Ці дапамог Нацбанк насельніцтву?

Трэці тыдзень дзейнічае пастанова Нацыянальнага банка №253 «Аб некаторых пытаннях прадастаўлення крэдытаў фізічным асобам і фінансавання пад уступку грашовага патрабавання». За грувасткай назвай схаваныя змены ў парадак выдачы банкаўскіх крэдытаў грамадзянам. Зараз такі крэдыт атрымаць стане складаней.



e_kredit2.jpg

Новаўвядзенне тычыцца таго, што зараз ацэнка банкам крэдытаздольнасці фізічнай асобы будзе ажыццяўляцца пры наяўнасці дакумента, які пацвярджае атрыманне даходу. То бок, для атрымання нават дробнага крэдыту кліент абавязаны прынесці ў банк даведку аб заработнай плаце або дакументы, якія пацвярджаюць памер пенсіі, сацыяльнай адраснай дапамогі, штомесячнае грашовае забеспячэнне і інш. Без даведкі аб даходах крэдыт атрымаць будзе немагчыма.

Фактычна, такім чынам Нацбанк абмежаваў выдачу спажывецкіх экспрэс-крэдытаў, якія можна было аформіць на банкаўскай кропцы ў буйных крамах.

Намеснік старшыні праўлення Нацбанка Сяргей Дубкоў растлумачыў: «Мы мяркуем, што спантанныя пакупкі, якія ажыццяўляюцца насельніцтвам у крамах, прычым па палегчанай сістэме крэдытавання, правакуюць прыняцце неадэкватных рашэнняў. Потым, калі ўзнікаюць рэальныя праблемы, насельніцтва, досыць актыўна выкарыстоўваючы тыя ці іншыя каналы, сваю заклапочанасць даносіць да дзяржорганаў. І прапанавалі пэўную рэгламентацыю, каб купля тых ці іншых тавараў адбывалася абдумана».

Нярэдка ў краме ў кліента з’яўляецца жаданне атрымаць тавар, што б там ні было. Калі сваіх грошай не хапае, ён можа на працягу 20–30 хвілін атрымаць крэдыт проста на месцы. Аднак такія крэдыты вельмі дарагія, і часам доўг можа апынуцца непад’ёмным. Паход у бухгалтэрыю за даведкай астудзіць скараспелыя фінансавыя жаданні чалавека. Вядома, хуткія крэдыты не знікнуць, але паток жадаючых павінен паменшыцца.

Банкі — толькі «за» такое новаўвядзенне: беларусы ўсё часцей бяруць пазыкі, і часцей іх не вяртаюць. Аб’ём выдадзеных фізічным асобам крэдытаў у нацыянальнай валюце на 1 красавіка 2014 года склаў 54.669 трыльёна рублёў, і ўзрос за студзень-сакавік на 2,9%. Пры гэтым праблемная запазычанасць за студзень-сакавік вырасла на 13,1% — да 285,2 мільярда рублёў, у тым ліку на 4,4% у сакавіку і на 3,3% у лютым. На думку спецыялістаў, дадатковыя рухі, кшталту атрымання даведкі аб даходах, прымусяць грамадзян больш абдумана падыходзіць да рашэння ўзяць крэдыт.

Намеснік старшыні праўлення «Ідэя-Банк» Таццяна Самойленка ў каментары БелТА адзначыла, што ў выніку новаўвядзення, безумоўна, нейкія кліенты сыдуць. Але на самай справе, «банку патрэбныя кліенты, якія ўпэўненыя ў сваіх даходах, умеюць правільна планаваць сваю фінансавую будучыню, сваю фінансавую нагрузку». «Спантанныя» ж кліенты банкам і не вельмі патрэбныя.

Але пра што Нацбанк, з усёй іх сістэмай маніторынгу не падумаў — гэта пра тое, што «святое месца пустым не бывае». Канешне, мажліва, што банкі ад гэтага новаўвядзення выйграюць. Але ці выйграе грамадзянін?

Справа ў тым, што ў Беларусі распладзілася безліч рознага кшталту фінансавых арганізацый, якія пад рознымі соўсамі прапануюць так званыя «займы да заробку». Збольшага гэтыя арганізацыі з незразумелай гісторыяй на фінансавым рынку, цмянай формай уласнасці ды памерам капіталу, і цікавымі з першага погляду прапановамі.

Просты пошук у інтэрнэце выдае дзясяткі беларускіх «мікрафінак», якія гатовыя даць «грошы да заробку». Зазвычай, сума складае да трох мільёнаў рублёў, а стандартны кошт такога займу — 2% на дзень. Грошы можна атрымаць на тэрмін ад 5 да 30 дзён. Для гэта не патрэбныя нейкія заручнікі, не патрэбныя даведкі аб даходах, трэба толькі пашпарт. Заяўку можна аформіць праз інтэрнэт, грошы прывязе кур’ер — альбо дадому, альбо куды скажаш.

А насамрэч такія «лёгкія грошы» — рабаўніцтва. Калі ты бярэш мільён на тыдзень пад 2% на дзень, ты аддаеш 1 мільён 140 тысяч рублёў. За месяц — 1 мільён 560 тысяч, то бок 56%. Калі палічыць гадавую стаўку, то яна складае 730% на год! То бок, узяў адзін мільён, а за год вяртаеш 730 мільёнаў!

У той час, як беларускія банкі прапануюць экспрэс-крэдыты на ўмовах ад 42 да 75% гадавых. Пагадзіцеся, ёсць розніца нават паміж 70% і 700%.

Ці не атрымаецца так, што месца банкаў у крамах зоймуць драпежныя «фінкі»?

На думку фінансавага аналітыка экспертнай супольнасці «Ліберальны клуб» Антона Болтачкі, такая рызыка — хоць невялікая — ёсць. «Не існуе статыстыкі, які аб’ём фінансавага рынку займаюць такія мікрафінасавыя арганізацыі. Але можна казаць пра тое, што гэты рынак сам па сабе не вельмі вялікі. Усё ж беларусы лічаць грошы і аддаюць перавагу банкам, якія даюць ім сродкі пад меншыя працэнты. Да таго ж, Нацбанк не раз заяўляў, што, нароўні з пастановай пра выдачу экспрэс-крэдытаў толькі пры наяўнасці даведкі аб даходах, ён будзе змагацца і з мікрафінансавымі арганізацыямі. Пакуль гэтае змаганне рэалізуецца на ўзроўні пастановаў Нацбанка», — адзначыў Болтачка.

Сам эксперт зазначае, што пакуль барацьба Нацбанка з «фінкамі» не мае бачнага выніку. «Хутчэй, таму, што Нацбанк лічыць умоваю існавання «фінак» высокія банкаўскія стаўкі па кароткатэрміновых крэдытах. Але, як мы бачым, насамрэч гэтыя стаўкі не такія ўжо і высокія. Прычына існавання мікрафінансавых арганізацый палягае ў стане беларускага фінансавага рынку ў цэлым, а Нацбанк «лякуе» адзін з сімптомаў хваробы. Трэба, урэшце, зразумець, што такія мікрафінансавыя арганізацыі не знікнуць да таго часу, пакуль ім будзе выгадна існаваць на рынку. Як толькі гэты бізнэс страціць прывабнасць, ён знікне сам па сабе», — лічыць Болтачка.

Такім чынам, рызыка таго, што з уводам новых правілаў крэдытавання пацерпіць насельніцтва, застаецца. Але тут усё ўжо залежыць ад самога грамадзяніна: браць яму «заём» пад рабаўнічыя працэнты, альбо суадносіць свае жаданні са сваімі магчымасцямі.