Дэвальвацыя forever?
Улады ўрэшце ачомаліся, а прадпрыемствам, якія працуюць на экспарт, хутка прыйдзецца адклікаць з вымушаных адпачынкаў сваіх працаўнікоў. Дэвальвацыя беларускага рубля на 30% хутка будзе «ўзаконеная».
Падатак «у законе»
Незразумелая сітуацыя на валютным рынку ў Беларусі, а таксама крызіс ў Расіі прывялі да таго, што шмат як прыватных, так і дзяржаўных прадпрыемстваў задумалася, як выжыць у гэты калядны час. Шмат якія прадпрыемствы альбо перайшлі на працу ў няпоўны працоўны тыдзень, альбо адпусцілі сваіх працоўных у вымушаныя адпачынкі. Да тае пары, пакуль сітуацыя з валютай не стабілізуецца. То бок, адбылося тое, пра што казалі незалежныя эканамісты: «падатак на валюту» прывёў да спынення працы як «экспартаарыентаваных», так і «імпартаарыентаваных» прадпрыемстваў.
Нябачна, але гэтая сітуацыя «заліхарадзіла» і банкаўскі сектар «сінявокай». Бо 30%, а потым 20% «валютнага падатку» сплачвалася ў бюджэт краіны. Такім чынам, прадаючы долар за, умоўна, 14.500 рублёў, рэальна банкі «для сябе» прадавалі яго па 11.100. А між тым, куплялі яны долары ў насельніцтва па 13.700. Зразумела, што такая розніца прывяла да «вымывання» з банкаў беларускіх рублёў, і не толькі беларускіх, бо «абаротны капітал» трэб ж было аднекуль браць.
Зараз краіна паступова прыходзіць да рэальнага курса рубля і валюты. 29 снежня, ужо пры новым выконваючым абавязкі старшыні Нацбанка Паўле Калаўры (паўнавартасным старшынёй НБРБ ён стане 15 студзеня, пасля зацвярджэння ягонай кандыдатуры парламентам), долар афіцыйна падаражэў на 770 рублёў. У той жа дзень «падатак на валюту» быў зніжаны да 20%.
30 снежня афіцыйны курс долара вырас на 150 рублёў, а 31 снежня — на апошніх таргах 2014-га года — рост склаў 50 рублёў.
На першых жа таргах новага года, у панядзелак, 5 студзеня, афіцыйны курс долара вырас адразу на 840 рублёў. з 11.900 да 12.740 рублёў. То бок, рубель афіцыйна дэвальваваў на 7,1%. Але і «падатак на валюту» афіцыйна зменшылі да 10%.
Зразумела, што ў далейшым афіцыйны курс рубля вырасце, а падатак на валюту будзе адменены. Такая вось «плаўная дэвальвацыя».
Істотна, але не крытычна
Па меркаванні эканаміста Барыса Жалібы, за два тыдні «валютнага падатку» эканоміцы Беларусі нанесеная не крытычная, але істотная шкода. «Найперш, гэта тычыца імпарцёраў, якія вымушаныя былі набывацьвалюту з 30%-ным падаткам. Але пацярпеў і экспарцёр, якому загадалі здаваць 50% валютнай выручкі па заніжаным кошце. Частка экспарцёраў адначасова з’яўляецца і імпарцёрамі, і не выключана, што яны свае ж грошы пакупалі па курсу «+ 30%». Сітуацыя ўскладнілася тым, што да 15 студзеня замарожаны рост коштаў, і прадпрыемствам нельга было кампенсаваць выдаткі шляхам росту цэнаў. А для насельніцтва гэта павярнулася пустымі паліцамі крамаў, асабліва прамысловых тавараў: старыя тавары прадалі, а новых набыць няма за што», —адзначыў Жаліба.
Па ягоных словах, ад 30%-нага падатку прадпрыемствы Беларусі не атрымалі істотнага выйгрышу. Прынамсі, не атрымалася «разгрузкі складоў», як пры звычайнай дэвальвацыі.
Аналагічнага меркавання прытрымліваецца і эканаміст Леў Марголін. «Я не лічу, што за гэтыя два тыдні эканоміцы Беларусі нанесеная значная шкода, але шкода ёсць. Канешне, найперш яе адчулі тыя прадпрыемствы, ў якіх па кантракце былі закладзеныя плацяжы ў валюце, якія нельга было пратэрмінаваць. Яны і засталіся ў пройгрышу, бо куплялі валюту па павышаным курсе. Варта таксама зазначыць, што гэты падатку на куплю валюты не дазволена адносіць да выдаткаў, яго трэба плаціць з прыбытку. Зразумела, што ў такім разе прыбытак прадпрыемстваў істотна знізіўся», — адзначае Марголін.
Абодва эканаміста ў адзін голас цвердзяць: нічога, апроч шкоды, гэты падатак беларускай гаспадарцы не нанёс. «Апроч шкоды, ад яго ніякай карысці няма», — кажа Марголін. «Гэта буйная памылка Нацыянальнага банка», — падтрымлівае калегу Жаліба.
Калі гэта скончыцца?
Абодва эканамісты вітаюць дзеянні новага кіраўніцтва Нацбанка па ліквідацыі «падатка на валюту». «Дзеянні Нацбанка па паступовай ліквідацыі валютнага падатку паказваюць, што ў Нацбанк прыйшло кіраўніцтва, можа быць, і не геніяльнае, але пісьменнае. Ну і, канешне, Паўлу Калаўру лягчэй «выправіць курс», чым Надзеі Ермаковай», — лічыць Марголін.
На ягоную думку, «падатак на валюту» знікне ўжо на гэтым тыдні. То бок, ужо на гэтым тыдні афіцыйны курс долара і еўра зраўняецца з біржавым, што прывядзе да адмены падатку.
Барыс Жаліба не такі аптымістычны, але і ён прагназуе, што курсы будуць зраўняныя «да канца студзеня». «У студзені гэтыя курсы сустрэнуцца. І, адпаведна, знікнуць працэнты падатку», — кажа спецыяліст.
Дэвальвацыяforever?
Жаліба і Марголін, апытаныя незалежна адзін ад аднаго, як згаварыліся — па іх меркаванні, дэвальвацыя беларускага рубля будзе працягвацца, і на 30-ці працэнтах яна не спыніцца. «Альбо гэта будзе рабіцца плаўна, але больш хуткімі тэмпамі, чым раней, альбо праз шэсць месяцаў нам ізноўку прыйдзеца перажываць абвал рубля», — мяркуе Марголін.
«Рубель будзе дэвальвавацца і ў далейшым. Пытанне толькі, якімі тэмпамі і з якой хуткасцю, — згодны і Жаліба. — Да снежня долар даражэў на 10 рублёў за таргі на біржы, на 100 рублёў у месяц. Але, каб падтрымліваць такія тэмпы дэвальвацыі, нам крытычна патрэбны знешняя пазыка на 2 — 3 млрд. долараў. Інакш такая «плаўная дэвальвацыя» прывядзе да імклівага таяння золатавалютных рэзерваў».
Прычыны далейшага падзення беларускага рубля — не сакрэт. Гэта, найперш, падзенне коштаў на нафту. У выніку таннеюць нафтапрадукты — асноўная крыніца паступлення валюты ў Беларусь. Можа дайсці нават да таго, лічыць Марголін, што у выпадку гэтага «патаннення» экспартныя пошліны на нафту ўпадуцьда нуля, і ўся нашая меркаваная выгада ад ЕАЭС апынецца пшыкам.
Другая прычына — Расія. Па словах Жалібы, там ужо назіраецца стагнацыя, а некаторыя (напрыклад, былы міністр фінансаў РФ Аляксей Кудрын) лічаць, што ВУП Расіі ў 2015 годзе складзе «мінус 2 — 4%». А Кудрыну варта верыць. Яшчэ ўвесну 2014-га ён прагназаваў, што адток капіталу з Расіі за год складзе 150 — 160 млрд. долараў. У снежні сам Пуцін агучыў лічбу гэтага адтоку — 138 млрд. долараў. «З папраўкай на прапаганду» прагноз Кудрына спраўджваецца. Так што ён ведае, пра што гамоніць.
«Падзенне ВУП Расіі на 1% выклікае падзенне ВУП Беларусі на 0,5%», — кажа Жаліба. Проста таму, што Расія больш не будзе набываць беларускія тавары ў тых жа аб’ёмах і па тых жа коштах, што і раней. «А калі менш экспарту, то і менш валюты. Чым тады падтрымліваць беларускі рубель?», — задаецца пытаннем Жаліба.
Так што на 30% дэвальвацыя не спынецца. Пытанне толькі ў тым, у якім выглядзе гэьта будзе адбывацца.