Байдэн збіраецца накіраваць войскі ва Усходнюю Еўропу

Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн у пятніцу, 28 студзеня, заявіў, што ЗША плануюць размясціць дадатковыя войскі ва Усходняй Еўропе ў рамках плану краін НАТО па ўзмацненні прысутнасці ў гэтым рэгіёне, піша «Deutsche Welle».

Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн

Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн


Байдэн заявіў, што войскі ЗША будуць перакінутыя на ўсходні фланг Паўночнаатлантычнага альянса «ў бліжэйшай будучыні», і ўдакладніў, што іх будзе «няшмат».
Міністр абароны ЗША Ллойд Осцін заявіў раней у той жа дзень, 28 студзеня, што загаду аб адпраўцы войскаў пакуль не паступала. Паводле яго слоў, войскі знаходзяцца ў рэжыме «падрыхтоўкі да разгортвання» і будуць гатовыя дзейнічаць, калі НАТО аддасць загад. Яшчэ раней Осцін сказаў пра 8500 вайскоўцаў, якія прыведзеныя ў баявую гатоўнасць з 24 студзеня.
Джо Байдэн падкрэсліў, што гэта мера перасцярогі і ва Украіну амерыканскіх вайскоўцаў высылаць не будуць.
У Еўропе звычайна дыслакуюцца дзясяткі тысяч амерыканскіх вайскоўцаў.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі 28 студзеня заявіў, што дамагаецца ўдзелу ЗША ў працэсе перамоў аб дээскалацыі сітуацыі каля ўкраінскай мяжы.
Агенства DPA са спасылкай на даныя заходніх спецслужбаў паведаміла, што Расія павялічыла вайсковы кантынгент на мяжы з Украінай да 112-120 тысяч чалавек. Акрамя гэтага, прыкладна 35 тысяч узброеных прарасійскіх сепаратыстаў знаходзяцца на Данбасе.
Крэмль сцвярджае, што вайскоўцы знаходзяцца ля межаў Украіны выключна з мэтай правядзення вучэнняў і адмаўляе намер напасці на Украіну, у той час як Захад падазрае, што такі сцэнар цалкам магчымы.