Чаму Беларусь ідзе ў краіны «далёкай дугі» больш павольна, чым хобіты?
Больш за год прайшло з таго часу, як ЗША і ЕС уводзілі нейкія санкцыі ў дачыненні да Беларусі. Тыя самыя санкцыі, якія, са слоў беларускіх улад, «робяць нас мацнейшымі». Часу было цалкам дастаткова, каб зразумець, што, дзе, чаму і як жыць далей. Але гэтае разуменне, відавочна, не прыйшло.
Намеснік міністра замежных спраў Ігар Назарук на тыдні выступіў з праграмнымі заявамі ў кулуарах семінара для беларускіх прадпрыемстваў па прымяненні мер абароны ўнутранага рынку і мер мытна-тарыфнага рэгулявання ў Еўразійскім эканамічным саюзе. Яго словы можна наносіць на скрыжалі — настолькі ў іх усё выдатна. Па-першае, па словах Назарука, «калектыўны Захад, які заўсёды выступаў за рынкавыя ўмовы, увёўшы незаконныя з пункту гледжання міжнароднага права санкцыі, па сутнасці абрынуў паняцце рынкавых адносін. Гэтыя пытанні сталі для нас цалкам відавочнымі».
І вось тут можна крычаць «Алілуя!». Бо ледзь не з пачатку кіравання Лукашэнкі, амаль тры дзясяткі гадоў мы чуем пра тое, што «рынак» — гэта чарговая «прадажная дзеўка капіталізму», што няма нічога лепшага за планавую эканоміку і цэнтралізаванае кіраванне ёй, што можна і трэба ўтрымліваць пад кантролем усё запар — ад курсу долара да росту цэн.
Праўда, такая палітыка давяла беларускую эканоміку да некалькіх цяжкіх крызісаў, жахлівай інфляцыі (калі лічыць яе, зноў жа, за гэтыя 30 гадоў), некалькіх дэвальвацый нацыянальнай валюты і адной дэнамінацыі. І таму ўвесь свет справядліва сумняваўся ў тым, што «беларускі эканамічны цуд» жыццяздольны ў прынцыпе. А тут — Захад, бачыце, сам «абрынуў паняцце рынкавых адносін».
Увага, пытанне: чаму спадар Назарук гэтаму не рады?
Далей — больш. Назарук паведаміў, што Беларусь «не будзе біцца галавой аб бетонную сцяну, якую ўзвялі на шляху яе тавараў». Мы пойдзем іншым шляхам — пойдзем у краіны «далёкай дугі», дзе знойдзем новыя рынкі збыту. Тым больш што, па словах Назарука, «гэтая прадукцыя там добра вядомая. Так, на нейкім этапе будуць дадатковыя выдаткі на транспарт, засваенне рынку, але далей пойдзе нармальная і планамерная праца».
Гэта выдатныя і прыгожыя словы. Якія, на жаль, наўрад ці калісьці ўвасобяцца ў дзеянне. Таму што словы гэтыя, нягледзячы на прыгажосць, з'яўляюцца, як казаў Жванецкі, «плюралізмам у адной галаве». Калі «наша прадукцыя там добра вядомая», то чаму мы там яшчэ не працуем? А калі мы там не працуем нягледзячы на тое, што наша прадукцыя добра вядомая, дзе гарантыя, што мы там пачнём працаваць у будучыні?
Ну і, зноў жа, тэрміны. Мы спрабуем працаваць з краінамі «далёкай дугі» не гэты санкцыйны год, а значна раней. Пра «далёкую дугу» мы чулі яшчэ тады, калі ў Венесуэле прэзідэнтам быў Уга Чавес, а ён ужо дзесяць гадоў як памёр. І мы ўсё ідзём у гэтыя краіны далёкай дугі, ідзём, але ніяк прыйсці не можам.
Хобіты да гары Арадруін у Мордары дайшлі хутчэй, чым мы да краін «далёкай дугі».
А гэта азначае, зноў жа, што беларускае МЗС насамрэч робіць нешта не тое і не так. Можа быць, проста бярэ на сябе неўласцівыя функцыі камерцыйнага прадпрыемства замест сваёй непасрэднай дыпламатычнай працы? Праўда, чым жа ім яшчэ займацца, калі іншыя функцыі проста разбураны?
Зрэшты, «далёкая дуга» — не адзіны доўгі шлях беларускай знешнеэканамічнай палітыкі. Мы з бліжэйшымі суседзямі дамовіцца не можам, што ўжо там замахвацца на «далёкасць».
Памятаеце, нам абяцалі адмяніць роўмінг з Расіяй? Спачатку ў рамках Адзінай эканамічнай прасторы (2013 год), потым у рамках ЕАЭС (2015-ты), потым паміж Беларуссю і Расіяй — у 2020-ым, 2021-ым, 2022-ім... Заканчваецца 2023-ці, і старшыня камісіі Парламенцкага сходу Саюзнай дзяржавы па інфармацыйнай палітыцы, інфармацыйных тэхналогіях і сувязі Генадзь Давыдзька кажа, што роўмінг у Саюзнай дзяржаве адменяць «з часам». А пакуль за яго трэба «капеечкі неяк плаціць».
Пры гэтым Давыдзька назваў адмену роўмінгу «нікчэмным» пытаннем і адзначыў, што ён стаў значна таннейшым: «Там застаўся люфт, вельмі маленькі, які ўсё ж такі трэба аплачваць».
Такім чынам, практычна дзесяць гадоў (прыкладна той жа час, за які мы ідзём у краіны «далёкай дугі») найбліжэйшыя хаўруснікі, Беларусь і Расія, не могуць развязаць адну маленькую, «мізэрную» праблему. І гэта пры тым, што тэрыторыя пытання ўвесь час звужалася — ад ЕАЭС да так званай «Саюзнай дзяржавы».
Міжволі ўзнікае пытанне: чаму так? Можа быць таму, што «паняцце рынкавых адносін» — гэта не проста словы? Можа быць, менавіта рынкавыя адносіны з'яўляюцца тым звяном, якое не могуць пераадолець беларускія ўлады? І менавіта рынкавыя адносіны — самы эфектыўны спосаб вырашэння праблем?
Бо на самай справе з краінамі «далёкай дугі» дзейнічае простае правіла, вядомае яшчэ ці не з часоў Пятра Першага: «За морам цялушка — палушка, ды рубель перавоз».
Але не, нашы чыноўнікі ўсё роўна лічаць, што яны самыя разумныя ў свеце. Увесну гэтага года амбасадар Беларусі ў Расіі Дзмітрый Круты скардзіўся на ўзмацненне канкурэнцыі з боку паралельнага імпарту. Паводле яго слоў, імпарцёры дэмпінгавалі, завозячы тавары з трэціх краін.
Якое выйсце знайшлі беларускія чыноўнікі ў гэтай сітуацыі? Зніжаць сабекошт вытворчасці, каб беларускія тавары былі таннейшымі за паралельны імпарт? Рабіць больш якасныя тавары, каб яны былі больш канкурэнтнымі ў параўнанні з аналагамі з трэціх краін? На горшы выпадак — «знізіць» кошт беларускага рубля ў дачыненні да іншых валют, каб нашы тавары сталі таннейшымі хоць такім чынам?
Не. Ніякіх адносна рынкавых рашэнняў. Уласна, гэтаму і быў прысвечаны семінар, на якім выступаў Назарук. І ён жа прапанаваў больш актыўна выкарыстоўваць інструменты ЕАЭС, напрыклад, ахоўныя расследаванні — для барацьбы з канкурэнтамі з іншых рэгіёнаў.
«Калі казаць пра ахоўныя расследаванні, то ў дачыненні да імпарту з трэціх краін, нягледзячы на дэклараваную зацікаўленасць нашых вытворцаў, рашучых крокаў у гэтым кірунку мы пакуль не праяўляем. Мы — гэта ў цэлым Беларусь», — цытуе Назарука БелТА.
Гэта значыць, цяпер мы змагаемся адміністрацыйнымі метадамі ўжо не толькі з унутранымі праблемамі кшталту росту цэн і інфляцыі, але і з замежнымі канкурэнтамі.
І штосьці мне думаецца, што гэтыя канкурэнты, на шчасце, не падпадаюць пад юрысдыкцыю «самага справядлівага і гуманнага беларускага суда». А значыць, рашэнні могуць быць і не на нашу карысць.
І што мы будзем рабіць тады? Зноў пойдзем у краіны «далёкай дугі»?