Дырэктыва замест рэформы

Сёлета з’явіцца стос новых дакументаў, датычных працы жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Гэта — новы Жыллёвы кодэкс, які неўзабаве будзе падпісаны кіраўніком краіны, і шэраг пастаноў, што будуць прынятыя дзеля выканання яго сакавіцкай дырэктывы №7 «Аб удасканаленні і развіцці жыллёва-камунальнай гаспадаркі краіны».

damy_szlahbaumbesel.ee.jpg

Што ж пастанавіў Лукашэнка для ЖКГ і для нас як жыльцоў-спажыўцоў? А ўзяць ды падвысіць якасць адпаведных паслуг! Да 1 кастрычніка ўрад сярод іншага павінен вызначыць захады па пашырэнні магчымасцяў выкарыстання электраэнергіі ў жыллёвым фондзе для ацяплення і гарачага водазабеспячэння. Верагодна, каб пераходзіць у гэтай справе з газу на электрычнасць з дапамогай БелАЭС, якая, кажуць, неўзабаве запрацуе.


Жыльцоў заахвоцяць, жэсаўцаў атэстуюць

Таксама Савет Міністраў прыдумае механізмы заахвочвання грамадзян да ўдзелу «ў энергаэфектыўных мерапрыемствах у жыллёвым фондзе і зніжэння яго цепласпажывання».

Вось тут трывожна. Увесну Дзяржкамітэт па стандартызацыі паведамляў, што сёлета павінен быць прыняты заканадаўчы дакумент аб падвышэнні энергаэфектыўнасці шматкватэрнага жыллёвага фонду. Паводле яго, рашэнне аб цеплавой мадэрнізацыі можа прымацца на агульных сходах уласнікаў кватэр. То-бок, справа нібыта добраахвотная. І нятанная. Выдаткі пакладуцца цягам дзесяці гадоў у тым ліку і на ўласнікаў кватэраў. Мяркуецца, што гэта будзе зроблена фіксаваным плацяжом у «жыроўках». Напрыклад, для двухпакаёўкі на 48 квадратных метраў сям’і з трох чалавек ён складзе адну базавую велічыню, якая роўная сёння 25,5 рубля.

Аблвыканкамы і Мінгарвыканкам абавязаныя, паводле дырэктывы, у 2020 годзе дасягнуць долі жылля, якое капітальна рамантуецца, у памеры 3% ад жыллёвага фонду і не дапускаць зніжэння гэта ўзроўню ў далейшым. У 2025 годзе 100% спажыўцоў павінны быць забяспечаныя якаснай пітной вадой.

Арганізацыі ЖКГ штогод мусяць замяняць мінімум 4% ад працягласці цеплавых сетак, нарматыўны тэрміны эксплуатацыі якіх вычарпаныя, і 3% — сетак водазабеспячэння і водаадвядзення. На жаль, нічога не гаворыцца пра скарачэнне часу на адключэнне гарачай вады падчас правядзення прафілактычна-рамонтных працаў на трубах.

Апроч таго, дырэктыва загадвае «забяспечыць сацыяльную абарону насельніцтва пры аплаце жыллёва-камунальных паслуг, а таксама ўдасканаленне тарыфнай палітыкі». Малазабяспечаным і сацыяльна ўразлівым катэгорыям грамадзян абяцаюцца безнаяўныя жыллёвыя субсідыі для частковай аплаты ЖКГ-паслуг. Да зімы Савет Міністраў распрацуе парадак фармірмавання тарыфаў для насельніцтва і юрыдычных асобаў. Верагодна, тых, каго ўлады залічылі ў «дармаеды», могуць чакаць новыя непрыемныя сюрпрызы.

zkhbymedia.net.jpg

Яшчэ Лукашэнка прапісаў у дырэктыве шэраг экалагічных захадаў: паэтапнае зніжэнне выкарыстання поліэтыленавай упакоўкі з замяшчэннем яе на шкло і паперу, стварэнне закладной сістэмы абарачэння тары праз адмысловыя аўтаматы, максімальную перапрацоўку адкідаў з дапамогай сучасных тэхналогій.

Дырэктыўна даведзена, што арганізацыі ЖКГ павінны працаваць больш эфектыўна — скарачаць выдаткі, развіваць інфраструктуру. Цікавы пункт тычыцца старшыняў гар- і райвыканкамаў. «Ключавым паказнікам» эфектыўнасці іх працы дырэктыва называе «адсутнасць пратэрмінаванай запазычанасці бюджэту перад арганізацыямі ЖКГ за выкананыя працы і аказаныя паслугі».

Кожны год 20% працаўнікоў жыллёва-камунальнай гаспадаркі будуць навучацца па розных адукацыйных праграмах. А на пасады кіраўнікоў і спецыялістаў арганізацый ЖКГ і дзяржаўных заказчыкаў будуць браць толькі пасля адмысловай прафесійнай атэстацыі.

Дарэчы, важная інфармацыя для тых, хто думае пра тое, каб працаваць у ЖКГ, але не ў дзяржаўных структурах. Гаворка пра пасаду старшыні праўлення таварыства ўласнікаў. Плануецца, што ў Беларускім нацыянальным тэхналагічным універсітэце з’явіцца спецыяльнасць «Упраўляючы нерухомасцю сумеснага домаўпраўлення». Падобная спецыяльнасць можа быць уведзеная і ў Мінскім архітэктурна-будаўнічым каледжы.


Чый сябар упраўдом?

Сучасная пасада ўпраўдома няпростая — вымагае ведання шырокай заканадаўчай базы, няслушныя дзеянні могуць давесці як да адміністрацыйнай, так і да крымінальнай адказнасці. А пра трывалыя нервы і актыўнасць — наогул залішне казаць. Таму цяпер існуюць розныя курсы для ўжо дзейных старшыняў таварыстваў уласнікаў і тых, хто жадае так папрацаваць.

tavarystva_ulasnikau_dadzenyja_na_jandekse_prosta_.jpg

Кацярына Жаркевіч, якая скончыла курсы ад арганізацыі «Эфектыўнае кіраванне будынкамі», да свайго старшынавання ў таварыстве ўласнікаў «Смарагдавы–2» у Мінску была ў адной асобе заснавальніцай, дырэктаркай і бухгалтаркай салона прыгажосці. Мае тэхнічна-эканамічную адукацыю. Але таварыства ўласнікаў — асаблівая сфера.

Першай складанасцю яна называе вялікую колькасць працадаўцаў — чатырыста чалавек. Аб’ектаў нерухомасці яшчэ болей, бо некаторыя маюць кватэру і гараж-стаянку. «Многія з іх наўпрост заяўляюць: «Я ваш працадаўца, я хачу, каб вы рабілі так, так і так!» Прыходзіць іншы чалавек за ім і кажа: «Я ваш працадаўца, я хачу, каб вы рабілі так, так і так!» І называе рэчы, супрацьлеглыя таму, што патрабаваў першы. Самая вялікая складанасць — знайсці «залатую сярэдзіну», узгадніць інтарэсы ўсіх. Пры гэтым прымаць не толькі чыйсьці пункт гледжання, але і ўмець адстойваць свой. У нейкі момант я стала забываць, што я таксама ўласнік, які мае сваё бачанне, ведае, як хоча жыць, што бачыць з вакна, у які час сутак у мяне павінна гарэць святло ў пад’ездзе або на паркінгу. Пошук кампрамісу — складаная задача, калі хочаш застацца з суседзямі ў добрых стасунках, але і важна не даць ім «сесці на галаву».

Што да тэхнічных пытанняў, напрыклад, працы цеплавузла, то для Кацярыны нічога складнага не было: «Я заканчвала тэхнічную ВНУ, Запарожскі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт, дзе я засвоіла мноства тэхнічных дысцыплін, аж да ліцця. Інжынерныя сеткі дома мяне не палохалі».

Асноўныя праблемы, якія даводзіцца вырашаць, — гэта, напрыклад, недаробкі забудоўніка: «Калі б я прымала гэты дом сёння, нават з улікам таго, што асноўная частка недаробак ужо выпраўленая, я б гэты дом не прыняла. Ёсць нюансы: і сыход снегу з дахаў (нейкія памылкі ў праекце), і з вентыляцыяй ды каналізацыяй».

Вельмі складана разрульваць канфлікты па шумах і скаргах аднаго суседа на іншага, бо старшыня таварыства не мае міліцэйскіх паўнамоцтваў. Пастаянны галаўны боль — збіранне ўнёскаў і іх абгрунтаванне. Сітуацыя можа ўскладняцца тым, што дамы ў таварыстве розныя, матэрыяльны стан іх уласнікаў адрознівацца: у выніку адзін дом гатовы здаваць унёскі бесперабойна, а ў другім многія жыльцы наважаныя нават пайсці на абслугоўванне да ЖЭС.

Дарэчы, паводле новага Жыллёвага кодэкса, які неўзабаве пачне дзейнічаць, усталёўваюцца дадатковыя патрабаванні да кандыдатаў на пасаду старшыні праўлення таварыства ўласнікаў ці арганізацыі забудоўнікаў.

«Дзейнасцю праўлення арганізацыі ўласнікаў кіруе старшыня праўлення арганізацыі ўласнікаў, які абіраецца на тэрмін, які не перавышае пяці гадоў, у адпаведнасці са статутам арганізацыі ўласнікаў. Старшыня праўлення арганізацыі ўласнікаў абіраецца з ліку сяброў арганізацыі ўласнікаў або асобаў, якія не зʼяўляюцца чальцамі арганізацыі ўласнікаў. Старшыня праўлення арганізацыі ўласнікаў абіраецца з ліку грамадзян, якія маюць вышэйшую адукацыю або якія маюць сярэднюю спецыяльную (тэхнічную, эканамічную, юрыдычную) адукацыю і стаж працы на кіруючых пасадах у арганізацыях жыллёва-камунальнай гаспадаркі і (або) кіравання нерухомай маёмасцю не менш за пяць гадоў, а таксама пасведчанне аб праходжанні прафесійнай атэстацыі», — гаворыцца ў дакуменце.

А яшчэ гэтая кандыдатура павінна быць узгодненая з мясцовымі ўладамі.

Якія будуць наступствы? Дэфіцыт такіх кадраў з тым жа стажам і падвышэнне кошту іх паслуг? Магчыма, такім чынам дзяржава хоча ўзяць дзейнасць таварыстваў уласнікаў, фармальна самастойных і незалежных, пад свой кантроль. Паглядзім, як гэта норма будзе выконвацца на практыцы.