Эканаміст: Дэвальвацыя беларускага рубля непазбежная

Дзе беларусы бяруць валюту і калі народ перастане забяспечваць ёю дзяржаву — пра гэта разважае кіраўнік Аналітычнага цэнтра «Стратэгія» эканаміст Леанід Заіка.

Леанід Зайко

Леанід Зайко

Чысты продаж замежнай валюты з боку насельніцтва ў кастрычніку склаў 147,8 мільёна даляраў.
— Чаму людзі працягваюць здаваць валюту?
— Ды гэта не так ужо і шмат грошай. І людзі ў беларускі рубель ужо паверылі, таму спакойна мяняюць даляры на рублі. Гэта чаканая тэндэнцыя. Перад дэнамінацыяй былі сумневы, ці стануць людзі актыўна пераходзіць на рубель, але цяпер ён досыць устойлівы, пазітыў спрацаваў.
— Гэта значыць, што народ адвыкае ад звычкі трымаць заначкі у валюце?
— Так і павінна быць. Норма назапашвання ў Беларусі невялікая, на ўзроўні 5%, калі браць сукупныя даходы, традыцыйна назапашванні былі ў доларах. Зараз, пасля зніжэння зарплаты, калі трымаць дэпазіты нават у Беларусбанку, яны прыносяць даходы менш за 1 працэнт у месяц. Але гэта самыя высокія даходы ў Еўропе, таму трымаць у беларускіх рублях грошы выгадна.
— А тым часам долар няўмольна набліжаецца да псіхалагічнай адзнакі ў 2 рублі за адну амерыканскую грашовую адзінку?
— Тут трэба запазычыць вопыт Расіі, дзе ўзровень інфляцыі ў гэтым годзе можа скласці каля 4%. У такім выпадку расійскі рубель становіцца неінфляцыйным і як грашовая адзінка і форма зберажэнняў мае шэраг пераваг у параўнанні з беларускім рублём. А ў нас інфляцыя пакуль яшчэ высокая, так што дэвальвацыя беларускага рубля непазбежная.
— Але ж расійскі рубель у немалой ступені залежыць ад коштаў на нафту.
— Так, ёсць такое. Прадказаць курс расійскага рубля складана. Гэта будзе працягвацца да таго часу, пакуль Расія і Кітай не дамовяцца аб залатым стандарце. А часы такія ўжо праглядаюцца.
— Наколькі ў беларускага народа хопіць яшчэ прыхаванак, каб забяспечваць дзяржаву валютай?
— І ў дзевяностыя, і ў нулявыя гады аналіз паказваў, што найбольш адаптыўна і дынамічна з пункту гледжання спажывецкіх паводзінаў паводзіць сябе не ўрад і карпарацыі, а хатнія гаспадаркі. Яны, у адрозненне ад прадпрыемстваў і карпарацый, якія могуць раскідвацца грашыма і браць крэдыты, заслужылі таго, каб ім паставіць помнік. Многія беларусы зарабляюць грошы за мяжой, хоць цяпер і менш. У псіхалогіі беларусаў на першым месцы ідзе даляр. Але за 20-30 гадоў людзі захацелі нейкай надзейнасці. І Нацыянальны банк Беларусі ў адрозненне ад грашовай палітыкі мінулых дзесяцігоддзяў, апынуўся больш прафесійным за ўсе папярэдніх склады. Беларусы марылі аб надзейным рублі. І гэтыя мары ўжо набліжаюцца.
— Гэтая надзейнасць апраўданая?
— Калі б у Беларусі Нацбанк заявіў пра пераход на залаты стандарт, як кітайцы, то беларускі рубель быў бы больш надзейным, чым расійскі рубель або казахскае тэнге.
— Што такое залаты стандарт беларускага рубля і наколькі рэальна пры нашых запасах золата яго забяспечыць?
— Тут залатыя запасы не столькі важныя, важная жорсткая прывязка. Насельніцтва пакуль вымярае кошты на машыны, на бензін і гэтак далей у далярах. А калі мы будзем ведаць, што беларускі рубель забяспечваецца «залатым запасам», то ўвядзенне гэтага прынцыпу і будзе «залатым стандартам». Гэта значыць, у нас ні аднаго лішняга рубля не надрукуюць.
Паводле zautra.by