Украіна вырашыла часова адключыцца ад энергасістэм Расіі і Беларусі
Украінская энергетычная сістэма ў лютым часова будзе адключаная ад энергасістэм Расіі і Беларусі для тэставання працы ў ізаляваным рэжыме. Адметна, што з пачатку 2021 года Украіна была адзіным пакупніком беларускай электраэнергіі.
Пра гэта паведаміў прэм'ер-міністр Украіны Дзяніс Шмыгаль, піша afn.
«У наступным месяцы запланавана тэставая праца энергасістэмы ў ізаляваным рэжыме падчас праходжання зімовых максімумаў нагрузкі. Прадугледжана правядзенне сістэмных выпрабаванняў працы энергасістэм Украіны і Малдовы ў складзе адзінага блока рэгулявання ў ізаляваным ад сінхроннай зоны краін СНД і Балтыі рэжыме», — сказаў ён.
Украінскі прэм'ер дадаў, што «цяпер ідзе актыўная праца па інтэграцыі энергасістэмы Украіны ў еўрапейскую сістэму ENTSO-E».
Дзяніс Шмыгаль запэўніў, што ў цэлым энергасістэма Украіны працуе стабільна, у краіне дастаткова энергарэсурсаў, каб прайсці ацяпляльны сезон. Пры гэтым, паводле яго слоў, за 25 дзён студзеня спажыванне электраэнергіі перавышае спажыванне за адпаведны перыяд 2021 года на 5%. Асноўную нагрузку, дадаў прэм'ер, нясе атамная генерацыя, цяпер працуе 14 з 15 блокаў АЭС. У пачатку лютага запланавана завяршэнне планавага бягучага рамонту чацвёртага энергаблока Ровенскай АЭС і ўключэнне яго ў сетку, што забяспечыць працу 15 блокаў атамных станцый.