Ці пагадзіцца Лукашэнка прадаць беларускія НПЗ?
Чым улады збіраюцца кампенсаваць зніжэнне прыбыткаў ад экспарту нафтапрадуктаў?
Нявызначанасць вынікаў беларуска-расійскіх перамоў аб пастаўках энерганосьбітаў і больш глыбокай інтэграцыі будзе выпрабоўваць на трываласць існуючую ў Беларусі эканамічную палітыку, лічаць аналітыкі міжнароднага рэйтынгавага агенцтва Fitch Ratings.
Ці існуе рэальная небяспека для беларускай эканомікі? Як улады збіраюцца кампенсаваць бюджэтныя страты?
Старэйшы аналітык «Альпары» Вадзім Іосуб пагаджаецца з высновамі, зробленымі экспертамі Fitch Ratings.
— Тут самае галоўнае слова «нявызначанасць». Сапраўды, ніхто не ведае, калі і чым скончыцца наша чарговая нафтавая вайна з Расіяй. Самым аптымальным быў бы варыянт, калі б мы пагадзіліся на расійскія цэны з улікам той прэміі за пастаўкі, якую яны хочуць. Відавочна, што пры любых альтэрнатыўных пастаўках нафта будзе даражэйшая, чым з Расіі, і з улікам падатковага манеўру, і з улікам захавання прэміі расійскім пастаўшчыкам нафты.
У любым выпадку гэта будзе азначаць зніжэнне прамых даходаў бюджэту ад экспарту нафтапрадуктаў, зніжэнне даходаў НПЗ, а значыць, і падаткаў, якія яны плацяць у бюджэт. Так што год будзе цяжкім.
— Ці здаралася раней у гісторыі адносін паміж Беларуссю і Расіяй, каб да лютага не былі падпісаныя дамовы аб пастаўках энергарэсурсаў?
— Быў адзін год, калі па нафце дамовіліся да канца першага квартала. Бывалі выпадкі, калі не было расійскай нафты і мы спрабавалі замяшчаць яе венесуэльскай, азербайджанскай. Вядома, усё гэта было дорага, складана па лагістыцы, доўга па тэрмінах дастаўкі, але тады з Расіяй дамовіліся. Гэта значыць, тэхнічныя альтэрнатывы былі і раней, але ніколі яны не былі не тое што больш выгаднымі, але хаця б параўнальнымі па коштах з расійскай нафтай.
— Наколькі ў цэлым для беларускай эканомікі небяспечна зніжэнне даходаў ад экспарту нафтапрадуктаў?
— Цяжка сказаць, паколькі няма лічбы, наколькі знізяцца гэтыя даходы, а яе няма таму, што ніхто не ведае, чыя ў нас далей будзе нафта і па якой цане. Другая няпэўнасць — як дзяржава будзе рэагаваць на зніжэнне нафтавых даходаў. Калі ўрад пойдзе па шляху рэформаў, скарачэння самых непрадукцыйных выдаткаў у выглядзе датацый і льгот стратным прадпрыемствам, гэта будзе адна гісторыя. Калі рэформаў не будзе, калі будуць спрабаваць сабраць больш падаткаў з жывой і эфектыўнай часткі эканомікі — іншая.
— Чым ўлады збіраюцца кампенсаваць страты?
— Пакуль у іх планаў нешта замяшчаць няма наогул. Пра гэта можна меркаваць па нядаўняй заяве міністра фінансаў, што нафтавая вайна пакуль не падстава пераглядаць бюджэт.
Іншая справа, калі гэтая гісторыя зацягнецца да канца першага квартала, тады магчымы перагляд бюджэту, яго секвестр, у прыватнасці, скарачэнне яго расходаў. Але ў бягучым годзе наўрад ці будуць наступаць на горла сацыяльным расходам. Да выбараў паспрабуюць усё захаваць як ёсць. Можа, нават, як запланавана, павялічыць даходы бюджэтнікаў. Пасля выбараў зноў можа быць зусім іншая гісторыя: калі падтрымка насельніцтва будзе не гэтак актуальная, гэта можа абярнуцца зніжэннем сярэдніх заробкаў па краіне, а таксама ростам цэнаў. На запланаванае павышэнне дапамог на дзяцей і мінімальны памер аплаты працы ў бюджэце грошы закладзены раней. Іх недахоп можа стаць адчувальнай праз квартал. Пакуль жа ёсць нявыкарыстаныя грошы прафіцыту мінулых гадоў. І сёння пра тое, што сацыяльныя праекты ўжо цяпер няма чым фінансаваць, гаворкі не ідзе.
— Ужо агучваюцца прапановы ў выпадку недапаставак нафты пазбавіцца ад нафтаперапрацоўчых заводаў. Ці рэальна гэта?
— Улічваючы стаўленне кіраўніка дзяржавы да «фамільнага срэбра», гэта самая крайняя мера. Па сутнасці, у нашай эканоміцы нармальна працуючыя прадпрыемствы — гэта НПЗ і прадпрыемствы, здабываюць калійныя ўгнаенні. Тут яшчэ пытанне цаны. З аднаго боку, кіраўнік дзяржавы заўсёды кажа, што гатовы ўсё прадаць, калі будуць нармальныя прапановы, але ў яго вельмі своеасаблівае разуменне таго, які кошт з’яўляецца нармальным. Так што такі продаж я не лічу рэальным.
Паводле Заўтра тваёй краіны