Яны пра нас. Замежныя СМІ пра ваенныя пагрозы з боку Беларусі

Нашто Лукашэнку ваенная форма, хто будзе пераемнікам і іншыя асаблівасці беларускага палітычнага жыцця ў аб’ектыве замежных медыя.

russia_vezhlivost.jpeg


«Ваенная форма, якую прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка стаў часцей апранаць на сустрэчы, можа быць сімвалам незалежнасці для патэнцыйных супернікаў. Пры дапамозе формы Лукашэнка дэманструе незалежнасць Беларусі не толькі Украіне і Еўропе, якая будуе падкопы, але і Расіі. У апошні час хадзіла шмат размоваў пра тое, што Расія і Беларусь зліюцца ў адзіную дзяржаву з адзіным цэнтрам кіравання і адзінай валютай. Нічога сказаць прама пра Расію Лукашэнка не можа, але ён відавочна дае зразумець, што зліцця і паглынання не будзе».
Лента.ру (Расія)
У выпадку ўзнікнення канфлікту паміж Украінай і Беларуссю можа быць хутка задзейнічаны механізм АДКБ, і на тэрыторыю гэтых дзяржаў увойдуць войскі гэтага блока. Яны робяць правакацыю дзе-небудзь на беларускай мяжы ці ў Прыднястроўі, аб'яўляюць, што гэта не ўкраінска-расійскі канфлікт, а канфлікт Беларусі і Украіны, а мы, маўляў, прыйшлі міратворцамі ўмяшацца. Чым гэты варыянт добры — тым, што дазваляе пазбегнуць санкцый ці, прынамсі, стварыць перамоўныя пляцоўкі».
Politeka (Украіна)
«У гэтай сітуацыі глабальнай пагрозы галоўны фактар ​​поспеху — згуртавацца вакол лідара. Такі, на думку экспертаў, галоўны пасыл улады беларускаму народу. Аднак аналітыкі канстатуюць, што тая карціна свету, якую сканструявалі беларускія ўлады, не адпавядае рэчаіснасці. Праект патрэбны самому Лукашэнку для стварэння карціны, што ён спрабуе вырашыць палітычны крызіс. Спатрэбіцца новы варыянт і ў выпадку, калі давядзецца ўсё ж пайсці на транзіт улады. Лукашэнка збіраецца ўзначаліць той самы Усебеларускі народны сход, які з'явіцца ў структуры ўлады ў выпадку прыняцця новай Канстытуцыі.
Независимая газета (Расія)
«Падчас трэцяга этапу аперацыі плануецца ажыццявіць напад на Кіеў. Наступленне на сталіцу Украіны магчыма з поўначы, з тэрыторыі Беларусі. Пры гэтым заходнія разведчыкі не ўпэўненыя, ці будзе беларускі бок удзельнічаць у гэтым нападзе. Калі ж да Расіі далучыцца Беларусь, то Кіеў акружаць расійскія войскі і з усходу, і з захаду».
Bild (Германія)
«Пераемнік (Лукашэнкі) пакуль зусім не ясны. Можна тыкаць пальцам у любога з палітыкаў, якія шмат перажылі разам з Аляксандрам Лукашэнкам і якім ён, напэўна, давярае. Гэта і кіраўнік МЗС Уладзімір Макей, і кіраўнік Савета Рэспублікі Наталля Качанава, і іншыя асобы. Але тут мы сказаць дакладна не можам. Можам толькі варажыць на кававай гушчы. Але, хутчэй за ўсё, пераемнікам стане нехта з гэтых "новых людзей", аб якіх гаварыў Аляксандр Лукашэнка. Гэты чалавек, мусіць, пакуль не медыйная персона, і мы яго не ведаем. Недзе ён працуе, на нейкім узроўні ўлады. Гэтак жа, як у свой час мала хто ведаў Уладзіміра Пуціна, калі ў 1999 годзе Барыс Ельцын даверыў яму стырно кіравання».
Украіна.ру (Расія)
«Заходнія аналітыкі з трывогай расказваюць, у якой смяротнай небяспецы будзе Кіеў, калі расейцы пачнуць адначасовы наступ з усходу і з поўначы, гэта значыць з беларускай тэрыторыі. Такі сцэнар мы апісвалі ўжо неаднаразова, а раней, яшчэ да таго, як у Беларусі была зроблена спроба распачаць рэвалюцыю, папярэджвалі, што тая можа абярнуцца для Польшчы негатыўнымі наступствамі. Калі альтэрнатывай Лукашэнку была не дэмакратыя, а Лукашэнка, які цалкам падпарадкоўваецца Расіі, такая рэвалюцыя проста не мела для нас сэнсу. Аднак рэалізм у Польшчы саступіў рамантызму. Усё часцей можна пачуць, што калі ў Лукашэнкі засталіся толькі сілавыя аргументы, значыць, ён прайграў, а мы, калі беларусы нібыта адварочваюцца ад Масквы і хочуць дэмакратыі, атрымалі перамогу. Шкада толькі, што ў штаб-кватэры НАТА гэтую "перамогу" прыйшлося адлюстроўваць на картах. Стрэлкі, якія паказваюць напрамкі, з якіх Расія можа нанесці ўдар па Кіеве, зыходзяць зараз і з Беларусі».
Onet.pl (Польшча)