Дайце мёду!

«Мядовыя гады скончыліся», — сказаў кіраўнік Беларусі прадпрымальнікам. Адносіцца гэта да нас усіх. Але ўлада спадзяецца існаваць далей, нічога не змяняючы. На што яны разлічваюць, невядома.



bal_106322792.jpg

Урад нарэшце ачомаўся ад навагодніх святаў і цвярозымі вачыма паглядзеў на тыя паказчыкі эканомікі на 2016-ты, які прынялі напярэдадні новага года за адзін дзень: з цаною нафты ў $50 за барэль, доларам па 18600 і інфляцыяй у 12%.

Міністр эканомікі Уладзімір Зіноўскі прызнаўся, што дзяржава наўрад ці здолее ўтрымаць паказчык інфляцыі ў 12% на год. Новыя прагнозы, зробленыя ўрадам, кажуць пра 18%-працэнтную інфляцыю. А скарэктаваны план дзеянняў на гэты год і далейшую пяцігодку ўнясуць на разгляд кіраўніку дзяржавы да канца гэтага месяца.

У сувязі з новымі паказчыкамі пад пагрозу ставіцца галоўная нумізматычная падзея года — дэнамінацыя беларускіх грошай. Відавочна, што праводзіць яе лепей, калі інфляцыя будзе адназначнай. Але і раней прагназаваныя 12% інфляцыі гэтаму б не перашкодзілі. А вось 18–20% (у нас інфляцыя зазвычай на пару пунктаў перавышае прагноз) ставіць пад сумнеў лёс беларускай капейкі. Можа стацца так, што яна абясцэніцца раней, чым выканае сваю функцыю.

Амаль да нуля знізіліся і спадзевы Беларусі атрымаць крэдыт ад Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця, 80% якога фармуе Расія. Намеснік міністра фінансаў РФ Сяргей Сторчак заявіў: «Мы аб’ектыўна знаходзімся ў сітуацыі, калі вымушаны будзем узяць паўзу з пункту гледжання прыняцця абавязацельстваў па новых крэдытах».

Па ягоным меркаванні, Расія ўжо і так нараздавала забагата грошай: «Буйныя абавязацельствы прынялі на сябе. А не выканаць абавязацельствы па прадстаўленых крэдытах — гэта яшчэ больш ганебна, чым не выканаць абавязацельствы па крэдытах, якія прыцягнулі. Большага сораму для любога крэдытора няма», — лічыць ён.

«У цяперашніх бюджэтных умовах, як яны сфармаваліся, прыняцце новых абавязацельстваў па прадастаўленні крэдытаў замежным пазычальнікам спалучана з падвышанымі рызыкамі і з рызыкамі невыканання гэтых абавязацельстваў у будучыні», — падкрэсліў намеснік міністра.

То бок, Расія баіцца як таго, што ёй не вернуць пазычаныя грошы, так і таго, што яна не зможа даць ужо абяцанае. Сапраўды, хто ж у такіх варунках выдае крэдыты? А таму пра ЕФСР можна забыцца.

Не ўдалося з Расіі выбіць нават такую дробязь, як зніжку па кошце на газ. З-за расійскага крызісу і нізкіх цэнаў на нафту на траціну прасеў і беларускі экспарт у Федэрацыю. Карацей, усе нашы выгоды ад Мытнага саюза, ЕАЭС і іншых інтэграцыйных утварэнняў ператвараюцца ў пшык.

Іншымі словамі, «мядовыя гады», пра якія казаў Аляксандр Рыгоравіч у дачыненні да прадпрымальнікаў, скончыліся для ўсіх. Няма расійскіх крэдытаў, няма профіту ад нафты і газа, няма звышэкспарту ў Расію, якая проста не мае грошай на набыццё беларускіх тавараў… «Шматвектарная палітыка ў адным накірунку» дае збой. А значыць, няма грошай на падтрымку прадпрыемстваў, няма грошай для бюджэтнікаў. І гэтак далей.

Відавочна, што надзвычайная сітуацыя патрабуе надзвычайных мераў рэагавання. Аднак, што дзіўна, нашы ўлады не збіраюцца рабіць аніякіх радыкальных захадаў па паляпшэнні сітуацыі!

Той жа спадар Зіноўскі зазначыў, што пры ўсіх зменах прагнозных паказчыкаў нават горшы са сцэнароў на бягучы год не адменіць сацыяльнай падтрымкі і праграм развіцця і мадэрнізацыі.

А Нацбанк у чарговы раз уключыў «ручны рэжым кіравання» каціроўкамі валют, нагадаўшы камерцыйным банкам «добраахвотна-прымусовае» абмежаванне ўсталёўваць валютныя курсы не больш чым на 2% вышэй за сярэднеўзважаны курс на таргах валютна-фондавай біржы. Нагадаем, што рашэнне пра 2% было прынятае год таму. Рэгулятар пра яго згадаў, чым падштурхнуў народ у кірунку да абменнікаў: «Пакуль курс трымаецца».

Узнікае ўражанне, што ўлада проста застыла ў ступары і не ведае, што рабіць. Яна спадзяецца альбо на цуд, альбо на каляднае прашэнне Аляксандра Рыгоравіча да Госпада «захаваць нашую краіну такой, якая яна ёсць зараз». Але, як кажуць на Усходзе, «на Алаха спадзявайся, а вярблюда прывязвай, бо ў Алаха дзве рукі, і абедзве — твае».

Ураду трэба зразумець, што ад змены паказчыкаў і перапісвання праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на бліжэйшую пяцігодку нічога не зменіцца. Эканоміка не рэагуе на пераможныя рэляцыі і прапагандысцкія заклікі. З іншага боку, крызіс — самы час здзяйсняць структурныя рэформы, скарачаць дзяржвыдаткі, адмаўляцца ад старога і рабіць нешта новае.

Бо, калі гэтага не зрабіць, нас чакае далейшае падзенне ў прорву і сацыяльны выбух. Першыя посвісты якога ўжо чуваць у сінявокай у выглядзе прадпрымальніцкіх сходаў і страйкаў, — нават нягледзячы на тое, што асобныя бізнес-структуры імкнуцца дамовіцца з уладаю без выхаду ІП на вуліцу. Калі далей замарожваць сітуацыю, то на вуліцах і плошчах мы дачакаемся не толькі прадпрымальнікаў.