З пачатку года насельніцтва прадало амаль 7 мільярдаў долараў
У студзені—кастрычніку аб'ём продажу замежнай валюты насельніцтвам на ўнутраным рынку Беларусі дасягнуў амаль 7 млрд долараў.
Паводле дадзеных Нацыянальнага банка, у кастрычніку аб'ём продажу наяўнай і безнаяўнай замежнай валюты фізічнымі асобамі склаў 745,9 млн долараў, куплі — 598,1 млн долараў. Такім чынам, чысты продаж замежнай валюты з боку насельніцтва ў кастрычніку склаў 147,8 млн долараў.
Усяго за 10 месяцаў насельніцтва прадало замежнай валюты на 6,92 млрд долараў, памер набытай замежнай валюты пры гэтым склаў 5,19 млрд долараў. Такім чынам, у студзені-кастрычніку насельніцтва прадало замежнай валюты на 1,73 млрд долараў больш, чым купіла.
Насельніцтва выступае чыстым прадаўцом замежнай валюты з пачатку 2016 года. Эканамісты Нацбанка тлумачаць гэта тым, што за кошт раней назапашаных зберажэнняў людзі імкнуцца падтрымліваць спажыванне на больш высокім узроўні, чым можа разлічваць з улікам бягучых даходаў.
Аналагічным чынам банкіры тлумачаць рост аб'ёмаў спажывецкага крэдытавання, назіраны сёлета. На 1 кастрычніка запазычанасць фізічных асоб па крэдытах на спажывецкія патрэбы склала рэкордныя 2,56 млрд рублёў і вырасла ў параўнанні з пачаткам года на 868,6 млн рублёў (на 48,8%).
"Насельніцтва не хоча зніжаць узровень спажывання, таму істотнае зніжэнне працэнтных ставак прыводзіць сёлета да росту попыту на спажывецкія крэдыты. Працэнтныя стаўкі па крэдытных рэсурсах працягваюць ісці ўніз, і гэта толькі разагравае рынак спажывецкага крэдытавання", — адзначыў у каментары БелаПАН прадстаўнік банкаўскіх колаў.
Паводле прагнозаў аналітыкаў, дзяржава пакуль не будзе стрымліваць рост унутранага попыту з боку насельніцтва. "Унутранае спажыванне дзяржава цяпер разганяе, каб дазволіць насельніцтву кампенсаваць зніжэнне ўзроўню дабрабыту ў 2015—2016 гады. Гэта мэтанакіраваная палітычная задача дзяржавы ў 2017 годзе, і таму ў такіх умовах наўрад ці будуць прымацца меры па абмежаванні ўнутранага попыту і, у прыватнасці, спажывецкага крэдытавання", — лічыць эксперт Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра (BEROC) Дзмітрый Крук.
Дзмітрый Заяц, БелаПАН