Чыноўнікі зоймуцца тымі, хто не працуе афіцыйна больш за 10 гадоў

Міністр працы Ірына Касцевіч распавяла, як службы занятасці плануюць легалізаваць дзейнасць занятых у ценявым бізнесе, паведамляе прэс-служба ведамства са спасылкай на СТБ.

0b66c28d_3e6a_42e0_8d17_cd8cfacda410.tmp


«Калі мы па базе незанятых бачым, што ёсць у нас грамадзяне, якія не працуюць па 10-15 гадоў, вядома, гэта выклікае асаблівую заклапочанасць. Не таму, што ён не працуе. Хутчэй за ўсё, працуе ў ценявым бізнесе, — сказала Ірына Касцевіч. — Задача наша — легалізаваць яго працоўную дзейнасць, патлумачыўшы ў тым ліку, што гэта яго будучая пенсійная гарантыя, якую ён проста страціць».
Міністр заявіла:
— Мы актыўна будзем працаваць з актыўнымі беспрацоўнымі, якія сапраўды ў пошуку працы, праз розныя механізмы. Вядома, будзем казаць, працаваць з пасіўнымі грамадзянамі, якія не заняты ў эканоміцы. І тут, вядома, мы адкрытыя, мы гатовыя і праз перанавучанне, і праз падрыхтоўку, і праз пошук, працу з наймальнікам. Але павінна быць перш за ўсё цікавасць у самога чалавека. Вядома, тады будуць уступаць нейкія эканамічныя механізмы для таго, каб усё-ткі прастымуляваць чалавека працаваць.
Нагадаем, у праграме ўрада па рынку працы на гэтую пяцігодку сярод іншага гаворыцца пра дармаедскую базу. У 2016-2019 гадах з выданнем дэкрэта № 3 «Аб садзейнічанні занятасці насельніцтва» была перафарматаваная работа па працаўладкаванні грамадзян: «заяўны» прынцып быў заменены на «выяўляльны».
«У палітыцы занятасці быў зроблены акцэнт на ўзмацненне ролі мясцовых Саветаў дэпутатаў, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў. Упершыню былі вызначаны паказчыкі ў галіне садзейнічання занятасці і пералік тэрыторый з напружанай сітуацыяй на рынку працы. Названыя меры дазволілі адрасна вырашацьпытанні занятасці насельніцтва ў асобных раёнах і гарадах рэспублікі», — адзначаецца ў праграме.
Раней да 1 сакавіка ўлады абнавілі базу незанятых у эканоміцы. У яе трапілі тыя, хто не змог пацвердзіць занятасць за 4 квартал мінулага года. З 1 траўня з тых, хто трапіў у базу і ў каго ёсць ва ўласнасці жыллё, плануюць спаганяць плату па поўных тарыфах за газазабеспячэнне і ацяпленне (зараз — толькі за гарачую ваду). Тым часам чыноўнікі працягваюць шукаць не занятых у эканоміцы і склалі план працы на гэтую пяцігодку, а мінскія службы занятасці і падатковая маюць намер «прыняць вычарпальныя меры па прыцягненні гэтых грамадзян у эканоміку горада».

Колькі знаходзяць незанятых у эканоміцы

Чыноўнікі па-ранейшаму не агучваюць, колькі чалавек у цэлым па краіне знаходзяцца ў базе не занятага ў эканоміцы насельніцтва і колькі з іх ужо атрымліваюць «пацяжэлыя» жыроўкі. Да прыкладу, у Мінску ў канцы снежня мінулага года налічылі 67 тысяч дармаедаў. У некаторых рэгіёнах раней таксама агучвалі даныя па ліку тых, каго ўключылі ў базу не занятага ў эканоміцы насельніцтва. Аднак у цэлым па краіне даныя не размяшчаюцца ў адкрытым доступе.
Раней чыноўнікі паведамлялі, што ў базе не занятых у эканоміцы ў цэлым па краіне лічацца каля 500 тысяч чалавек. Улады прагназавалі, што «дармаедскія» жыроўкі атрымаюць 54 тысячы чалавек. Іх дасылаюць тым, хто трапіў пад дэкрэт па садзейнічанні занятасці насельніцтва, пры гэтым мае ва ўласнасці кватэры. Пры гэтым у некаторых раёнах рахункі па поўных тарыфах за падагрэў вады ніхто з уключаных у базу не атрымаў, сярод іх — Браслаўскі, Лёзненскі, Маларыцкі (даныя на сакавік гэтага года).
Нагадаем, пасля запуску базы не занятых у эканоміцы выявілася шмат памылак, пачаліся званкі ад людзей, якія трапілі ў базу выпадкова, сярод іх — і працаўладкаваныя, і пенсіянеры. Як паведамляла выданне mlyn.by, таксама сустракаліся гісторыі, калі чалавек даўно з'ехаў за мяжу або яго ўжо няма ў жывых, а ў базу дармаедаў ён усё роўна патрапіў. У базу ўключылі дзяўчыну, якая 20 гадоў таму загінула ў цісканіне на Нямізе.
tut.by