Час выжывання для ІП: «Людзі глядзяць у будучыню без энтузіязму»

Апошні год быў вельмі складаным для індывідуальных прадпрымальнікаў. І цяперашная сітуацыя ў бізнесе — не проста дрэнная, правільней яе ахарактарызаваць як дэпрэсіўную.

minsk___2021__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__2__logo.jpg

Падатковыя новаўвядзенні, новыя правілы цэнаўтварэння, зніжэнне пакупніцкай здольнасці — усё гэта аказалася балючым для прадпрымальнікаў. Эксперты называюць сённяшні перыяд часам выжывання. MYFIN даведаліся пра настроі і чаканні прадпрымальнікаў.

«Адчуваюць сябе іпэшнікі сёння па-рознаму, але асноўная маса досыць дрэнна. Па-першае, для іх ускладнілася адміністраванне падаткаў, па-другое, новыя правілы цэнаўтварэння. Апошняе тычыцца як ІП, так і юрыдычных асоб», — распавёў у гутарцы з журналістам старшыня Асацыяцыі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва Сяргей Балыкін.

Паводле яго слоў, падобнага роду бюракратычныя складанасці заўсёды мацней за ўсё б'юць па малым бізнесе, гэта значыць па індывідуальных прадпрымальніках і мікраарганізацыях.

Эксперт тлумачыць: у вялікага бізнесу значна больш рэзерваў.

«Так, для прамысловага або гандлёвага гіганта, якія займаюць вядучую долю на рынку, знайсці аднаго або нават двух-трох чалавек з 10 альбо 100 тысяч супрацоўнікаў для адміністравання тых жа падаткаў значна прасцей. Іпэшнік жа наогул працуе адзін: ён і эканаміст, і мерчэндайзер, і таваразнаўца ў адной асобе. Атрымліваецца, ён яшчэ павінен займацца і цэнаўтварэннем. Быць спецыялістам па ўсіх пытаннях складана, асабліва чалавеку непадрыхтаванаму», — адзначыў Сяргей Балыкін.


Прадпрымальнікі ў юрыдычныя асобы — ці мэтазгодна?

Балыкін нагадаў, што дзяржава сёння зацікаўлена ў стымуляванні развіцця прадпрымальніцтва, пераходзе ІП на новы ўзровень, у статус юрыдычных асоб.

«Але не заўсёды гэты пераход мэтазгодны», — лічыць эксперт і сцвярджае, што індывідуальнае прадпрымальніцтва — гэта найбольш простая форма вядзення бізнесу.

«Не патрабуецца юрыдычны адрас, весці ўлік проста. Што ж тычыцца юрыдычных асоб, тут сітуацыя зусім іншая», — адзначыў ён.

Дастаткова лёгкая працэдура рэгістрацыі, але больш складаны ўлік. Да таго ж юрыдычнай асобе неабходна памяшканне для размяшчэння органаў кіравання, гэта значыць, юрыдычны адрас.

«А гэта дадатковыя выдаткі — узяць, да прыкладу, тыя ж камунальныя выдаткі. Улетку гэта 100-150 рублёў, а зімой — усе 200–400 рублёў, таму што камунальныя паслугі (аплата за ацяпленне і электраэнергію) абыходзяцца прадпрыемствам даражэй у некалькі разоў, чым прыватнай асобе. А іпэшнік, да прыкладу, можа працаваць і дома», — заўважыў старшыня Асацыяцыі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва


Статыстыка можа не адлюстроўваць дакладную колькасць ІП

Сяргей Балыкін звярнуў увагу на яшчэ адзін нюанс.

«Трэба разумець, што, калі нейкі іпэшнік раптам вырашае прыпыніць сваю дзейнасць, ён не бяжыць адразу ў выканкам, не здае сваё пасведчанне, не аб'яўляе аб спыненні прадпрымальніцкай дзейнасці. Ён вельмі часта пакідае пасведчанне — раптам потым спатрэбіцца. Наяўнасць дакумента цяжкасцей яму не стварае, калі ён не прэтэндуе на нейкія сацыяльныя выплаты, дапамогу па беспрацоўі і г.д. Пры гэтым атрымліваецца, што прадпрымальнік можа не весці прадпрымальніцкую дзейнасць, але будзе ўсюды лічыцца як дзеючы суб'ект гаспадарання», — пракаментаваў эксперт.

Іншымі словамі, па статыстыцы будзе адна колькасць індывідуальных прадпрымальнікаў, а на справе — зусім іншая.


Дэпрэсіўная сітуацыя

Эксперт нагадаў: большасць індывідуальных прадпрымальнікаў у Беларусі займаюцца паслугамі і гандлем.

«У тых, хто працуе ў гандлі, продажы ўпалі з-за эканамічнай сітуацыі ў краіне: знізілася пакупніцкая здольнасць насельніцтва. У тых, хто працуе на рынку, пакупнікоў ужо даўно адабралі буйныя гандлёвыя сеткі. Да ўсяго гэтага дадалося яшчэ і падатковае адміністраванне. Зразумела, што ім сёння вельмі нялёгка», — прызнаў эксперт.

Ён адзначыў, што колькасць іпэшнікаў памяншаецца: хтосьці закрываецца, хтосьці прыпыняе дзейнасць. Але ёсць і тыя, хто працягвае яе весці на свой страх і рызыку. Кожны прадпрымальнік вырашае праблему па-свойму.

«Я б не стаў называць сённяшнюю сітуацыю дрэннай, правільней яе ахарактарызаваць як дэпрэсіўную. Людзі глядзяць у будучыню без энтузіязму. Пры гэтым бізнес заўсёды будзе шукаць магчымасць для выжывання. І цяпер якраз такі перыяд — час выжывання», — дадаў старшыня Асацыяцыі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва.

На думку эксперта, для бізнесу ў першую чаргу важныя стабільныя і зразумелыя правілы гульні.

«Добрыя або дрэнныя, нават гэта не так важна, але няхай яны будуць зразумелымі. У нас жа ўсё па-іншаму, таму бізнесу вельмі складана працаваць», — сказаў на заканчэнне эксперт.

Паводле MYFIN. Пераклад «НЧ»