У абыход эмбарга: Нарвегія утрая павялічыла экспарт ласося ў Беларусь

За першы тыдзень верасня экспарт свежага ласося з Нарвегіі ў Беларусь павялічыўся ў тры разы, паведамляе нарвежская газета Dagens Naeringsliv



lasos2.jpg

Рыба ў Беларусі пасля перапрацоўкі атрымлівае новы мытны код. Гэта дае магчымасць рээкспартаваць прадукцыю ў Расію. Значныя аб’ёмы нарвежскага ласося паступаюць у Расію праз кампанію Santa Bremor, завод якой па апрацоўцы рыбы знаходзіцца ў беларускім горадзе Брэсце, удакладняе выданне. Падобныя прадпрыемствы ў памежных з Расіяй краінах ёсць не толькі ў Santa Bremor. Як адзначае генеральны дырэктар кампаніі Fjordlaks Аніта Педерсен, адразу пасля ўвядзення санкцый 7 жніўня попыт на ласося ўпаў, але цяпер зноў пачаў расці. Fjordlaks павялічыла пастаўкі не толькі ў Японію, якая з’яўляецца традыцыйным кліентам, але і ў краіны, куды кампанія ласось не пастаўляла, у прыватнасці ў Беларусь.

Нарвегія ў жніўні скараціла экспарт морапрадуктаў у Расію на 82% з-за абмежаванняў на пастаўкі харчавання з Еўропы. Агульныя пастаўкі нарвежскага ласося за мяжу павысіліся ў жніўні на 11% у аб'ёмным выражэнні і на 3% у вартасным, нягледзячы на зніжэнне коштаў.

Расія з’яўляецца трэцім па велічыні імпарцёрам нарвежскага ласося, у ліпені на яе долю прыпадала больш за 9% экспартнай выручкі, або 322 млн. нарвежскіх крон ($ 54 млн). У 2013 Нарвегія экспартавала ў РФ 295 тыс. тон морапрадуктаў, што прынесла каралеўству больш за 6,5 млрд. нарвежскіх крон (каля 780 млн еўра). У 2012 годзе даход склаў 5,9 млрд. (705 млн еўра). За перыяд са студзеня па ліпень гэтага года Нарвегія ўжо экспартавала ў Расію 128 тыс. тон морапрадуктаў на 3,2 млрд. нарвежскіх крон.

Таксама вырас аб’ём экспарту рыбы ў суседнія з Расіяй краіны — Літву, Латвію і Эстонію. За 36-ы тыдзень (1-7 верасня) гэтага года экспарт ласосевых рыб з Нарвегіі ў Эстонію апынуўся ў чатыры разы большы у параўнанні з мінулым годам.

Сёмага жніўня Нарвегія апынулася ў спісе краін, супраць якіх Расія ўвяла санкцыі. Масква забараніла ўвоз прадуктаў, у тым ліку рыбы, з ЗША, ЕС, Нарвегіі, Аўстраліі і Канады.

Раней нарвежскія СМІ паведамлялі, што мясцовыя вытворцы таксама разглядаюць магчымасць адпраўляць у Расію прадукцыю, якая вырабляецца імі ў Чылі.

Між тым, Рыбны саюз Расіі папярэдзіў, што цэны на ласось ў краіне працягнуць расці. «Мы не зможам ва ўмовах уведзенай для Нарвегіі забароны стрымаць цэны на астуджаны ласось, — гэта адзінае найменне, дзе мы распісваемся ва ўласным бяссіллі», — заявіў выканаўчы дырэктар Рыбнага саюза Сяргей Гудкоў.

Як паведамлялася раней, у апошнія тыдні таксама ўзрос імпарт еўрапейскай сельгаспрадукцыі ў Беларусь, што разглядаецца экспертамі як спробы вытворцаў ЕС абысці санкцыі Расіі.

Нагадаем, прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка пасля ўвядзення Расіяй харчовых санкцый паабяцаў не дапусціць рээкспарту ў Расію з Беларусі забароненых прадуктаў і заклікаў айчынных вытворцаў зарабіць грошы на расійскім прадуктовым эмбарга.