ЕАБР: Беларусь дэманструе найбольш нізкія тэмпы эканамічнага росту сярод краін ЕАЭС

Нягледзячы на некаторае запаволенне падзення ў першым паўгоддзі 2016 года, Беларусь дэманструе найбольш нізкія тэмпы эканамічнага росту сярод краін ЕАЭС, гаворыцца ў аглядзе Еўразійскага банка развіцця.

406.jpg

Ілюстрацыйнае фота
Пры гэтым у макраэканамічным даследаванні ЕАБР адзначаецца, што ў ліпені—жніўні 2016 года, паводле папярэдніх ацэнак Белстата, адзначаецца паскарэнне падзення эканомікі. Па выніках студзеня—жніўня ВУП Беларусі знізіўся на 3% у параўнанні з аналагічным перыядам 2015 года. "Скарачэнне выпуску працягвалася ва ўмовах слабага ўнутранага і знешняга попыту на фоне кансерватыўнай грашова-крэдытнай і фіскальнай палітыкі", — гаворыцца ў макрааглядзе.
Эканамісты ЕАБР вылучылі асноўныя фактары зніжэння эканамічнай актыўнасці ў Беларусі. Так, рэальныя наяўныя даходы насельніцтва ў маі—жніўні працягнулі трэнд на зніжэнне, склаўшы ў цэлым за студзень—жнівень 93% ад узроўню аналагічнага перыяду 2015 года. Пры гэтым на фоне падзення рэальных наяўных грашовых даходаў насельніцтва адзначаецца некаторае паскарэнне тэмпаў падзення расходаў на канчатковае спажыванне хатніх гаспадарак у II квартале (зніжэнне ў параўнанні з II кварталам 2015 года на 2,1%) і запаволенне сціскання валавога назапашвання асноўнага капіталу (скарачэнне ў параўнанні з II кварталам 2015 года на 11,2%).
У макрааглядзе таксама гаворыцца, што станоўчая дынаміка росту прамысловай вытворчасці, адзначаная ў II квартале 2016 года, вярнулася ў сферу адмоўных значэнняў у пачатку III квартала, што ў большай ступені звязана са скарачэннем аб'ёмаў перапрацоўкі нафтапрадуктаў, абумоўленым зніжэннем імпарту сырой нафты з Расіі. У цэлым за студзень—жнівень 2016 года падзенне прамысловай вытворчасці скарацілася да 1,8% да адпаведнага перыяду мінулага года (з падзення на 2,5% у студзені—красавіку 2016 года).
Станоўчая дынаміка ў сельскай гаспадарцы, якая назіралася на працягу студзеня—ліпеня 2016 года, змянілася ў жніўні рэзкім падзеннем на 15,5% да жніўня 2015 года, што абумоўлена як высокай базай мінулага года (больш позні тэрмін уборкі збожжавых у 2015 годзе), так і скарачэннем ураджаю ў цэлым у параўнанні з 2015 годам. Падзенне ў сельскай гаспадарцы па выніках студзеня—жніўня 2016 года склала 2,2% да адпаведнага перыяду 2015 года пасля станоўчага росту на 4,2% за студзень—ліпень 2016 года.
Адмоўная дынаміка працягваецца ў будаўніцтве і гандлі, дзе па выніках студзеня—жніўня 2016 года падзенне склала -16,9% і -6,1% да такога ж леташняга перыяду.
Эканамісты ЕАБР канстатуюць, што пры існуючых унутраных фактарах, якія стрымліваюць аднаўленне эканамічнага росту, скарачэнне паставак сырой нафты з Расіі ў Беларусь у пачатку III квартала прывяло да змены прагнозу ВУП на 2016 год у бок зніжэння да мінус 2,6% (папярэдні прагноз — падзенне на 1,9%).
Паступовае аднаўленне тэмпаў росту чакаецца ўжо ў 2017—2018 гадах на 0,6% і 0,9% адпаведна. У той жа час, як адзначаюць эканамісты, выхад з рэцэсіі ўскладніцца ў выпадку пагаршэння знешніх умоў або рэалізацыі рызыкі фінансавай нестабільнасці на фоне росту праблемных актываў банкаўскай сістэмы.
Паводле БелаПАН