У судзе пацверджана алібі Надзеі Саўчанкі

Былы баец 80-й аэрамабільнай брыгады Узброеных сілаў Украіны Іван Руснак, які выступіў у панядзелак у судзе па справе Надзеі Саўчанкіў якасці сведкі абароны, пацвердзіў алібі ўкраінскай ваеннаслужачай, на якім настойваюць адвакаты, — што яна трапіла ў палон на некалькі гадзінаў раней за артылерыйскі абстрэл, падчас якога загінулі журналісты Ігар Карнялюк і Антон Валошын.



5a4368d5_508f_4bac_b16a_83a6af251817_w640_r1_s_cx0_cy10_cw0.jpg

Паводле словаў былога вайскоўца, ён удзельнічаў у баях з сепаратыстамі самаабвешчанай Луганскай народнай рэспублікі 17 чэрвеня 2014 года. БТР, усярэдзіне якога знаходзіўся Руснак, быў падбіты і загарэўся. Разам з іншымі байцамі, частка з якіх сур’ёзна пацярпела, ён эвакуяваўся з падпаленай бронемашыны, адступіў у зялёныя насаджэнні ўздоўж дарогі і арганізаваў кругавую абарону, каб абараніць параненых. Пасля тут іх знайшла Саўчанка, якая ішла ад месца баявога сутыкнення ў бок Луганску, каб правесці выведку і паспрабаваць знайсці тых украінскіх вайскоўцаў, якія выжылі.

«Толькі заляглі каля Стукалавай бэлькі, і Надзя выйшла на нас. Я першы яе ўбачыў. Яна ішла да нас прама па «зялёнцы», — распавёў Іван Руснак.

Саўчанка ішла да падбітага БТР, які дыміўся наперадзе.

«Надзея нам крыкнула: „Не страляйце, я свая!“. Я ўбачыў у яе шаўрон ў выглядзе ўкраінскага сцяга. На ёй была замежная ваенная форма, берцы і на галаве зялёная хустка. Я нават падумаў, што гэта мужчына спачатку, у нас мужыкі такія хусткі носяць».

Паводле словаў сведкі, акрамя разгрузкі і аўтамата ў Саўчанкі нічога не было, у тым ліку заплечніка, рацыі і бінокля, якія ў справе фігуруюць у якасці рэчыўных доказаў абвінавачвання.

«Надзея аказала нам першую дапамогу, перавязала параненых, зрабіла ўкол абязбольвальнага, сказала мне не вымаць аскепак з шыі аднаго з пацярпелых, інакш ён сцячэ крывёю, — распавёў сведка ў адказ на пытанні адвакатаў. — Пасля гэтага выйшла на трасу, каб патэлефанаваць і папрасіць дапамогі. Тым часам з «зялёнкі» на другім баку дарогі ў яе стралялі і паранілі ў руку. Яна паўзком вярнулася, перавязала сябе. Сказала: «Чакайце тут, зараз за вамі прыедуць», пасля чаго пайшла наперад, каб знайсці іншых параненых і дапамагчы ім.

Адказваючы на пытанні пракурора, Руснак адзначыў, што сустрэча з Саўчанкай адбылася прыкладна а 9.30 раніцы, а ўжо праз 10 хвілінаў яна накіравалася ў бок гарэлага БТР, дзе была ўзятая ў палон байцамі батальёна «Зара», якім кіраваў цяперашні кіраўнік самаабвешчанай Луганскай народнай рэспублікі Ігар Платніцкі. Такім чынам, Руснак пацвердзіў версію абароны Саўчанкі пра тое, што ўкраінская лётчыца трапіла ў палон на некалькі гадзінаў раней за артылерыйскі абстрэл, падчас якога загінулі журналісты Ігар Карнялюк і Антон Валошын, і, адпаведна, не магла яго карэктаваць.

Пасяджэнне з удзелам былога ўкраінскага вайскоўца праходзіла ў напружанай абстаноўцы. Суд тры разы запар не дазволіў паказаць сведку відэа ўзяцця ў палон Надзеі Саўчанкі, якое здымаў адзін з апалчэнцаў — Ягор Рускі, а за абураныя рэплікі з залі суда ледзь не была выдаленая сястра падсуднай Вера Саўчанка. У выніку адвакат Марк Фейгін папрасіў суд садзейнічаць у тым, каб сведка «бяспечна вярнуўся дадому, ва Украіну».

«Хіба ў вас ёсць падставы для боязі?» — здзівіўся суддзя.

«Слухайце, мяне наогул скралі і незаконна даставілі ў Расію», — заявіла ў адказ Саўчанка.

www.svaboda.org