Дэфіцыт тавараў у Міністэрстве гандлю тлумачаць "адаптацыйным перыядам"
Дэфіцыт некаторых тавараў у магазінах звязаны з "адаптацыйным перыядам", заявіла намеснік міністра гандлю Беларусі Ірына Наркевіч на сённяшняй прэс-канферэнцыі ў Мінску.
"Напэўна, у магазіне крокавай даступнасці, сапраўды, можа не быць баклажанаў, але гэта не таму, што яны зніклі, — падкрэсліла Наркевіч. — Зараз сітуацыя
крышку перабудовачная, адаптацыйная, таму мы робім усё для таго, каб вывяраць гэтыя пазіцыі з аптавікамі. Мы працуем над тым, каб імпарцёр прывёз тавар і даў не толькі ў буйную розніцу, а дапамог
маленькім магазінам крокавай даступнасці".
"Вядома, вы хочаце атрымаць увесь тавар у магазіне крокавай даступнасці, гэта разумна, але па ходу зайдзіце з працы ў іншы магазін, дзе памідораў, якіх не хапае,
дастаткова", — дадала намеснік міністра.
Паводле яе слоў, звужэнне асартыменту некаторых тавараў залежыць ад многіх фактараў: прывязкі да валютнага кошыка, сусветнага крызісу, эканамічнай сітуацыі ў Расіі. "Мы ж не на Месяцы
жывем. Урад дакладна адсочвае сітуацыю і потым прымае рашэнні", — сказала Наркевіч.
Нагадаем, 19 снежня 2014 года Савет міністраў прыняў пастанову № 1207, якой устанавіў бестэрміновы мараторый на рост цэн. У той жа дзень у краіне рэзка падаражэла валюта. З-за гэтага
імпартныя пастаўкі ў Беларусь сталі стратнымі, што прывяло да дэфіцыту некаторых тавараў.
15 студзеня 2015 года Міністэрства гандлю і Міністэрства эканомікі апублікавалі растлумачэнне да пастановы № 1207, якой фактычна дазволілі вытворцам, пастаўшчыкам і рознічнаму гандлю павышаць
адпускныя цэны на імпартныя тавары або іх імпартны складнік.
Аляксандр Ярашэвіч, БелаПАН