку, беларускі экспарт калію патаннеў за паўгода ўдвая.
Вось летась беларускае харчаванне прыстойна асвоіла сабе кітайскі рынак. Але сёлета, рассмакаваўшы якасць беларускіх прадуктаў, Кітай стаў іх купляць у паўтара раза менш, чым раней.
Застаюцца яшчэ, вядома, рынкі далёкай дугі. Але рынкі далёкай дугі — гэта такія рынкі, пра якія я б пасаромеўся выхваляцца ў прыстойным грамадстве. Учора сёй-той ужо сам зразумеў, што візіты яго міністраў па далёкай дузе — гэта турыстычныя паездкі па экзатычных краінах. Гэта значыць, шмат новых уражанняў і мала практычнай карысці для беларускага экспарту.
Таму што рост беларускага экспарту на далёкай дузе выглядае пераканаўча, калі лічыць яго ў працэнтах, у параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года. А калі лічыць яго ў грошах, то ён наогул ніякіх не выглядае.
Вось нават калі павялічыць беларускі экспарт у Афрыку ў тры разы, то ўся Афрыка не заменіць беларускаму экспарту адной Ленінградскай вобласці.
Не кажучы ўжо пра тое, што на рынках далёкай дугі, якім патрэбны беларускі экспарт, няма грошай. А там, дзе ёсць грошы, там беларускі экспарт не патрэбны. Таму беларускія трактары даводзіцца мяняць то на каву, то на апельсіны. Ці ўвогуле плаціць за свой экспарт грашыма беларускіх банкаў.
За пяць месяцаў гэтага года гандлёвы дэфіцыт па таварах дарос ужо амаль да 2 мільярдаў долараў. І камусьці ёсць, вядома, праз што перажываць. Таму што карэта беларускага росквіту паволі ператвараецца ў гарбуз. І калі справа так пойдзе далей, то замаскіраваць гэты гарбуз назад пад карэту не атрымаецца ніякімі статыстычнымі маніпуляцыямі.
Гэта жа, як ніякімі маніпуляцыямі не атрымалася схаваць карціну сапраўднай народнай любові пасля таго, як сокалы скінулі пацука на прыступкі дома ўрада ў дзень адмовы ў рэгістрацыі Бабарыкі і Цапкалы.