Фінансы пяюць рамансы

Аказваецца, рана мы ўзрадаваліся і «харчоваму Кландайку» — эмбарга Расіі ў дачыненні да заходніх прадуктаў, і патрабаванням Мясніковіча цалкам разлічыцца па замежных пазыках. Не такая ўжо гэта простая справа.



finansy_pojut_romansy.png

Што тычыцца «харчовага Кландайку», то проста так нічога не робіцца. Расіяне таксама не спяць у шапку, і «Рассельгаснагляд» вельмі пільна сочыць за «сінявокай». Напачатку тыдня гэтая структура завярнула ў Беларусь 27 тон кантрабанднай садавіны і гародніны. Расійскае ведамства сцвярджае, што Мінскі філіял РУП «Белтаможсервіс» паспрабаваў адправіць у Расію 27 тон гародніны і садавіны з Захаду па падробленых дакументах. «Белтаможсервіс», па словах расіянаў, спрабаваў выдаць галандскую гародніну, у дачыненні да якой уведзеныя санкцыі, за ізраільскую, у дачыненні да якой санкцый няма.

Гэта не першы выпадак з «Белтаможсэрвісам», запэўнівае «Рассельгаснагляд». На мінулым тыдні тая ж фірма паспрабавала адправіць у Расію больш за 18 тон рознай садавіны, груш, нектарынаў і персікаў па несапраўдным фітасанітарным сертыфікаце.

Дрэнна, калі з-за аднаго «Белтаможсервіса» будуць цярпець і іншыя беларускія пастаўшчыкі, да якіх з’явіцца пільная ўвага суседскіх фітасанітараў.

А вось мары Міхаіла Мясніковіча пра датэрміновае пагашэнне крэдытаў у пыл развеяў родны Нацыянальны банк, агучыўшы новую статыстыку нашага знешняга доўгу. Згодна з лічбамі, толькі абслугоўванне валавога знешняга доўгу Беларусі ў першым паўгоддзі 2014 года абышлося краіне ў амаль у пяць з паловай мільярдаў долараў ($5 458,7 млн.), што складае 15,8% ВУП або 24,8% экспарту тавараў і паслуг. Гэта ў той час, як за аналагічны перыяд 2013 года на названыя мэты было выдаткавана $2 941,7 млн.

Плацяжы па асноўным доўгу склалі $ 4 740,4 млн., плацяжы па працэнтах — $718,3 млн.

Паводле дадзеных Нацбанка, нейкім дзіўным чынам, у мерах «жэстачайшай эканоміі», валавы знешні доўг краіны за паўгода не толькі не зменшыўся, але і ўзрос. На 1 ліпеня ён складае $40 609,1 млн. (55,5% ВУП). То бок, кожны грамадзянін Беларусі павінен нейкаму знешняму фінансісту 4 тысячы 288 долараў і 60 цэнтаў ЗША, падлічыў Нацбанк. Гэта кожнаму чалавеку (і немаўляці, і пенсіянеру), каб разлічыцца са знешнімі пазыкамі, трэба працаваць на зарплаце ў 500 долараў аж 9 месяцаў! Вось такі «крэдытны эканамічны цуд».

Але і гэта яшчэ не ўсё. Па тых жа лічбах Нацбанка, валютныя абавязацельствы дзяржорганаў Беларусі тэрмінам пагашэння да 1 месяца на 1 верасня 2014 года складаюць $ 2 280,9 млн. То бок, бліжэйшым месяцам нам трэба будзе выдаткаваць больш двух мільярдаў долараў!

Агулам жа гадавыя (у перыяд з 1 верасня 2014 г. па 1 верасня 2015 г.) валютныя абавязальніцтвы ўрада і Нацбанка Беларусі па пазыках і каштоўных паперах складаюць $5 950,8 млн. — амаль шэсць мільярдаў долараў. Пры гэтым на 1 верасня ўсе актывы Беларусі ў замежнай валюце склалі $7.265,4 млн.

Не цяжка падлічыць, што, калі б мы, па Мясніковічу, выплацілі б зараз хаця б крэдыты аднаго года наперад, то да гэтага аднаго Новага года мы бы падышлі, мякка кажучы, з голым торсам. У нас бы засталося ў засеках толькі мільярд і трыста мільёнаў долараў. На сподняе краіне б яшчэ хапіла, а вось прыкрыць торс — ужо не.

Але і тут нам дапаможа Расія. Падобна, мы ўрэшце дачакаліся таго, што Пуцін абяцаў Лукашэнку зрабіць на працягу трох тыдняў яшчэ напрыканцы красавіка — не прайшло і паўгода. Прэм’ер-міністр Расійскай Федэрацыі Дзмітрый Мядзведзеў сваім распараджэннем ухваліў праект міжурадавага пагаднення пра тое, што Расія прадаставіць Беларусі крэдыт на суму 1,55 млрд. долараў.

Згодна з дакументам, крэдыт прадастаўляецца на 15 гадоў з ільготным перыядам больш за 4 гады ў расійскіх рублях на працягу 15 дзён пасля падпісання міжурадавага пагаднення. Беларускі бок пагашае выкарыстаны крэдыт шляхам пераводу расійскаму боку сродкаў у расійскіх рублях 20-цю роўнымі паўгадавымі часткамі 15 студзеня і 15 ліпеня кожнага года, прычым першы плацёж будзе ажыццёўлены 15 студзеня 2019 года.

Але, як зазначаюць эксперты, гэты крэдыт, хутчэй за ўсё, нам трэба будзе вярнуць адразу ж і ў поўным памеры. Справа ў тым, што напрыканцы 2013 і ў чэрвені 2014 года расійскі банк ВТБ пракрэдытаваў Беларусь на $450 млн. і $1,5 млрд. долараў адпаведна. Крэдыт ВТБ быў «брыдж-крэдытам», то бок «хуткім крэдытам «да заробку» — на тэрмін да 6 месяцаў. Транш за 2013 год мы, падаецца, ужо выплацілі, так што $1,5 млрд. ад Расіі адразу ж сыдуць расійскаму ж банку ВТБ. Які, дарэчы, трапіў пад еўрапейскія і амерыканскія санкцыі з-за Украіны, і таму мае сур’ёзныя праблемы і знаходзіцца ў вельмі непрыемным становішчы.

Падаецца, што адзіны чалавек ва ўрадзе, які заклапочаны не толькі выдаткамі Беларусі, але і прыбыткамі — гэта міністр замежных спраў Уладзімір Макей. Хаця продаж беларускай прадукцыі — гэта, будзем казаць шчыра, не ягоны абавязак. Але пасля ягонага візіту ў Польшчу ў польскім горадзе Плоньск (Мазавецкае ваяводства) адкрылася зборачная вытворчасць грузавых аўтамабіляў з машынакамплектаў вытворчасці ААТ «МАЗ».

Як паведаміла (як заўсёды, з затрымкай) пасольства Беларусі ў Польшчы, цырымонія адкрыцця вытворчасці адбылася 12 верасня, калі з канвеера сышоў першы грузавік, прызначаны для польскага рынку. На прадпрыемстве плануюць збіраць да 500 адзінак грузавой і пасажырскай тэхнікі ў год. Акрамя таго, у планах супрацоўніцтва ў галіне пастаўкі камплектуючых і запасных частак, павелічэнне долі лакалізацыі ў працэсе зборкі тэхнікі на тэрыторыі Польшчы і Еўрапейскага саюза.

А яшчэ раней Макей падпісаў пагадненне пра стварэнне ў Нігерыі зборачнага прадпрыемства беларускіх трактароў. Паводле слоў Макея, гэты цэх па зборцы трактароў «Беларусь» павінен запрацаваць у канцы года. А таксама Макей заявіў, што Беларусь можа і экспартаваць у Нігерыю грузавую тэхніку МАЗ, ды ўвогуле далучыцца да рэалізацыі праграмы нігерыйскага ўрада ў сферы развіцця прамысловасці.

Калі Макей сыдзе з пасады старшыні МЗС, без працы ён не застанецца. Такога хваткага менеджэра па продажах адарвуць з рукамі ў любой фірме.