Дзе ўзяць грошы? — Як заўсёды, у насельніцтва!

БелАЭС пабудавалі, а зрабіць так, каб грамадзяне больш спачывалі электрычнасці — праблема. Аказваецца, састарэлі электрасеткі. Насельніцтву прапануюць самім заплаціць за новыя сеткі.

Фота gazeta-n1.ru

Фота gazeta-n1.ru

Энергіі шмат, але выкарыстаць яе не атрымліваецца, піша сайт “Беларусы і рынак”. Дзяржава прыняла шэраг мер, каб насельніцтва больш карысталася электрычнасцю. Насельніцтва з радасцю адгукнулася. Але аказалася, што электрасеткі да росту нагрузкі не гатовыя, а мадэрнізаваць іх дорага. Таму ахвочым усталяваць у прыватным доме электракацёл прапануюць самім заплаціць за новыя сеткі.

Павялічыць выкарыстанне электраэнергіі ў Беларусі — такая ідэя ўладам прыйшла адразу, як толькі стала зразумела, што электраэнергію з БелАЭС экспартаваць не атрымаецца.

Міністэрства энергетыкі зацвердзіла праграму павелічэння электраспажывання для патрэб ацяплення, гарачага водазабеспячэння і гатавання ежы на 2021–2025 гады.

Частка праграмы палягала ў пераводзе індывідуальнага жыллёвага фонду на электраэнергію для мэтаў ацяплення і гарачага водазабеспячэння — гэта значыць, устаноўка электрычных катлоў у прыватных дамах. Для тых хатніх гаспадарак, якія выкарыстоўваюць электраэнергію ў бытавых мэтах, былі ўведзеныя спецыяльныя стымулюючыя тарыфы.

Насельніцтва прастымулявалася і на прапанову больш карыстацца электрычнасцю адгукнулася з радасцю — энергетыкаў пачалі закідваць заяўкамі на дазвол падключыць электрычныя катлы. Вось толькі на практыцы задаволіць узаемнае жаданне аказалася няпроста.

 

БелАЭС пабудавалі, а сеткі не абнавілі

 

Высветлілася, што электрасеткі павелічэння нагрузкі не вытрымаюць. І дазволіць грамадзянам падключыць катлы можна толькі пасля рэканструкцыі размеркавальных сетак.

«У цяперашні час у Рэспубліцы Беларусь эксплуатуецца больш за 200 тысяч км размеркавальных электрычных сетак напругай 0,4-10 кВ, якія маюць розную ступень зносу. І за адзін раз выканаць іх рэканструкцыю немагчыма як фінансава, так і арганізацыйна. Паводле экспертнай ацэнкі, для рэканструкцыі ўсіх размеркавальных электрасетак неабходна каля 11 мільярдаў долараў», — распавёў ведамаснай газеце «Энергетыка Беларусі» начальнік упраўлення стратэгічнага развіцця «Белэнерга» Андрэй Нягодка.

А можа спатрэбіцца і больш сродкаў. У «Белэнерга» падкрэслілі, што недастаткова проста аднавіць зношаныя сеткі да іх ранейшых тэхнічных характарыстык, неабходна павялічыць іх прапускную здольнасць, што патрабуе значна большых фінансавых укладанняў.

 

Дзе ўзяць грошы?

Ва ўмовах недахопу сродкаў прапануецца самім грамадзянам фінансаваць будаўніцтва і мадэрнізацыю сетак да індывідуальнай жылой забудовы.

Згодна з указам «Аб будаўніцтве размеркавальных электрычных сетак», прынятым у мінулым годзе, удзел насельніцтва ў фінансаванні такіх работ можа складаць 30% ад іх каштарыснай кошту.

Са слоў Андрэя Нягодкі, як будзе працаваць гэты нарматыўны прававы акт, казаць пакуль рана. Сёлета раённыя выканаўчыя камітэты пачнуць праводзіць апытанні сярод грамадзян. Калі яны выкажуць жаданне ўдзельнічаць у фінансаванні электрычных сетак, такія аб'екты патрапяць у планы праектавання на 2023 год і толькі праз год — у планы будаўніцтва.

 

Грамадзяне просяць занадта шмат

«Як паказвае практыка, электрычная магутнасць, якая запытваецца грамадзянамі для патрэб ацяплення і гарачага водазабеспячэння, вызначаецца інтуітыўна альбо паводле парады знаёмых, што часцяком прыводзіць да завышэння запытанай магутнасці і неабгрунтавана скарачае рэзерв прапускной здольнасці размеркавальных электрычных сетак для іншых грамадзян», — адзначыў прадстаўнік «Белэнерга».

Таксама ён рэкамендуе спачатку ўцяпліць дома, а потым ставіць кацёл для ацяплення — тады будзе дастаткова невялікай магутнасці.

Нягледзячы на абмежаванасць прапускной здольнасці электрычных сетак, штогод дазвол на далучэнне электраўстановак спажыўца да электрычнай сеткі атрымліваюць парадку 80% тых, хто звярнуўся.


Зрэшты, як пісаў НЧ, куды пойдзе вырабленая на БелАЭС электраэнергія, было не вельмі зразумела і год таму. У 2020 годзе ў РБ спажыванне электраэнергіі складала каля 38 млрд. кВт.г, а праз 5 гадоў павінна было падняцца, паводле афіцыйных прагнозаў, да 44 млрд. кВт.г. Пры гэтым БелАЭС павінна вырабляць каля 18,5 млрд. кВт.г. электраэнергіі ў год. Гэта азначае, што ў Беларусі павінны быць спыненыя нейкія дзеючыя электрастанцыі ці ж павялічыцца экспарт электраэнергіі.

Урад РБ у мінулым 2021-м годзе, хутчэй за ўсё, разлічваў адправіць лішак энергіі за мяжу, аднак з-за пагаршэння адносін з заходнімі краінамі, і санкцый, у прыватнасці, у сувязі з вымушанай пасадкай замежнага самалёта ў Мінску, гэта стала праблематычным.

У гэтым годзе з экспартам стала толькі горш. Ад беларускай электрычнасці ў студзені 2022 года адмовілася нават Украіна, якая з пачатку 2021 года была адзіным яе пакупніком.