Казка пра бясконцыя пытанні

Дзе дно ў беларускага рубля? Калі скончыцца рост долара? Ці будзе дэвальвацыя кампенсаваная ростам заробкаў? Гэтыя пытанні зараз чуюцца паўсюль. На гэтым тыдні розныя чыноўнікі і адмыслоўцы далі адказы на запыты насельніцтва.



the_scream.jpg

Дна ў беларускага рубля няма. Прынамсі, ён будзе падаць да таго часу, пакуль будзе падаць расійскі рубель. Пра гэта агенцтву «Інтэрфакс-Захад» расказалі ананімныя банкіры. «Прычына паслаблення беларускага рубля ў тым, што расійскі рубель працягвае слабець. Уся эканоміка Беларусі, за выключэннем, у некаторай ступені, нафтавага сектара і калію, завязаная на Расію, і галоўная мэта, якую цяпер пераследуе курсавая палітыка Нацбанка — аднавіць цэнавую канкурэнтаздольнасць беларускай прадукцыі на расійскім рынку», — лічыць прадстаўнік беларускай «дочкі» аднаго з расійскіх банкаў.

Гэта сапраўды так, і пра гэта сведчыць палітыка Нацбанка. Калі Нацбанк уводзіў так званы «кошык валютаў», еўра, долар і расійскі рубель у гэтым кошыку атрымалі роўныя долі. Зараз рэгулятар перагледзеў склад «кошыка»: на долю расійскага рубля ў ёй прыходзіцца 40%, на долю долара і еўра — па 30%.

Эксперт таксама адзначыў, што, нягледзячы на заявы кіраўніцтва Нацбанка краіны аб пераходзе да больш гнуткага курсаўтварэння, «кіраванне курсам па-ранейшаму ідзе ў ручным рэжыме».

Беларускія адмыслоўцы кажуць, што сітуацыя будзе ўскладняцца. На курс беларускага рубля аказвае ўплыў і дынаміка паступлення валютнай выручкі ў краіну. Акрамя таго, наяўнасць прапановы валюты на біржы была звязаная з перыядам выплаты квартальных падаткаў. То бок, прадпрыемствы прадавалі валюту, каб расплаціцца з бюджэтам. Зараз перыяд гэтых падатковых плацяжоў падыходзіць да канца, а павышэнне да 50% нарматыву па абавязковым продажы часткі валютнай выручкі ўжо не пакрывае попыту на валюту. Таму на таргах 27 студзеня попыт на валюту перавышаў прапанову амаль у 2 разы: $60,4 мільёна попыту супраць $38,3 мільёна продажу.

Такім чынам, валюты больш не стане, а рубель будзе працягвацца каціцца долу.

Ці будзе кампенсаваная дэвальвацыя ростам заробкаў? Не, не будзе. Як паведаміла БЕЛТА міністр працы і сацыяльнай абароны Мар’яна Шчоткіна, заробак работнікаў будзе падвышацца толькі пры апераджальным росце прадукцыйнасці працы. Гэта прадугледжана пастановай урада №47 ад 26 студзеня 2015 года.

Аднак зазначым, што «росту прадукцыйнасці працы» для павышэння заробкаў проста недастаткова. Ужо колькі разоў казалі: мала стварыць прадукцыю, яе трэба яшчэ і прадаць. «Апераджальны рост прадукцыйнасці працы» без продажу напрацаванага прывядзе толькі да «затаварвання» складоў.

А значыць, росту заробкаў чакаць не даводзіцца. Нават Аляксандр Рыгоравіч падчас кадравых прызначэнняў 27 студзеня заявіў, што ў бягучай сітуацыі падвышаць заробкі не каму-небудзь, а чыноўнікам — немэтазгодна. «У нас няпростая сітуацыя і з аплатай працы дзяржаўных служачых. Ніколі яшчэ мы не правальваліся і не адставалі ад сярэднямесячнай зарплаты ў прамысловасці і ніколі не было такой прапорцыі да сярэдняй зарплаты па краіне. Мы сур'ёзна адстаем. Але вы разумееце, што ў гэты час калі мы пачнем выпінаць зарплату дзяржслужачых, то атрымаем адпаведную рэакцыю народа», — сказаў Лукашэнка падчас разгляду кадравых пытанняў.

Між тым, урад урэшце задумваецца над тым, як зрабіць палёгку грамадзянам у крызісе. Праўда, гэта зноў нагадвае бразільскі серыял: самі ствараем праблемы, і самі гераічна іх вырашаем. Гады тры ўжо, з часоў з’яўлення Мытнага саюза прадпрымальнікі бадаюцца з уладай наконт розных суправаджальных дакументаў і сертыфікатаў. Як паведаміла на тыдні намеснік міністра гандлю Беларусі Ірына Наркевіч, беларускія ўлады падоўжаць тэрмін рэалізацыі ІП-шнікамі рэшткаў тавараў легпрама, якія не маюць дакументальнага пацвярджэння адпаведнасці тэхрэгламенту Мытнага саюза. «Пытанне аб пераносе тэрміну з 1 сакавіка 2015 года зараз знаходзіцца ў стадыі прапрацоўкі», — сказала Наркевіч. Разглядаюцца тры варыянты падаўжэння тэрміну рэалізацыі: да канца бягучага года, да 1 красавіка 2016 года або да поўнага распродажу.

Так што яшчэ год прадпрымальнікі змогуць гандляваць без «тэхрэгламенту», які ўсё роўна немагчыма атрымаць на тых рынках, дзе яны, гэтыя ІП-шнікі, закупляюцца. Дык ці варта было ўвогуле заганяць ІП у гэтыя «тэхрэгламенты», калі і без іх добра?

Але на самую цікавую праблему ўрэшце звярнуў увагу наш новы прэм’ер-міністр Андрэй Кабякоў. Думаю, кожны, хто ходзіць па крамах, неаднаразова задаваўся пытаннем: «Чаму ў нас бананы дзешавейшыя за бульбу?». Альбо «Чаму беларускія агуркі каштуюць больш, чым галандскія?» Дадам толькі, што апошняе пытанне я чуў у краме літаральна ў мінулую нядзелю.

Дык вось, спадар Кабякоў даручыў «разабрацца». Зроблена гэта звыклым чынам. «Абласнымі выканаўчымі камітэтамі і Мінскім гарвыканкамам павінна быць забяспечана падтрымка рознічных цэн на плодаагароднінную прадукцыю і бульбу на даступным для насельніцтва ўзроўні», — запатрабаваў Кабякоў на пасяджэнні ўрада.

Ён канстатаваў, што па асобных пазіцыях айчынная садавінна-гародніная прадукцыя даражэйшая за імпарт, што прыводзіць да росту долі імпартнай прадукцыі на ўнутраным рынку. «Даручана прыняць меры па павышэнні канкурэнтаздольнасці айчыннай плодаагародніннай прадукцыі на ўнутраным рынку па цэнавым фактары», — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы ўрада.

Зноўку ўсё праз пень-калоду. Калі айчынная прадукцыя даражэйшая за імпартную, не кошты трэба стрымліваць, і не «забяспечваць падтрымку рознічных цэн». Трэба разабрацца з сабекоштам айчыннай прадукцыі, і зрабіць так, каб яна сама па сабе каштавала меней. А значыць, урад павінен заняцца глабальнымі задачамі па зніжэнні энергаёмістасці прадукцыі, па ўвядзенні новых тэхналогіяў, якія, можа, і каштуюць больш, затое і больш эканомяць, і гэтак далей. Перапісаць цэннік —вялікага розуму не трэба, але ці стане ад гэтага прадукцыя насамрэч таннейшай?