Расія залье Беларусь гарэлкай
Пра такую небяспеку заявіў учора на прэсавай канферэнцыі начальнік упраўлення Беларускага дзяржаўнага мытнага камітэту Павал Лабачоў.
Ён сказаў, што ў студзені на беларускіх межах зафіксавана новая тэндэнцыя ў перамяшчэнні кантрабандных тавараў — перавоз у Беларусь вялікай колькасці расійскай гарэлкі. Гэта пагражае і
здароўю беларусаў, і нацыянальным эканамічным інтарэсам.
У студзені 2015 году, распавёў Павал Лабачоў, у Беларусь кантрабандай пачалі завозіць вялікую колькасць расійскай гарэлкі:
«З улікам палітыкі цэнаў, якая цяпер праводзіцца Расіяй, пачалі з'яўляцца выпадкі, якіх, скажу вам шчыра, раней не было. Гэта даволі вялікая колькасць расійскай гарэлкі
(падробленай і арыгінальнай). Зноў з'яўляецца вадкасць, у якой утрымліваецца спірт, якая даволі рэдка ўвозілася летась. І трэба прызнаць, што гэта ўяўляе істотную небяспеку для жыхароў
Беларусі».
«Гэта — сапраўды новая тэндэнцыя. Але гэта толькі самы пачатак: і гарэлкі будуць з Расіі везці болей, і іншых тавараў таксама», — тлумачыць кіраўнік
аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка:
«Расійскі рубель стаў удвая таннейшы за долар. А беларускі рубель апусціўся толькі на 30%. Ну няхай на 50%. Таму я ўжо ў снежні пісаў і рабіў прагноз: пачынаючы са студзеня, пасля яшчэ
большай дэвальвацыі расійскага рубля, пачнецца рэверсійны рух. Усё, што мы раней прадавалі ў Расію, — мяса, малако, каўбаса, гарэлка ды іншае — усё цяпер будзе ісці да нас з Расіі.
Рэверс. Пачалося гэта з гарэлкі. А далей пойдзе па нарастаючай. Пакуль мужыкі возяць гарэлку. Пасля будуць вазіць селядзец, пасля — сала, пасля — бульбу».
А вось папрокі расійскіх мытнікаў на свой адрас кіраўнікі Дзяржаўнага мытнага камітэту Беларусі назвалі «неаб’ектыўнымі і неабгрунтаванымі». Яны заявілі, што істотна
дапамагаюць сваім расійскім калегам у справе кантролю за рухам санкцыйных тавараў. Паводле беларускіх мытнікаў, гучная затрымка фураў з радыёэлектроннай прадукцыяй, якая ішла з Калінінградскай
вобласьці праз Беларусь, была зроблена ў рамках закону. Цяпер гэтая справа разглядаецца ў судах.
Беларускія мытнікі лічаць, што свае прэтэнзіі расіяне павінны накіроўваць найперш санітарным і ветэрынарным службам. Пра гэта заявіў Павал Лабачоў:
«З пачатку ўвядзення санкцыяў на гэтай падставе былі вернутыя на тэрыторыю суседніх дзяржаваў каля тысячы транспартных сродкаў, якія не прапусцілі на тэрыторыю Мытнага саюзу. Што
тычыцца публікацыяў, дзе казалася пра фітасанітарны кантроль, то можна канстатаваць — памылкі, мабыць, былі. Я магу сказаць, што гэта не болей за 20–25 выпадкаў. Таму прызнаваць,
што ў Беларусі не існуе кантролю, я лічу неаб’ектыўным і неабгрунтаваным».
Эканаміст Леў Марголін мяркуе, што ў Масквы і Мінску няма даверу адзін да аднаго:
«Гаворка ідзе пра ўзаемны давер, пра агульныя інтарэсы абедзьвюх краін. Калі Расія ўводзіла свае санкцыі на харчовым фронце, яна спадзявалася, што гэта балюча ўдарыць па еўрапейскіх
краінах.
Зразумела, Масква чакала, што будуць нейкія спробы абысці гэтыя санкцыі. І яе чапляе, што гэта робіцца з боку Беларусі, якая павінна быць найлепшым сябрам. Ну, а Беларусь павінна нечым
адказваць, бо адначасова з рээкспартам трапляе пад раздачу і беларуская харчовая вытворчасць. Таму Мінск шукае несіметрычныя адказы, якія б таксама зачапілі Расію і далі зразумець, што трэба шукаць
нейкага выйсця з гэтага становішча».
svaboda.org