Чаму не купляюць беларускае?
Год ад году ўсё горш. У апошнія 10 гадоў у Беларусі пастаянна падаюць продажы беларускага, як бы ўлады не намагаліся прымусіць насельніцтва купляць айчыннае.
Нягледзячы на агітацыю, беларускія спажыўцы ўсё менш хочуць купляць беларускае, піша «Беларусы і рынак». Унутраны рынак практычна страцілі айчынныя вытворцы адзення, абутку і панчошных вырабаў.
Нядаўна чыноўнікі заяўлялі, што працэнт продажаў прадукцыі беларускай вытворчасці ў 2024 годзе расце. «Радуе, што з году ў год павялічваецца доля продажу айчынных тавараў», — сказаў Раман Галоўчанка на юбілеі органаў гандлю Беларусі.
На прэс-канферэнцыі з той жа нагоды Аляксей Багданаў адзначаў: «У першым паўгоддзі мы назіраем рост продажаў тавараў айчыннай вытворчасці. Гэта дзякуючы той палітыцы, якая праводзіцца ў нашай краіне па імпартазамяшчэнні, па прасоўванні айчыннай прадукцыі».
Але даныя афіцыйнай статыстыкі паказваюць, што доля беларускага ў продажах ужо шмат гадоў запар падае.
Белстат паведамляе, што па выніках паўгоддзя 2024 года на айчынны сегмент прыйшлося ўсяго 58% рознічных продажаў, тады як годам раней доля складала 61%. А дзесяць гадоў таму, у 2014 годзе, айчынныя вытворцы кантралявалі 70% унутранага рынку.
Беларускія тавары губляюць пазіцыі як у прадуктовым, так і ў нехарчовым сектары. На «харчовым» рынку айчынныя вытворцы забяспечваюць 77% продажаў, але ж у мінулым годзе доля была большай – 77,7%. А дзесяць гадоў таму яна дасягала 82%.
Сярод усіх прададзеных нехарчовых тавараў было толькі 38% беларускіх, годам раней — 42%. А бо ў 2014 годзе айчынныя вытворцы яшчэ кантралявалі больш за палову нехарчовага рынку — 53%.
Якія рынкі страцілі?
У параўнанні з 1-м паўгоддзем 2023 года самае радыкальнае падзенне долі ў продажах зведала айчыннае адзенне: з 28,6% да 16,4%. У той час як у 2014 годзе палова ўсёй прададзенай вопраткі была беларускай.
Абувацца ў беларускае спажыўцы таксама перастаюць: зніжэнне долі з 31% да 26% за год, а за 10 гадоў — з 53%.
Сярод харчовых тавараў вырас працэнт імпарту ў соках, макаронах, рыбе і алеі. І нават крупы беларусы часцей сталі купляць імпартныя: доля беларускага знізілася за год на паўпрацэнта — да 37%, хоць дзесяць гадоў таму яна складала 51%.
Як улады спрабуюць прадаць насельніцтву беларускае
Айчынныя вытворцы губляюць ўнутраны рынак, нягледзячы на ўрадавыя меры – ужо даўно дзейнічаюць абавязацельствы для прадаўцоў па наяўнасці і прыярытызацыі айчыннага асартыменту.
Акрамя таго, купляць беларускае заклікаюць спажыўцоў. Асаблівыя надзеі ўрад ускладае на праграму льготнага крэдытавання пакупак беларускіх тавараў. У канцы 2023 года была прынятая адпаведная пастанова Саўміна №992, якое ўступіла ў сілу 1 ліпеня гэтага года. Паводле інфармацыі Мінгандлю, ужо паспелі заключыць 44,8 тысяч крэдытных дамоваў на агульную суму 225 мільёнаў рублёў, фактычна выдадзена крэдытаў на 75 мільёнаў.
Першыя эфекты гэтага стымулу можна будзе пабачыць са статыстыкі па выніках 3 квартала.